Ілюстрацыі. Успомніце. 1. Што такое прыгоннае права?
1. К. Ігельстром, с. 30 § 8. АСАБЛІВАСЦІ БУРЖУАЗНЫХ РЭФОРМ У БЕЛАРУСІ Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ ХІХ ст. Успомніце. 1. Што такое прыгоннае права? 2. Калі адбываўся працэс запрыгоньвання сялян на беларускіх землях? 3. Назавіце прычыны адмены прыгоннага права ў Расіі? 4. Назавіце буржуазныя рэформы, якія праводзіліся ў Расійскай імперыі ў 60–70‑я гг. ХІХ ст. 5. Што такое «прускі» і «амерыканскі» шляхі развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы? 6. Што такое грамадзянскае грамадства? Асаблівасці адмены прыгоннага права ў беларускіх губернях. Першай рэформай на шляху да буржуазнага грамадства ў Расіі стала адмена прыгоннага права. 19 лютага 1861 г. Аляксандр ІІ падпісаў «Маніфест» і зацвердзіў усе заканадаўчыя акты, якія тычыліся адмены прыгонніцтва. Усе гэтыя дакументы можна падзяліць на тры групы: агульныя палажэнні, мясцовыя палажэнні, дадатковыя правілы. Непасрэдна тэрыторыі Беларусі тычыліся два дакументы: «Мясцовае палажэнне аб пазямельным уладкаванні сялян, якія паселены на памешчыцкіх землях у губернях: Вялікарасійскіх, Новарасійскіх і Беларускіх» (пад гэта палажэнне траплялі Магілёўская губерня і большая частка Віцебскай) і «Мясцовае палажэнне аб пазямельным уладкаванні сялян, якія паселены на памешчыцкіх землях у губернях: Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай і частцы Віцебскай» (ахоплівала астатнюю тэрыторыю Беларусі). У Віцебскай і Магілёўскай губернях, дзе захавалася абшчыннае землекарыстанне, устанаўлівалася ніжэйшая (ад 1 да 2 дзесяцін) і вышэйшая (ад 4 да 5,5 дзесяціны) плошча зямлі на адну мужчынскую душу. Калі да рэформы ў карыстанні селяніна зямлі было больш за вышэйшую норму, то памешчык меў права адрэзаць лішак на сваю карысць. У Гродзенскай, Віленскай і Мінскай губернях існавала падворнае землекарыстанне. Тут сялянам пакідаўся іх дарэформенны надзел. Адрэзкі дазвалялася рабіць, калі ў памешчыка заставалася менш за 1/3 усёй зямлі, але сялянскі надзел не мог быць скарочаны больш як на 1/6. Уся зямля ў маёнтку прызнавалася ўласнасцю памешчыка, у тым ліку і тая, якая знаходзілася ў карыстанні сялян. За карыстанне сваімі надзеламі асабіста свабодныя сяляне на працягу не менш як 9 гадоў (да правядзення выкупной аперацыі) павінны былі адбываць паншчыну або плаціць памешчыку аброк. Асабіста свабодныя сяляне, якія працягвалі выконваць павіннасці на карысць памешчыка, называліся часоваабавязанымі. Да правядзення выкупной аперацыі ў Магілёўскай і Віцебскай губернях паншчына за найвышэйшы надзел складала 40 мужчынскіх і 30 жаночых дзён у год (ці 8 рублёў аброку). У заходняй частцы Беларусі павіннасці вызначаліся наступным чынам: для паншчыны — не больш за 23 дні, для аброку — не больш як 3 рублі з дзесяціны ў год. Свой палявы надзел зямлі сяляне выкупалі ва ўласнасць. Правілы выкупной аперацыі былі аднолькавыя для ўсёй Расіі. Выкупная сума за сялянскі надзел вылічвалася так, каб, паклаўшы яе ў банк пад 6 % гадавых, памешчык мог штогод атрымліваць даход, роўны гадавому аброку з гэтага надзелу. Ад 20 да 25 % выкупной сумы (у залежнасці ад велічыні надзелу) сяляне плацілі непасрэдна памешчыку. Астатнюю частку памешчыкі атрымлівалі ад дзяржавы каштоўнымі паперамі, якія можна было прадаваць ці закладваць. У выніку такой аперацыі сяляне станавіліся даўжнікамі дзяржавы. На працягу 49 гадоў трэба было вярнуць доўг у выглядзе выкупных плацяжоў, куды ўключаліся яшчэ і працэнты за пазыку. За гэты час сялянам даводзілася выплаціць да 300 % пазычанай ім сумы. Такім чынам, агульная сума, якую сяляне вымушаны былі заплаціць за атрыманыя надзелы, у 3—4 перавышала рыначны кошт гэтай зямлі. Выходзіла, што сяляне не толькі выкуплялі зямлю, але і кампенсавалі памешчыкам страту іх уласнасці ў асобе селяніна. Істотныя змены ў ажыццяўленне сялянскай рэформы ў Беларусі ўнесла паўстанне 1863—1864 гг. Указ ад 1 сакавіка 1863 г. уводзіў абавязковы выкуп сялянскіх надзелаў у Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай губернях і ў інфлянцкіх паветах Віцебскай губерні. Сяляне пераставалі быць часоваабавязанымі і станавіліся ўласнікамі зямлі, выкупныя плацяжы зніжаліся на 20 %. 2 лістапада 1863 г. гэты ўказ распаўсюджваўся на ўсю Віцебскую і Магілёўскую губерні. 9 красавіка 1863 г. у Беларусі былі створаны павятовыя камісіі для праверкі і выпраўлення ўстаўных грамат. Згодна з цыркулярам ад 18 кастрычніка 1863 г. абеззямеленым у 1846—1856 гг. сялянам выдаваўся трохдзесяцінны сямейны надзел і ў поўным аб’ёме вярталася зямля, адабраная ў іх з 1857 г. Паўстанне 1863—1864 гг. паўплывала і на становішча дзяржаўных сялян у Беларусі. Паводле закона 1867 г. яны пераводзіліся з аброку на выкуп і станавіліся ўласнікамі сваіх надзелаў. Зробленыя ўрадам саступкі палепшылі становішча сялян заходніх губерняў у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расіі і стварылі больш спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталізму ў Літве і Беларусі. Буржуазныя рэформы 1860 – 1870-х гг. і іх вынікі. У 1860—1870-я гг. урад Аляксандра ІІ прыняў шэраг пастаноў аб правядзенні наступных рэформаў: земскай, судовай, гарадской, ваеннай, школьнай і цэнзурнай. Земская рэформа, аб’яўленая 1 студзеня 1864 г., прадугледжвала стварэнне ў паветах і губернях выбарных устаноў для кіраўніцтва мясцовай гаспадаркай, народнай асветай, медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва і іншымі непалітычнымі справамі. Аднак у Беларусі з-за падзей 1863—1864 гг. уводзіць выбарныя ўстановы ўрад не адважыўся. Судовая рэформа, прынятая 20 лістапада 1864 г., у Беларусі пачалася толькі ў 1872 г. з увядзення міравых судоў. Паколькі ў Беларусі адсутнічалі земствы, то міравыя суддзі, у адрозненне ад цэнтральных губерняў Расіі, тут не выбіраліся, а прызначаліся міністрам юстыцыі па рэкамендацыі мясцовай адміністрацыі. Акруговыя суды, судовыя палаты, прысяжныя засядацелі і прысяжныя павераныя з’явіліся ў заходніх губернях толькі ў 1882 г. Спіс прысяжных засядацеляў таксама зацвярджаўся ўладамі. Са спазненнем на 5 гадоў у Беларусі была праведзена гарадская рэформа (у Расіі прынята ў 1870 г.). Яна абвяшчала прынцып усесаслоўнасці пры выбарах органаў гарадскога самакіравання — гарадской думы і гарадской управы на чале з гарадскім галавой. Пры выбарах членаў думы (гласных) права голасу атрымлівалі гараджане з 25-гадовага ўзросту. Аднак гэтым правам маглі карыстацца не ўсе жыхары горада, а толькі тыя, хто плаціў гарадскія падаткі. Рабочыя, служачыя, інтэлігенцыя, якія складалі асноўную масу насельніцтва гарадоў, не мелі магчымасці ўдзельнічаць у гарадскім самакіраванні, бо не плацілі падаткі ў гарадскую казну. Рэфармаванне арміі ў Расіі пачалося ў 1862 г.,калі былі ўтвораны 15 ваенных акруг (у тым ліку і Віленская, у якую ўвайшлі ўсе беларускія губерні) і быў уведзены скарочаны тэрмін службы: у сухапутным войску да сямі і на флоце да васьмі гадоў. У 1867 г. быў прыняты новы ваенна-судовы статут, які зыходзіў з прынцыпаў судовай рэформы 1864 г. Закон 1874 г. увёў замест рэкруцкіх набораў усеагульную воінскую павіннасць. Усе мужчыны з 20-гадовага ўзросту павінны былі служыць у войску (акрамя карэннага насельніцтва Сярэдняй Азіі, Казахстана, Сібіры і Поўначы). У сухапутных войсках тэрмін службы паніжаўся да 6 гадоў абавязковай і 9 гадоў у запасе, на флоце — адпаведна да 7 і 3 гадоў. Таксама ўводзіліся льготы для людзей, якія мелі адукацыю. Тыя, хто скончыў вышэйшыя навучальныя ўстановы, служылі 6 месяцаў, гімназіі — 1,5 года, гарадскія вучылішчы — 3, пачатковыя школы — 4 гады. Рэфармаванне школьнай сістэмы (1864 г.) таксама мела буржуазны характар. Школа абвяшчалася ўсесаслоўнай, павялічвалася колькасць пачатковых школ, уводзілася пераемнасць розных ступеняў навучання. У адрозненне ад цэнтральных губерняў Расіі ў Беларусі не было земскіх школ і грамадскасць не дапускалася да кіраўніцтва народнай адукацыяй. Для Беларусі і Літвы былі выпрацаваны спецыяльныя «Часовыя правілы для народных школ». У адпаведнасці з імі ў кожнай губерні ствараліся дырэкцыі народных вучылішчаў з ліку чыноўнікаў, якія ажыццяўлялі нагляд за работай школ, прымалі на працу і звальнялі настаўнікаў, давалі дазвол на адкрыццё новых школ. Новы цэнзурны статут, прыняты ў 1865 г., значна пашыраў магчымасці друку. Аднак змены ў цэнзурнай палітыцы тычылася перш за ўсё цэнтральных выданняў і выдавецтваў. У Беларусі да сярэдзіны 1880-х гг. усе перыядычныя выданні залежалі ад урадавых устаноў і праваслаўнай царквы. Такім чынам, рэформы 1860—1870-х гг., пачынаючы з адмены прыгоннага права, прывялі да значных змен у палітычным жыцці Расіі. Быў зроблены крок наперад па шляху пераўтварэння феадальнай манархіі ў буржуазную. Разам з тым рэформы неслі ў сабе перажыткі феадалізму, былі непаслядоўныя і абмежаваныя. Вялікія адрозненні і адтэрміноўкі ў правядзенні рэформаў у Беларусі надавалі ім яшчэ больш абмежаваны і непаслядоўны характар у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расіі, рабілі сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў беларускіх губернях складанай і супярэчлівай. Станаўленне прадпрымальніцкай гаспадаркі. Фарміраванне аграрнай буржуазіі. Рэформа 1861 г., праведзеная ў інтарэсах памешчыкаў, абумовіла «прускі» варыянт развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы. У Беларусі яго рысы былі яшчэ больш выразныя. Тут пераважала памешчыцкае землеўладанне, якое мела латыфундыяльны характар. На долю латыфундый (больш за 500 дзесяцін на аднаго ўладальніка) у 1877 г. прыпадала 88,6 % памешчыцкай зямлі. У той жа час больш як 60 % сялянскіх сем’яў Беларусі атрымалі зямельныя надзелы менш за 15 дзесяцін, 32 % — ад 15 да 20 і толькі 8 % — звыш 20 дзесяцін. У выніку малазямелля сялян таварная вытворчасць іх гаспадарак была вельмі нізкай, таму асноўнымі пастаўшчыкамі таварнай прадукцыі ў Беларусі былі памешчыкі. Шмат памешчыцкіх гаспадарак, асабліва на захадзе і ў цэнтры Беларусі, перайшлі на капіталістычны шлях развіцця, у іх адкрываліся вінакурныя, цагельныя, смалакурныя заводы, млыны, лесапільні. Спецыялізацыя сельскай гаспадаркі Беларусі. Аб развіцці капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі ў другой палове ХІХ ст. сведчыць паступовая спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці. У першыя два дзесяцігоддзі пасля рэформы найважнейшай галіной земляробства заставалася вытворчасць збожжа. Аднак у выніку сусветнага аграрнага крызісу 1880—1890-х гг. цэны на яго рэзка панізіліся (толькі за 1880-я гг. больш як у 2 разы). Гэта прымусіла беларускіх памешчыкаў пераходзіць на вытворчасць прадуктаў, што давалі большы прыбытак. У 1890-я гг. галоўнай галіной у сельскай гаспадарцы Беларусі стала малочная жывёлагадоўля. У краі з’явіліся высокапрадукцыйныя пароды кароў (галандская, сіментальская, цірольская і інш.) і спецыяльныя фермы для іх гадоўлі. Многія памешчыкі адкрывалі ў сваіх маёнтках сыраварні і масларобчыя заводы. У канцы ХІХ ст. у Беларусі ўжо налічвалася не менш за 200 масларобчых і сыраварных заводаў, на якіх штогод выраблялася ад 500 да 650 тыс. пудоў масла і сыру. Другім важным кірункам спецыялізацыі памешчыцкіх гаспадарак Беларусі было вінакурэнне, якое мела гандлёвы характар. Ад продажу спірту памешчыкі атрымлівалі буйныя даходы. У 1905 г. у пяці беларускіх губернях налічвалася 536 вінакурных заводаў. Асноўнай сыравінай для вырабу спірту з’яўлялася бульба. Адходы ад вінакурэння — брага — выкарыстоўваліся на корм жывёле. З сярэдзіны 1860-х гг. у памешчыцкіх гаспадарках інтэнсіўна развівалася свінагадоўля. У Мінскай і Гродзенскай губернях значнага развіцця дасягнула танкарунная авечкагадоўля. Але пазней, з-за канкурэнцыі больш таннай воўны з паўднёвых раёнаў Расіі і Аўстраліі, авечкагадоўля ў Беларусі пачала прыходзіць у заняпад. Яшчэ адным кірункам спецыялізацыі памешчыцкай гаспадаркі з’яўлялася вытворчасць тэхнічных культур. Сярод іх першае месца займала бульба. Плошча пад яе пасевамі за 1881—1899 гг. узрасла ў 2,5 раза. Другое месца пасля бульбы ў памешчыцкіх гаспадарках Беларусі належала лёну. За апошнія два дзесяцігоддзі ХІХ ст. плошча пад пасевы гэтай культуры павялічылася на 48,5 %. Вытворчасць лёну, асабліва ў Віцебскай губерні, мела пераважна гандлёвы характар. Значнае месца ў беларускіх губернях у канцы ХІХ ст. займала прамысловае садоўніцтва і агародніцтва.
|