Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку
1. Запоўніце табліцу “Эканамічнае развіццё Беларусі ў першай палове ХІХ ст. Вызначце феадальныя і капіталістычныя рысы ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці Беларусі ў першай палове ХІХ ст. Зрабіце вывад. “Эканамічнае развіццё Беларусі ў першай палове ХІХ ст.”
2. Прааналізуйце аграрныя рэформы П.Дз. Кісялёва па плану: прычыны, сутнасць, вынікі. 3. Устанавіце прычынна-выніковыя сувязі паміж: а) крызісам феадальна-прыгонніцкай сістэмы і крызісам прамысловасці; б) крызісам феадальна-прыгонніцкай сістэмы і марудным развіццём сельскай гаспадаркі; в) феадальна-прыгонніцкай сістэмай і вузкім унутраным рынкам. Ілюстрацыі: 1. П. Дз. Кісялёў (партрэт), с. 34. 2. Беларуска. Мастак М. Мікешын, с. 41. 3. Пакаранні сялян памешчыкамі. Мастак М. Тутыеў, с. 43. 4. Віцебск у пачатку XIX ст. З гравюры сярэдзіны XIX ст., с. 46. 5. Мінск у пачатку XIX ст. Саборная плошча. 1840 г., мастак Б. Лавернь, с. 47.
§7. Грамадска-палітычны рух у Беларусі ў першай палове XIX ст. Успомніце. 1. Якая частка польскіх зямель была перададзена Расіі рашэннем Венскага кангрэса? 2. Якую палітыку праводзіў царскі ўрад у адносінах да розных слаёў насельніцтва беларускіх зямель у пачатку ХІХ ст.? Польскія і расійскія дваранскія рэвалюцыянеры ў Беларусі. Знішчэнне імперыі Напалеона і ўсталяванне новага міжнароднага парадку, які атрымаў назву «венскай сістэмы», прымусіла кіруючыя колы манархічных краін Еўропы ўсвядоміць неабходнасць хутчэйшых сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў. Новыя палітычныя тэндэнцыі не абмінулі Расію. У 1815 г. уведзенаКанстытуцыя ў Царстве (Каралеўстве) Польскім. Але найбольш радыкальная частка шляхты былой Рэчы Паспалітай не магла змірыцца з існаваннем куртатага дзяржаўнага ўтварэння. На яе тэрыторыі, а таксама ў Беларусі ўзнікалі канспіратыўныя рэвалюцыйныя суполкі. Пашырэнне тайных арганізацый было звязана з адраджэннем у Царстве Польскім легальнай дзейнасці масонаў, якія паставілі мэту аднавіць незалежную «Польшчу ў магчыма больш шырокіх межах». Для яе рэалізацыі меркавалася стварыць аддзяленні таварыства ў кожнай правінцыі былой Рэчы Паспалітай. У маі 1821 г. таварыства было пераўтворана ў тайную арганізацыю з назвай «Патрыятычнае таварыства». У канцы 1817 г. студэнты Віленскага універсітэта А. Міцкевіч, Я. Чачот, Ю. Яжоўскі і іншыя заснавалі тайнае патрыятычнае Таварыства філаматаў (прыхільнікаў ведаў), члены якога спачатку ставілі асветніцка-культурныя мэты. Паступова філаматы прыйшлі да ідэі карэнных сацыяльна-эканамічных рэформаў: ліквідацыі прыгоннага права, увядзення канстытуцыйнага кіравання. У 1818 г. філаматы пашырылі сферу сваёй дзейнасці, заснаваўшы філіялы – «Таварыства прамяністых» і «Саюз літаратараў». У 1819 г. у Свіслацкай гімназіі ўзнікла «Таварыства аматараў навук», члены якога прапаведавалі ідэі волі і роўнасці. На працягу 1817–1823 гг. у асяроддзі студэнцкай моладзі Каралеўства Польскага і беларускіх губерняў існавала каля 50 тайных згуртаванняў. У канцы 1820 г. філаматы заснавалі новую тайную арганізацыю філарэтаў (аматараў дабрачыннасці). Гэта таварыства аб'ядноўвала больш шырокія колы моладзі далёка за межамі Вільні. Галоўная мэта філарэтаў – аднаўленне Рэчы Паспалітай і адмена прыгону. Члены таварыства імкнуліся да вывучэння беларуска-літоўскага краю, яго гісторыі, фальклору, побыту насельніцтва. У асяроддзі віленскай моладзі ўзнікалі і планы ўзброенага выступлення. Даведаўшыся аб існаванні тайных студэнцкіх арганізацый, улады выслалі дзевяць філарэтаў і адзінаццаць філаматаў (у тым ліку А. Міцкевіч, Т. Зан, І. Дамейка) ва ўнутраныя губерні Расіі. Ад працы ў Віленскім універсітэце былі адхілены І. Лялевель, І. Даніловіч, М. Баброўскі. Сваіх пасад пазбавіліся рэктар універсітэта Ю. Твардоўскі і апякун Віленскай навучальнай акругі А. Чартарыйскі. У 1824–1825 гг. урад, улічваючы тое, што цэнтрамі большасці тайных таварыстваў былі навучальныя ўстановы, прымаў меры па наглядзе за навучэнцамі. Згодна з указам Аляксандра І, жыхарам Беларусі і Літвы забаранялася адпраўляць дзяцей на вучобу ў Гайдэльбергскі, Іенскі, Гесенскі і Вюртэмбергскі універсітэты. Пасля паўстання Сямёнаўскага палка ў Пецярбургу ў 1820 г. у Беларусь былі пераведзены гвардзейскія часці, у якіх служылі будучыя дзекабрысты А. Бястужаў, М. Лунін, А. Адаеўскі, К. Рылееў і інш. Падчас знаходжання ў Мінску М. Mypaўёў, кіpaўнік «Паўночнага таварыства», напісаў свой першы варыянт канстытуцыі. У Віцебску жыў і вучыўся будучы дзекабрыст, сябра «Таварыства з’яднаных славян» І. Гарбачэўскі. Распрацоўваўся план паўстання ў Бабруйскай крэпасці, якое павінна было даць штуршок дзяржаўнаму перавароту ў Расіі. У 1825–1826 гг. у Магілёве існавала ўправа Паўночнага таварыства, арганізаваная па ініцыятыве М. Нарышкіна ад’ютантамі галоўнакамандуючага 1-й арміі В.А. Мусіным-Пушкіным і П.П. Цітовым. У Гродзенскай губерні дзейнічалі тайныя «Таварыства сяброў» (1822–1826) і «Таварыства ваенных сяброў» (1825–1826). Апошняе па ініцыятыве К.Г. Ігельстрома і А.І. Вягеліна 24 снежня 1825 г. падняло паўстанне Літоўскага піянернага (сапёрнага) батальёна. У пачатку лютага 1826 г. спрабаваў падняць паўстанне ў Бабруйскай крэпасці С. Трусаў. Дзекабрысты і члены мясцовых тайных таварыстваў спрабавалі наладзіць супрацоўніцтва. Аднак пытанне аб самастойным развіцці Беларусі не ўздымалася. Пасля разгрому дзекабрыстаў 15 чалавек прайшлі праз ваенна-судовую камісію, якая працавала ў Магілёве. Другім цэнтрам следства і суда над дзекабрыстамі быў Беласток. Бабруйская крэпасць стала «турмой на Бярэзіне» для 20 дзекабрыстаў, у тым ліку І. Бурцова, В. Норава, С. Трусава і інш. Польскае паўстанне 1830–1831 гг. на беларускіх землях. У лістападзе 1830 г. у Варшаве шляхецкія рэвалюцыянеры паўсталі супраць расійскага самадзяржаўя. Прычынамі паўстання былі як незадаволенасць шляхты падзеламі Рэчы Паспалітай, так і парушэнні царскім урадам Канстытуцыі 1815 г. Рэвалюцыйна-дэмакратычныя сілы Польшчы адстойвалі лозунгі буржуазна-дэмакратычных пераўтварэнняў, але кіраўніцтва паўстаннем прынялі польскія арыстакраты. Абапіраючыся на армію Царства Польскага і дапамогу заходнееўрапейскіх краін, яны імкнуліся дамагчыся незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Пры гэтым, на іх думку, Беларусь павінна была ўліцца ў склад незалежнай Польшчы. Царскі ўрад імкнуўся не дапусціць пашырэння паўстання. У Беларусі, Літве і Украіне было ўведзена ваеннае становішча. Аднак у пачатку красавіка 1831 г. паўстанне дасягнула Літвы і Беларусі (Ашмянскі, Браслаўскі, Дзісенскі і Вілейскі паветы). Ядро паўстанцаў складалі шляхта, навучэнцы, афіцэры-палякі, каталіцкае і уніяцкае духавенства. У паўстанні ўдзельнічалі каля 10 тыс. чалавек. Падзеі развіваліся пераважна стыхійна, хоць і быў створаны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. Сяляне і мяшчане мабілізоўваліся ў паўстанцкія атрады найчасцей пад прымусам і не былі зацікаўлены ваяваць без вырашэння сваіх сацыяльных праблем. У той жа час імперскія ўлады абяцалі ім вызваленне ад паноў-паўстанцаў. Вузкія палітычныя мэты кіраўнікоў паўстання абумовілі адсутнасць значнай падтрымкі яго з боку насельніцтва. Тым не менш у Беларусі і Літве дзейнічалі каля трыццаці партызанскіх атрадаў, якія налічвалі 12 тыс. чалавек. Найбольш буйнымі былі атрады пад кіраўніцтвам С. Радзішэўскага ў Вілейскім павеце (3,3 тыс. чал.), В. Брахоцкага ў Дзісенскім павеце (3 тыс. чал.), К. Пшаздзецкага ў Ашмянскім павеце (2,5 тыс. чал.), Ю. Кашыца і М. Мяржэўскага ў Навагрудскім (1 тыс. чал.). На дапамогу ім прыйшлі рэгулярныя польскія войскі на чале з генераламі Д. Хлапоўскім і А. Гелгудам. Кульмінацыяй паўстання стала бітва за Вільню 19 чэрвеня 1831 г., у якой аб’яднаныя паўстанцкія сілы краю разам з прысланым на дапамогу польскім корпусам не змаглі перамагчы расійскае войска. У жніўні 1831 г. паўстанне было падаўлена па ўсёй Беларусі і Літве, а потым і ў Польшчы. Многія яго ўдзельнікі аддадзены пад суд. У шляхціцаў канфіскоўваліся маёнткі, асоб недваранскага паходжання аддавалі ў салдаты ці ссылалі ў Сібір. Сваіх маёнткаў пазбавіліся таксама магнаты, якія валодалі тысячамі прыгонных (Агінскія, Плятэры, Радзівілы, Сапегі, Чартарыйскія і інш.). На тэрыторыі Беларусі ў 1837 г. лічыліся канфіскаванымі 115 маёнткаў з больш як 38 тыс. сялян-мужчын. Але і пасля гэтых падзей хваляванні ў Беларусі і ў Літве не сціхлі. Дзейнасць тайных таварыстваў у Беларусі ў 30-40-ыя гг. XIX ст. У 1836 г. па ініцыятыве Ф. Савіча пры Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі ўтварылася адна з найбольш радыкальных у Беларусі і Літве тайных суполак – «Дэмакратычнае таварыства». У 1837 г. Савіч наладзіў сувязі з Пінскай і Слуцкай ячэйкамі тайнага таварыства «Садружнасць польскага народа», якое ўзначальваў польскі рэвалюцыянер-дэмакрат Ш. Канарскі. У «Прынцыпах дэмакратызму» (статуце «Дэмакратычнага таварыства») былі абвешчаны ідэі сацыяльнай роўнасці, вызвалення сялян з зямлёй ад прыгоннай залежнасці, права кожнага народа на нацыянальную самастойнасць. У 1838 г. «Дэмакратычнае таварыства» было выкрыта, а праз год Ф. Савіч высланы на Каўказ у дзеючую армію. У 1846–1849 гг. у Ашмянах, Вільні, Гродне, Лідзе і Мінску дзейнічалі суполкі тайнай арганізацыі «Саюз свабодных братоў», якая мела на мэце сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, барацьбу за свабодную Польшчу і Расію. Такім чынам, галоўнай арганізацыйнай формай рэвалюцыйнага грамадска-палітычнага руху на беларускіх землях у 1810–1840‑я гг. былі тайныя гурткі, таварыствы і суполкі. Яны існавалі ў Віленскім універсітэце, гімназіях Беластока, Свіслачы, часцях Літоўскага асобнага корпуса і ставілі палітычнай мэтай адраджэнне Рэчы Паспалітай з аўтаномным Вялікім княствам Літоўскім у яе складзе. Змены ва ўрадавай палітыцы ў Беларусі ў 1830 – 1850 гг. Шырокае распаўсюджванне рэвалюцыйнага руху прадвызначыла новы курс урадавай палітыкі на тэрыторыі Беларусі. Яго ідэалагічным абгрунтаваннем стала ідэалогія “заходнерусізма”, накіраваная на адраджэнне “спрадвечна рускіх” пачаткаў у жыцці беларускага грамадства. Гэта палітыка абапіралася на светапогляд той часткі насельніцтва Беларусі, якая не аддзяляла сябе ад рускага народа і свой гістарычны лёс непарыўна звязвала з мінулым, сучасным і будучым Расіі. Новы курс выявіўся ў тым, што беларускія губерні былі зліты з Расіяй. Так, указам ад 1 студзеня 1831 г. уведзена расійскае заканадаўства ў Магілёўскай і Віцебскай губернях. 16 верасня 1831 г. створаны «Асобы камітэт па справах заходніх губерняў», які распрацоўваў і ажыццяўляў мерапрыемствы па пашырэнні расійскага ўплыву на ўсе сферы жыцця Беларусі. У 1840 г. адменена дзеянне Літoўскага Статута. Адначасова была праведзена адміністрацыйная рэформа. Яе вынікам стаў указ 18 ліпеня 1840 г., які прадпісаў замест агульнага наймення беларускіх і літоўскіх губерняў выкарыстоўваць іх назвы: Віцебская, Магілёўская, Віленская і Гродзенская. Назвы «Белоруссия» і «белорусский край» не выключаліся, аднак, з афіцыйнага ўжытку, паколькі мелі агульны корань «рос», які сведчыў, з пункту гледжання расійскага ўрада, аб адзінстве паходжання «трох плямён рускага народа». Пасля ўступлення на прастол імператара Мікалая І пачаліся змены ў сістэме асветы. У аснову народнай асветы быў пакладзены прынцып строгай саслоўнасці, што знайшло ажыццяўленне ў «Статуце навучальных устаноў» (1828). Згодна з ім, пачатковая і сярэдняя адукацыя мела тры катэгорыі: для дзяцей ніжэйшага саслоўя (сялян) прызначаліся аднакласныя прыходскія вучылішчы з элементарнай праграмай навучання; для сярэдняга саслоўя – трохкласныя вучылішчы з больш шырокай праграмай пачатковага навучання; для дзяцей дваран і чыноўнікаў уводзіліся сямікласныя гімназіі, заканчэнне якіх давала права на паступленне ва універсітэты. У адпаведнасці з палажэннем «Статута» (1828) была створана Беларуская навучальная акруга (1829). Дадатковыя палажэнні Статута 1828 г. тлумачылі мэту яе стварэння – «неабходнасць навучання юнакоў у адпаведнасці з асаблівасцямі Беларусі» і прадпісвалі «навучаць роднай мове». У новую вучэбную акругу ўвайшлі Віцебская, Магілёўская, а ў 1831 г. – і Мінская губерні. Цэнтр навучальнай акругі знаходзіўся ў Віцебску, яе апекунамі былі вядомы матэматык Р.І. Карташэўскі (1829–1835) і былы дырэктар вучылішчаў Закаўказскай вобласці і Тыфліскага шляхецкага пансіёна Е.А. Грубер (1836–1850). Пасля паўстання 1830–1831 гг. апекуну акругі рэкамендавалася ў свецкіх вучылішчах перайсці да выкладання ўсіх прадметаў на рускай мове. Каб зблізіць тутэйшых жыхароў з «прыроднымі рускімі», ў маі 1832 г., у сувязі з закрыццём Віленскага універсітэта, была ліквідавана Віленская навучальная акруга – навучальныя ўстановы Віленскай, Гродзенскай губерняў і Беластоцкай вобласці ўвайшлі ў склад Беларускай навучальнай акругі. Каб кампенсаваць закрыццё Віленскага універсітэта, меркавалася стварыць у Оршы вышэйшае вучылішча для дзяцей дваран, а пазней пераўтварыць яго ў вышэйшую навучальную ўстанову. Але ў ходзе паўстання пачатая справа была спынена. Польская мова, між іншым, была выключана з праграм адукацыі. Толькі ў заходніх губернях навучальнай акругі яна вывучалася як асобны прадмет па скарочанай праграме. Выпускнікам Віленскага універсітэта забаранялася выкладаць у мясцовых школах. Падрыхтоўку выкладчыкаў для Беларусі пачала весці настаўніцкая семінарыя, створаная ў 1834 г. у Віцебску. Важнай падзеяй у галіне асветы было адкрыццё ў 1840 г. Горы-Горацкай земляробчай школы, пераўтворанай у 1848 г. у земляробчы інстытут. Адметнай рысай мясцовай сістэмы асветы стала пашырэнне ваенна-вучэбных устаноў. Калі ў эпоху Аляксандра І былі юнкерскія вучылішчы ў Бабруйску, Дынабургу і Магілёве, то пры Мікалаі І адкрыліся яшчэ і кадэцкія карпусы ў Полацку (1835) і Брэсце (1842). Яны разглядаліся расійскім урадам як сродак выхавання дваранства ў духу вернасці самадзяржаўю, таму напалову камплектаваліся з дваранства беларускіх губерняў. У 1827–1830 гг. праведзены мерапрыемствы, скіраваныя на рэфармаванне уніяцкай царквы і збліжэнне яе з праваслаўнай. Была створана асобная грэка-уніяцкая калегія, чатыры уніяцкія епархіі рэарганізаваны ў дзве – Беларускую і Літоўскую. У прапаведніцкай практыцы прадпісвалася выкарыстоўваць «мясцовы дыялект». У аснову адукацыі дзяцей уніятаў была пакладзена праваслаўная сістэма навучання. У Віленскую каталіцкую семінарыю прымаць уніятаў забаранялася. Для іх у 1828 г. была створана асобная семінарыя ў Жыровічах (каля Слоніма). Паўстанне 1830–1831 гг. вызначыла лёс уніяцкай царквы. У студзені 1837 г. кіраванне ёю перайшло да Свяцейшага Сінода. 12 лютага 1839 г. у Полацку падпісаны «Саборны акт» аб уз’яднанні цэркваў. «Сінадальны ўчынак» зацвердзіў імператар Мікалай І. Уніятам былі пакінуты тыя абрады і звычаі, што не супярэчылі сутнасці праваслаўя. Усяго ў 1839 г. аб’ядналася каля 1,5 млн вернікаў. Пытанні і заданні для самаправеркі: 1. Якія змены адбыліся ў становішчы польскіх зямель у складзе Расіі ў 1815 годзе? 2. Назавіце тайныя арганізацыі, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі ў 10–40-х гг. ХІХ ст. Якімі былі іх мэты? 3. Калі пачалося шляхецкае паўстанне на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Беларусі? Якімі былі яго прычыны і вынікі?
|