Студопедия — Беларусь у складзе Расійскай імперыі.
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Беларусь у складзе Расійскай імперыі.






Успомніце. 1. Як доўга беларускія землі знаходзіліся ў складзе Рэчы Паспалітай? 2. Якой была сацыяльна-эканамічная, культурная, канфесійная палітыка Рэчы Паспалітай на беларускіх землях? 3. Якой была галоўная мэта знешняй палітыкі Напалеона? 4. Якімі былі ўмовы Тыльзіцкага міру?

Адміністрацыйна-тэрытарыяльныя падзелы. У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай (1772; 1793; 1795) беларускія землі з насельніцтвам каля 3 млн. чалавек увайшлі ў склад паўночна-заходняга рэгіёну Расійскай імперыі. Паводле праведзенай у 1796 г. адміністрацыйнай рэформы тут утварыліся губерні: Беларуская з губернскім горадам Віцебскам; Мінская з губернскім горадам Мінскам і Літоўская з губернскім горадам Вільняй. У выніку новага адміністрацыйнага падзелу Расіі (1801–1802 гг.) Беларуская губерня была падзелена на Магілёўскую і Віцебскую; яны ўвайшлі ў склад Беларускага ваеннага губернатарства(па 1822 г.), якое пазней было пераўтворана ў генерал-губернатарства Віцебскае, Магілёўскае, Смаленскае і Калужскае (па 1856 г.). Літоўская губерня падзялілася на Гродзенскую і Віленскую, якія склалі разам з Мінскай губерняй Літоўскае (Віленскае) генерал-губернатарства(па 1912 г.). У час паўстання 1830–1831 гг. і некалькі год пасля яго Мінская губерня мела статус асобнага генерал-губернатарства (1831–1834). Канчаткова тэрытарыяльна-адміністрацыйнае дзяленне Беларусі – у складзе пяці губерняў: Магілёўскай, Віцебскай, Гродзенскай, Віленскай і Мінскай – замацавалася ў 1843 г. і заставалася такім да першай сусветнай вайны.

Кіраванне далучанымі беларускімі землямі. Пасля далучэння на беларускія землі былі распаўсюджаны агульныя прынцыпы расійскага кіравання. Асаблівасцю беларускіх губерняў была наяўнасць інстытута генерал-губернатарства, абумоўленага іх аддаленасцю ад сталіцы і памежным станам. Генерал-губернатары з’яўляліся даверанымі асобамі імператара і мелі амаль неабмежаваныя паўнамоцтвы. Выканаўчая ўлада належала губернатарам, якія кіравалі праз канцылярыі ў складзе віцэ-губернатара, дарадчыкаў, пракурора, сакратароў і іншых чыноўнікаў. Як правіла, вышэйшыя пасады займалі рускія чыноўнікі; на іншыя дапушчаліся мясцовыя ўраджэнцы. Дваране-католікі, якія жадалі паступіць на дзяржаўную службу, павінны былі прайсці абавязковую 5-гадовую «стажыроўку» ў вялікарасійскіх губернях.

Для вырашэння грамадзянскіх спраў расійскім урадам быў пакінуты Статут Вялікага княства Літоўскага. Аднак у 1831 г. указам Мікалая I яго дзеянне было скасавана ў Віцебскай і Магілёўскай губернях, а ў 1840 г. – на ўсёй астатняй тэрыторыі Беларусі. Замест Статута ўводзіўся "Збор законаў Расійскай імперыі", што спрыяла фармаванню адзінай прававой прастроры.

Сацыяльная і канфесiйная палiтыка. Сацыяльная і канфесійная палітыкаРасійскай імперыі на беларускіх землях была скіравана на стварэнне апоры сярод вышэйшых прывілеяваных саслоўяў – дваранства, духавенства, купецтваі нешматлікай групы ганаровых грамадзян. Усе яны вызваляліся ад цялесных пакаранняў, такіх дзяржаўных павіннасцей як рэкрутчына, падушны падатак і інш. Улічваючы гістарычныя асаблівасці, расійскі ўрад дыферэнцыравана падыходзіў да розных груп беларускага дваранства. У адносінах да драбнейшых яго слаёў, што складалі абсалютную большасць прывілеяванага саслоўя, праводзіўся так званы «разбор» шляхты (з 1772 г.): шляхціцы, што не змаглі дакументальна падцвердзіць сваё дваранскае паходжанне, прыпісваліся да розных груп падатковага саслоўя. З-за складанай юрыдычнай сістэмы доказаў дваранскага паходжання «разбор» праводзіўся марудна. З пачатку XIX ст. адным са шляхоў паслаблення пазіцый дробнага дваранства было скарачэнне органаў дваранскага самакіравання.

Важным крокам па ўмацаванні пазіцый расійскага ўрада на беларускіх землях з'явілася канфіскацыя маёнткаў у мясцовай шляхты за ўдзел у антыўрадавай дзейнасці. Канфіскацыі праводзіліся ў некалькі этапаў. У 1773 – 1775 гг. яны закранулі тых, хто не захацеў прынесці прысягу расійскаму імператару, пазней – удзельнікаў паўстання Т. Касцюшкі, у 1812–1813 гг. – здраднікаў ў вайне 1812 г.

У час царавання Аляксандра І беларускіх памешчыкаў зацікавіла вырашэнне сялянскага пытання. Той факт, што ў Остзейскім краі (частка Латвіі) у 1816–1819 гг., сяляне вызваляліся асабіста, але памешчык заставаўся ўласнікам усіх зямельных угоддзяў, умацавала жаданне памешчыкаў памежных раёнаў вызваліць сялян без зямлі. Дваранства Віцебскай губерні стварыла камітэт для выпрацоўкі адпаведнага Палажэння, аднак работа над ім не была завершана.

Спробай вырашыць сялянскае пытанне было і ўвядзенне ў Магілёўскай і Віцебскай губернях па ініцыятыве А. Аракчэева ваенных пасяленняў, якія павінны былі ператварыць сялян у ізаляваную ваенную касту, што забяспечвала сябе харчаваннем і з’яўлялася апорай ураду. Аднак гэты вопыт быў няўдалы.

Задачай канфесійнай палітыкі ў Беларусі было ўзмацненне пазіцый праваслаўя. З далучэннем Беларусі да Расійскай імперыі мясцовая праваслаўная царква перайшла пад юрысдыкцыю расійскага Свяцейшага Сінода на чале з обер-пракурорам – прадстаўніком імператара. На беларускіх землях існавалі Магілёўская (створана ў 1632 г.), Мінская (створана ў 1793 г.), Віцебская (створана 1833 г.) і Літоўская (створана ў 1845 г.) епархіі. Вернікамі былі ў асноўным прыгонныя сяляне, бедная шляхта і мяшчане. Праваслаўная царква знаходзілася ў цяжкім матэрыяльным стане.

Шырокай свабодай у беларускіх губернях карысталася каталіцтва і нават пратэстантызм. Езуіты мелі права займацца місіянерскай дзейнасцю. У Магілёве, Мсціслаўлі, Чачэрску, Віцебску, Дзвінску і Оршы былі адкрыты езуіцкія калегіі. Загадам ад 12 студзеня 1812 г. Полацкай езуіцкай калегіі нададзены статус акадэміі з правамі універсітэта. Пасля вайны 1812 г., падчас якой каталіцкае духавенства супрацоўнічала з акупацыйнай адміністрацыяй, езуіты былі выгнаны з Расіі, а іх маёмасць канфіскавана. У 1820 г. была закрыта і Полацкая езуіцкая акадэмія.

Пад ціскам мясцовых памешчыкаў-католікаў распачаўся пераход уніятаў у каталіцтва. Толькі ў Полацкай архіепіскапіі ў 1803 г. лацінскі абрад прынялі каля 100 тыс. вернікаў. Каб захаваць цэласнасць уніяцкай царквы, указам Аляксандра І ад 16 ліпеня 1805 г. у Рыма-каталіцкай калегіі быў створаны уніяцкі дэпартамент, які ўзначальваў архіепіскап Іраклій Лісоўскі. Годам пазней І. Лісоўскі быў прызначаны уніяцкім мітрапалітам.

Вайна 1812 г. і яе вынікі для Беларусі. Напярэдадні вайны імператар Аляксандр І, каб забяспечыць падтрымку з боку дваранства Літвы і Беларусі, істотна знізіў падаткі і выказаў жаданне аднавіць цэласнасць краю пад эгідай Расіі. Па даручэнні імператара ў 1811 г. магнаты М. Агінскі, К. Любецкі, К. Плятэр і інш. склалі праект «Палажэння аб кіраванні аўтаномным Вялікім княствам Літоўскім». У склад апошняга мусілі ўвайсці ўсе тэрыторыі, што адышлі да Расіі ад былой Рэчы Паспалітай.

Расійскі ўрад ведаў пра падрыхтоўку Напалеона да вайны і прымаў меры для абароны краіны. Паскорана паднаўляліся крэпасці і ўмацаванні, будаваліся новыя. У Літве, Беларусі і Паўночнай Украіне дыслацыраваліся тры рускія арміі: 1-я – генерала М. Б. Барклая дэ Толі ў Віленскай губерні, па лініі Расоны – Ліда; 2-я – генерала П. І. Баграціёна ў Гродзенскай губерні, паміж Нёманам і Бугам; 3-я – генерала А. П. Тармасава – ў Валынскай губерні закрывала французам шлях на Кіеў. Паводле плана, распрацаванага саветнікам Аляксандра І прускім генералам К. Фулем, рускія арміі размяшчаліся на фронце ў 600 км і былі адарваны адна ад адной на 100–200 км, што стварала рэальную пагрозу разгрому іх паасобку.

24 чэрвеня 1812 г. 600-тысячная армія Напалеона перайшла граніцу з Расіяй у раёне Коўна. Яна перавышала па колькасці рускую армію амаль у тры разы. У яе склад увайшоў значны лік польскіх вайскоўцаў (каля 60–70 тыс. чалавек); быў сфарміраваны корпус пад камандаваннем князя Ю. Панятоўскага. Князь Дамінік Радзівіл за свой кошт стварыў трохтысячны уланскі полк.

Напалеон спадзяваўся разбіць рускія войскі ў прыгранічных раёнах і прымусіць Расію заключыць мір. У пачатку вайны расійскае камандаванне на нарадзе ў Дрысенскім лагеры прыняло рашэнне не ўступаць у вырашальную бітву да аб’яднання 1-й і 2-й армій у Віцебску. Армія Барклая дэ Толі адыходзіла да Віцебска праз Вільню – Свянцяны – Дрысу – Полацк. Для прыкрыцця пецярбургскага напрамку ў Дрысенскім лагеры быў пакінуты корпус П. Вітгенштэйна. 2‑я армія П. І. Баграціёна, якая адступала ў напрамку Ваўкавыск – Слонім – Навагрудак – Нясвіж – Магілёў, апынулася ў асабліва цяжкім становішчы, страціўшы сувязі з асноўнымі рускімі войскамі.

28 чэрвеня 1812 г. французская армія заняла Вільню. У чэрвені–ліпені адбыліся жорсткія баі каля вёсак Вароны, Закрэўшчына, Гудзявічы Гродзенскай губерні, пад мястэчкамі Вішнева, Карэлічы Віленскай губерні, паблізу мястэчка Мір і Раманава Мінскай губерні, каля мястэчка Астроўна і вёскі Кукавячыны Віцебскай губерні, пад Клясціцамі каля Полацка. 27 ліпеня А. Тармасаў разбіў пад Кобрынам саксонскі корпус Ж. Рэнье і знішчыў больш за 6 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка. Аднак 1-й і 2-й расійскім арміям не ўдалося злучыцца ў раёне Віцебска. Корпус Даву апярэдзіўшы іх, заняў Магілёў і каля вёскі Салтанаўка адрэзаў шлях да злучэння. П. Баграціён пераправіў армію праз Днепр каля Нова-Быхава і выратаваў яе ад разгрому. Чарговым пунктам сустрэчы рускіх армій быў прызначаны Смаленск.

Амаль уся Беларусь, апрача паўднёвых паветаў, кантралявалася французскім камандаваннем. Але ўжо на пачатку вайны Напалеон мусіў пакідаць значныя сілы ў гарнізонах, асабліва ў Вільні, Мінску, Віцебску. Напалеонаўская армія разам з хворымі і дэзерцірамі страціла да 150 тыс. чалавек.

У захопленай Вільні па распараджэнні Напалеона быў утвораны Часовы ўрад пад назвай «Камісія Вялікага княства Літоўскага», якому падпарадкоўваліся Віленская, Гродзенская, Мінская губерні і Беластоцкая вобласць. У склад Камісіі ўвайшлі мясцовыя землеўласнікі і палітычныя дзеячы: С. Солтан (старшыня), К. Прозар, Ю. Серакоўскі, А. Сапега, А. Патоцкі, Я. Снядэцкі. Часовы ўрад павінен быў перш за ўсё забяспечваць усім неабходным французскую армію. Яго функцыямі былі: збор падаткаў і размеркаванне бюджэтных сум, арганізацыя ўзброеных сіл, фарміраванне жандармерыі і суда. Вышэйшая ваенная ўлада ў Княстве належала прызначанаму 8 ліпеня генерал-губернатару графу Дзірку ван Гогендорпу, а ў кожным дэпартаменце (адзінкі новага адміністрацыйнага падзелу) дзейнічаў ваенны губернатар. Для Віцебскай і Магілёўскай губерняў было вызначана асобнае «польскае праўленне». Нягледзячы на просьбы польскага сейма аднавіць Польскае каралеўства ў старых межах, Напалеон ухіляўся ад прамога адказу, бо не жадаў, каб паміж ім і Аляксандрам І паўставала непераадольная перашкода для заключэння міру. Літоўска-беларуская шляхта не жадала аб’яднання з Польшчай, бо марыла аб стварэнні самастойнай дзяржавы. Таму Напалеон не далучыў тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага да герцагства Варшаўскага.

Насельніцтва Беларусі да французаў ставілася неадназначна. Шляхта амаль усюды ўспрымала іх як вызваліцеляў ад расійскіх захопнікаў. Падтрымку Напалеону аказвала і каталіцкая царква. На сялян жа лёг асноўны цяжар вайны. Новая ўлада не толькі не адмяніла прыгон, але і павялічыла паборы з сялян, чым выклікала варожасць апошніх. Жыхары многіх вёсак стваралі ў тыле акупантаў партызанскія атрады. Найбольш вядомыя з іх – атрады вёсак Стараселле, Мажаны, Есьманы і Кляўкі ў Барысаўскім, Варанкі ў Дрысенскім, Жарцы ў Полацкім паветах і інш. 18 ліпеня Аляксандр І падпісаў у Полацку маніфест аб скліканні народнага апалчэння.

22 ліпеня 1812 г. арміі Баграціёна і Барклая дэ Толі злучыліся пад Смаленскам. На пачатку жніўня адбылася Смаленская бітва, у якой Напалеон страціў больш за 14 тыс. чалавек. Пасля Смаленска рускую армію ўзначаліў М.І. Кутузаў. 26 жніўня каля вёскі Барадзіно адбылася генеральная бітва, якая не прывяла да перамогі ніводнага з бакоў. Сфарміраваныя на Віцебшчыне чатыры палкі 3-й пяхотнай дывізіі абаранялі на Барадзінскім полі вядомыя Баграціёнавы флешы. Складзеная з ураджэнцаў Мінскай губерні 24-я пяхотная дывізія гераічна змагалася каля батарэі Раеўскага.

М. Кутузаў, каб захаваць армію, пакінуў Маскву французам. Але, не дачакаўшыся адказу Аляксандра І на прапановы аб міры, Напалеон у пачатку кастрычніка 1812 г. пачаў адступаць з Масквы па спустошанай Смаленскай дарозе. 7 кастрычніка 1812 г. рускія войскі вызвалілі Полацк, 26 кастрычніка — Віцебск, 4 лістапада — Мінск, 9 лістапада — Барысаў, 12 лістапада — Магілёў. Завяршальны ўдар па французах быў нанесены пры іх пераправе праз Бярэзіну, каля вёскі Студзёнка паблізу Барысава. Тут загінулі 30 тыс. іншаземных вайскоўцаў. Пасля гэтага напалеонаўская армія фактычна перастала існаваць. Галодныя і змерзлыя салдаты кідалі зброю і натоўпамі рухаліся да Вільні. 23 лістапада ў Смаргоні Напалеон, даручыўшы камандаванне Мюрату, пакінуў армію і ад'ехаў у Парыж.

Вайна прынесла беларускаму народу вялікія бедствы. Многія паселішчы былі знішчаны. Колькасць гарадскога насельніцтва зменшылася ў 2–3 разы (у Мінску з 11 200 чалавек да 3 480). Напрыклад, у Гродзенскай губерні загінула каля 37 тыс. адных толькі мужчын, а матэрыяльныя страты склалі 28 мільёнаў рублёў серабром. Заняпала сельская гаспадарка: амаль напалову скараціліся пасяўныя плошчы і пагалоўе жывёлы. Негатыўныя наступствы вайны адчуваліся ў Беларусі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Ад французаў пацярпелі помнікі царкоўнага дойлідства — Сафійскі сабор у Полацку, Барысаглебская царква ў Віцебску, Екацярынінскі храм у Мінску.

У гонар перамогі расійскіх войскаў над арміяй Напалеона на тэрыторыі Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Салтанаўка і інш.

Пытанні і заданні для самаправеркі:

1. Назавіце адміністрацыйныя адзінкі, на якія была падзелена тэрыторыя Беларусі пасля ўваходжання ў склад Расійскай імперыі.

2. Якія мерапрыемствы расійскага ўрада былі накіраваны на паслабленне пазіцый дробнай шляхты на беларускіх землях?

3. Што азначае “вызваленне сялян па остзейскаму прыкладу”?

4. Ахарактарызуйце канфесійную сітуацыю ў Беларусі ў першай чвэрці ХІХ ст. Што з’яўлялася галоўнай задачай канфесійнай палітыкі царскага ўрада на тэрыторыі Беларусі?

5. Назавіце асноўныя ваенныя падзеі 1812 года на тэрыторыі Беларусі.

6. Ахарактарызуйце французскі акупацыйны рэжым на беларускай зямлі.

7. Якімі былі вынікі вайны для Беларусі?

Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку:

1. Пачніце запаўненне табліцы “Палітыка царскага ўрада на тэрыторыі Беларусі ў першай палове ХІХ ст.”.

Пытанні для параўнання Палітыка царскага ўрада ў пачатку ХІХ ст. Палітыка царскага ўрада пасля паўстання 1830–1831 гг.
     

2. Складзіце тэзісны план адказу на пытанне “Беларусь у вайне 1812 года”.

 

Ілюстрацыі. Усе ілюстрацыі запазычаны з эксперыментальнага вучэбнага дапаможніка для 12 класа “Гісторыя Беларусі XIX – пачатку XXI ст.”(Мінск, Выдавецкі цэнтр БДУ, 2005). На гэты дапаможнік робяцца спасылкі ў дадзеным рукапісу.

1. Адміністрацыйна-тэрытарыльны падзел Беларусі ў канцы XVIII – пачатку XIX ст. (канец 1796 г., 1801 г.). Карты (2), с.17.

2. Айчынная вайна 1812 г. Карта, с. 24.

3. Напалеон. Мастак В. Ваньковіч, с. 26.

4. Пераход французаў праз Бярэзіну. Мастак Я. Сухадольскі, с. 27

 

§ 6. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у першай палове XIX ст.

Успомніце. 1. Назавіце істотныя рысы феадальнай і капіталістычнай гаспадаркі. 2. Што такое рамесная майстэрня, мануфактура, фабрыка? 3. Што такое урбанізацыя?

Асаблівасці развіцця сельскай гаспадаркі. Беларусь у першай палове ХІХ ст. з’яўлялася выключна аграрным рэгіёнам. Адной з асаблівасцей развіцця яе сельскай гаспадаркі было панаванне буйнога двapанcкaгa землеўладання. Асновай памешчыцкай гаспадаркі з’яўлялася земляробства. Яно прыносіла ўладальнікам асноўны прыбытак, таму яны імкнуліся павялічваць плошчу ворыўных зямель. Вырошчваліся жыта, авёс, ячмень і асабліва бульба, якая перетварылася з агароднай у палявую культуру. Пашыралася вытворчасць ільну, канопляў, цукровых буракоў. У маёнтках будаваліся прамысловыя прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны: суконныя, вінакурныя, цукраварныя, смалакурныя. Значны прыбытак даваў продаж лесу. На мяса-малочнай жывёлагадоўлі ў той час спецыялізаваліся толькі асобныя памешчыкі, што мелі ў сябе вінакурныя заводы.

Некаторыя ўладальнікі маёнткаў дзеля павелічэння таварнасці гаспадаркі выпісвалі з Англіі сельскагаспадарчыя машыны, уводзілі шматпольны севазварот, паляпшалі пароды жывёлы, выкарыстоўвалі наёмную працу, пераважна на прамысловых прадпрыемствах і ў будаўніцтве. Прапагандай перадавых метадаў земляробства і жывёлагадоўлі займалася Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, якое існавала з 1826 па 1841 г. у Віцебску.

Асноўнай вытворчай базай памешчыцкага маёнтка з’яўлялася сялянская гаспадарка. Зямельныя надзелы сялян у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губернях знаходзіліся ў падворным карыстанні; у Віцебскай, акрамя чатырох інфлянцкіх (латышскіх) паветаў, і Магілёўскай губернях пераважала абшчыннае землекарыстанне. Размеркаванне зямельных надзелаў паміж сялянамі было няроўным: у канцы 1850-х гг. сярэдні надзел у Віцебскай губерні складаў 6,5 дзесяціны (дзесяціна = 1,09 га), у Магілёўскай – 7,3. У Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губернях асноўнай адзінкай зямельнага забеспячэння лічылася валока (21,36 га) сенажаці, ворыўнай і прысядзібнай зямлі на двор. Гэтых надзелаў ледзь хапала для забеспячэння жыццёвага мінімуму сялянскай сям’і. Паншчына ў большасці маёнткаў Заходняй і Цэнтральнай Беларусі складала 6 чалавека-дзён з сялянскай гаспадаркі.

Дзяржаўныя сяляне былі зусім малазямельныя. Сярэднія надзелы на рэвізскую душу складалі ў Гродзенскай губерні ад 1 да 2 дзесяцін, у Віцебскай і Магілёўскай – ад 3 да 5. Гаспадарка як дзяржаўных, так і памешчыцкіх сялян была прымітыўнай. У пошуках выйсця з цяжкага эканамічнага становішча невялікая частка сялян займалася промысламі, гандлем і іншымі пабочнымі заробкамі. Яны выраблялі на продаж ільняныя і суконныя тканіны, аўчыну і інш.

Сярод сялян з’яўляліся заможныя сем’і, якія выкарыстоўвалі наёмную працу. Многія з іх арандавалі млыны, займаліся дробным гандлем, карысталіся ў сваіх гаспадарках рознымі механічнымі прыстасаваннямі. Але такіх сялян было няшмат. Разам з тым на вёсцы расла колькасць беззямельных сялян, бабылёў, кутнікаў. Шмат прыгонных разараліся і не маглі, як раней, несці павіннасці.

Крызіс прыгонніцкага ладу у сельскай гаспадарцы выявіўся ў рэзкім зніжэнні прыбытковасці памешчыцкай і дзяржаўнай вёскі, у абеззямельванні і збядненні сялянства, у росце сацыяльных канфліктаў. Усе гэта прымусіла расійскі ўрад змяніць сялянскую палітыку ў Беларусі: былі распрацаваны сацыяльна-эканамічныя рэформы, якія прадугледжвалі мадэрнізацыю старых парадкаў і змякчэнне феадальнага прыгнёту. Ініцыятарам і асноўным правадніком рэформаў быў граф П.Дз. Кісялёў — міністр дзяржаўных маёмасцей, прыхільнік абмежавання прыгону.

Аграрныя рэформы П.Дз. Кісялёва. Першай на Беларусі была рэфармавана дзяржаўная вёска. У 1839 г. імператар Мікалай I падпісаў “Палажэнне аб кіраванні дзяржаўнымі маёмасцямі ў заходніх губернях і Беластоцкай вобласці”. Рэформа прадугледжала: правядзенне апісання (люстрацыі) усіх дзяржаўных маёмасцей і дакладнае вызначэнне павіннасцей дзяржаўных сялян у залежнасці ад іх гаспадарчага становішча; перавод малазямельных і беззямельных сялян у разрад цяглых ці паўцяглых праз надзяленне іх палявым надзелам, сенакосам, рабочай жывёлай, неабходным інвентаром; спыненне здачы дзяжаўных маёнткаў у арэнду і паступовы перавод дзяржаўных сялян з паншчыны на аброк. Каб ўпарадкаваць кіраванне дзяржаўнымі маёнткамі, быў уведзены жорсткі кантроль за часовымі ўладальнікамі, павышаны статус сельскай абшчыны, якая займалася землеўладкаваннем, раскладам падаткаў паміж сялянамі і інш.

Яшчэ адным мерапрыемствам рэформы Кісялёва з’яўлялася палітыка «апякунства» над дзяржаўнымі сялянамі. Прадугледжвалася арганізацыя дапамогі cялянам у выпадку неўраджаяў і эпідэмій. Ставілася пытанне аб арганізацыі пачатковага навучання дзяцей. У планы рэфарматараў уваходзіла аказанне медыцынскай дапамогі, правядзенне розных агранамічных мерапрыемстваў, актывізацыя гандлю, развіццё сістэмы страхавання. Аднак недахоп сродкаў, жаданне палепшыць сялянскі побыт цалкам за кошт сялян перашкаджалі ажыццяўленню палітыкі «апякунства».

Адмова ад фальваркава-паншчыннай сістэмы і перавод дзяржаўных сялян на аброк з’явіліся галоўнымі вынікамі рэформы, якія вызначылі яе прагрэсіўны характар. Асабліва спрыяльныя перамены адбыліся ў прававым статусе дзяржаўных сялян. За імі прызнавалася грамадзянская свабода, што выгадна адрознівала іх ад бяспраўных памешчыцкіх сялян. Прынцыповае значэнне мелі правы атрымання спадчыны і ўласнасці, правы на занятак гандлем і промысламі.

З 1844 г. П.Дз. Кісялёў пачаў праводзіць інвентарную рэформу памешчыцкай вёскі з мэтай падцягнуць яе эканамічны ўзровень да дзяржаўнай. У заходніх губернях ствараліся “Камітэты для разгляду і складання інвентароў памешчыцкім маёнткам”. Рэформа мела мэтай урэгуляваць памеры надзелаў і павіннасцей памешчыцкіх сялян, склаўшы дакладныя спісы сялянскіх павіннасцей (інвентароў). Афіцыйна складанне абавязковых інвентароў было завершана ў 1849 гг. Аднак іх выпраўленне па прычыне супраціўлення памешчыкаў расцягнулася да 1857 г., калі распачалася падрыхтоўка адмены прыгоннага права. У адрозненне ад дзяржаўнай вёскі, пераведзенай на аброк, у памешчыцкай засталіся ранейшыя павіннасці: паншчына (штодзённая), згоны, шарваркі, жаночая праца, старажоўства, даніна. Інвентарная рэформа не вырашыла і найважнейшага пытання – аб сялянскім землекарыстанні.

У цэлым рэформы 1830–1850-х гг. мелі дваранскую скіраванасць. Прынцыпы рэфармавання дзяржаўнай вёскі былі прызнаны памешчыкамі занадта радыкальнымі. Сацыяльна-прававое становішча памешчыцкіх сялян змянілася мала. Панская ўласнасць заставалася некранутай.

Развіццё прамысловасці. Да сярэдзіны ХІХ ст. прамысловая вытворчасць у Беларусі знаходзілася пераважна на дробнатаварнай і мануфактурнай ступенях развіцця. Асноўнымі прадпрыемствамі гэтага часу былі вотчынныя мануфактуры, гаспадарамі якіх з’яўляліся памешчыкі, што прымушалі працаваць там сваіх прыгонных сялян. Пераважнае выкарыстанне працы прыгонных на прамысловых прадпрыемствах Беларусі ўяўляла сабой важную асаблівасць яе эканамічнага развіцця.

У гарадах і мястэчках было шмат дробных прадпрыемстваў (з 1–3 рабочымі), гаспадарамі якіх былі купцы і мяшчане. У адрозненне ад памешчыкаў яны не мелі сваёй зямлі, рабочай сілы, сыравіны і мусілі плаціць за ўсё, неабходнае для вытворчасці. Сярод прадпрыемстваў, якімі валодалі купцы і мяшчане, пераважалі скураныя, медныя, цагельныя, капялюшныя. Вырабы гэтых прадпрыемстваў збываліся ў асноўным на мясцовым рынку. Гарадская прамысловасць у пapaўнaнні з вотчыннай была менш развітай.

Побач з вотчыннай мануфактурай у першай палове ХІХ ст. з’явіліся прадпрыемствы, заснаваныя на вольнай працы. Але большасць «вольнанаёмных» былі прыгоннымі, якіх паны на кароткі час адпускалі на заробкі. Прыгоннае права рабілася сур’ёзнай перашкодай для развіцця прамысловасці.

Новай з’явай у прамысловым развіцці Беларусі было выкарыстанне на асобных прадпрыемствах машын і паравых рухавікоў. Аднак колькасць прадпрыемстваў, якія ўкаранялі машынную тэхніку, была нязначнай. Уладальнікамі большасці з іх былі памешчыкі, але ўжо з 1830-х гг. больш за палову прамысловых прадпрыемстваў належала купцам і мяшчанам.

Размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў у беларускіх губернях было нераўнамерным. Колькасную перавагу мела Гродзеншчына (5112 рабочых). Другое месца займала Магілёўская губерня (1882). Найменш рабочых было ў Мінскай губерні – 815 чалавек. На тэрыторыі Беларусі найбольш пашыранымі былі перапрацоўчыя прадпрыемствы, якія працавалі на сельскагаспадарчай сыравіне – вінакурныя, суконныя, палатняныя, цукровыя, мукамольныя.

Вядучай галіной прамысловасці ў першай палове ХІХ ст. заставалася суконная. Каб заахвоціць прадпрымальнікаў да стварэння новых мануфактур, даваліся дзяржаўныя пазыкі. Ужо ў 1861–1863 гг. на тэрыторыі Беларусі налічвалася 64 суконныя прадпрыемствы, на якіх працавала звыш 51 тыс. рабочых. Суконная прамысловасць была сканцэнтравана ў Гродзенскай губерні (55 прадпрыемстваў).

Другое месца ў прамысловасці займала вытворчасць вырабаў з воўны. У 1857 г. налічвалася 7 прадпрыемстваў гэтай галіны. Усе яны знаходзіліся ў Гродзенскай губерні. На іх працавала 1444 рабочых. На тэрыторыі Беларусі дзейнічалі таксама папяровыя, шкляныя, чыгунныя, медзеплавільныя, цагельныя і іншыя прадпрыемствы. Жалезаробчыя прадпрыемствы працавалі на мясцовай сыравіне, якую здабывалі з балотнай руды. Шкляная прамысловасць была найбольш развітой у Магілёўскай губерні, дзе знаходзілася 8 з 14 заводаў.

Фабрыкі ў Беларусі з’явіліся ў 1820‑я гг. Першымі былі пабудаваны суконныя фабрыкі ў мястэчках Хомску Кобрынскага і Косаве Слонімскага паветаў. Буйным было цукровае прадпрыемства кн. Паскевіча ў Гомелі.

З пачатку 1830-х гг. прамысловасць Беларусі перажывала крызіс, звязаны з крызісам прыгоннай сістэмы. Прамысловасць адчувала востры недахоп у працоўнай сіле і асабліва ў людзях, якія валодалі тэхнічнымі ведамі. У пошуках выйсця з крызісу частка прадпрымальнікаў стварала новыя прадпрыемствы, якія мелі паравыя рухавікі. Але маламагутныя заводы Беларусі не вытрымалі канкурэнцыі з буйнейшымі прадпрыемствамі Расіі, Украіны, Польшчы і ў сярэдзіне 1860-х гг. спынілі сваю дзейнасць.

Нягледзячы на істотныя зрухі ў развіцці прамысловасці Беларусі ў першай палове ХІХ ст., яе маштабы, у параўнанні з агульнарасійскімі, былі нязначнымі, а тэмпы развіцця – запаволенымі.

Працэс разлажэння прыгонніцкіх адносін абумовіў змяненне складу беларускага насельніцтва і рост гарадоў як гандлёва-прамысловых цэнтраў. Да сярэдзіны ХІХ ст. у Беларусі налічвалася ўжо 40 гарадоў і больш за 300 мястэчак. Найбольш буйнымі гарадамі былі Магілёў (31062 тыс.), Віцебск (30664 тыс.), Мінск (26760 тыс.), Гродна (20241 тыс.). У іх працягвалі развівацца гандаль і рамяство. Насельніцтва гарадоў расло як за кошт натуральнага прыросту, так і ў выніку прымусовага перасялення яўрэяў з памешчыцкіх маёнткаў. Так, 70–80 % гарадскога насельніцтва складала мяшчанства (рамеснікі, дробныя гандляры), 6–7 % – дваранства і духавенства, 2–2,5 % – купецтва. Аднак у першай палове ХІХ ст. гарады Беларусі яшчэ не сталі цэнтрамі прамысловасці.

Унутраны і знешні гандаль. Развіццё прамысловасці, рост гарадскога насельніцтва стымулявалі пашырэнне ўнутранага рынку. Гандаль Беларусі развіваўся пераважна ў форме кірмашоў, часта з вялікім гандлёвым абаротам. На самым буйным з іх – Зэльвенскім – гадавы абарот перавышаў 1 млн рублёў. Буйнымі былі таксама Любавіцкі ў Магілёўскай губерні і Мінскі кірмашы. Усяго ў Беларусі праводзілася каля 200 кірмашоў. Сюды прывозілі сельскагаспадарчыя і прамысловыя тавары не толькі з Беларусі, але і з Маскоўскай, Ніжагародскай губерняў, Украіны, Польшчы, Прусіі і іншых месцаў. У Беларусь увозілі воўну, металічныя вырабы, галантарэю і інш. Назіралася паступовае змяненне асартыменту прывезеных тавараў. Напрыклад, на Стаўпянскую прыстань у 1827 г. прывозілі пераважна прадметы раскошы: фарфоравы і фаянсавы посуд, крышталь, люстэркі, ў 1850-я гг. выгружалі пераважна чыгунныя вырабы, свінец, волава, паперу. Важнае значэнне для Беларусі меў вывазны гандаль. Прадметамі экспарту былі збожжа, лён, каноплі, лес, спірт, смала, паташ і г. д.

Паляпшэнне шляхоў зносін. З развіццём гандлю важную ролю пачалі адыгрываць суднаходныя рэкі – Бярэзіна, Прыпяць, Днепр, Заходняя Дзвіна, Нёман, якія праз каналы звязалі Беларусь з балтыйскімі і чарнаморскімі портамі. На іх знаходзілася да 85 прыстаней. У 1804–1805 гг. скончылася будаўніцтва Агінскага і Бярэзінскага каналаў, якія звязалі Днепр з Заходняй Дзвіной, Нёманам і Віслай. Хоць прапускная магчымасць каналаў была невялікай, яны ўсё ж мелі важнае транспартнае значэнне. Праз Рыгу, Гданьск, Кёнігсберг адпраўлялі з Беларусі за мяжу буйныя баржы з таварамі. Спрыяльна паляпшаліся і сродкі сувязі, будаваліся дарогі, такія як Маскоўска-Варшаўская шаша, што прайшла праз тры беларускія губерні – Магілёўскую, Мінскую, Гродзенскую.

Развіццё гандлю было цесна звязана са станам прамысловасці, сельскай гаспадаркі, плацёжаздольнасцю насельніцтва. Феадальна-прыгонніцкая сістэма стрымлівала развіццё ўсіх галін народнай гаспадаркі, абмяжоўвала пашырэнне ўнутранага рынку. Знішчэнне прыгонніцкіх адносін з’яўлялася неабходнай перадумовай далейшага эканамічнага развіцця Беларусі.

Пытанні і заданні для самаправеркі:







Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 1132. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Кардиналистский и ординалистский подходы Кардиналистский (количественный подход) к анализу полезности основан на представлении о возможности измерения различных благ в условных единицах полезности...

Обзор компонентов Multisim Компоненты – это основа любой схемы, это все элементы, из которых она состоит. Multisim оперирует с двумя категориями...

Композиция из абстрактных геометрических фигур Данная композиция состоит из линий, штриховки, абстрактных геометрических форм...

Важнейшие способы обработки и анализа рядов динамики Не во всех случаях эмпирические данные рядов динамики позволяют определить тенденцию изменения явления во времени...

Броматометрия и бромометрия Броматометрический метод основан на окислении вос­становителей броматом калия в кислой среде...

Метод Фольгарда (роданометрия или тиоцианатометрия) Метод Фольгарда основан на применении в качестве осадителя титрованного раствора, содержащего роданид-ионы SCN...

Потенциометрия. Потенциометрическое определение рН растворов Потенциометрия - это электрохимический метод иссле­дования и анализа веществ, основанный на зависимости равновесного электродного потенциала Е от активности (концентрации) определяемого вещества в исследуемом рас­творе...

Менадиона натрия бисульфит (Викасол) Групповая принадлежность •Синтетический аналог витамина K, жирорастворимый, коагулянт...

Разновидности сальников для насосов и правильный уход за ними   Сальники, используемые в насосном оборудовании, служат для герметизации пространства образованного кожухом и рабочим валом, выходящим через корпус наружу...

Дренирование желчных протоков Показаниями к дренированию желчных протоков являются декомпрессия на фоне внутрипротоковой гипертензии, интраоперационная холангиография, контроль за динамикой восстановления пассажа желчи в 12-перстную кишку...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.009 сек.) русская версия | украинская версия