Студопедия — Культура Беларусі ў XIX – пачатку XX СТ.
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Культура Беларусі ў XIX – пачатку XX СТ.






Успомніце. 1. Калі пачалася эпоха Асветніцтва ў Заходняй Еўропе? 2. Што такое ідэалогія Асветніцтва? Назавіце яе асноўныя тэорыі. 3. Калі пачаўся працэс фарміравання беларускай нацыі?

Змены ў сістэме адукацыі Беларусі. Перыяд з канца ХVІІІ ст. па 1810-я гг. адносіўся да эпохі Асветніцтва ў Беларусі. Філосафы-асветнікі лічылі, што прычына ўсіх пакут народа — невуцтва, таму дасягнуць «царства розуму» на Зямлі магчыма толькі шляхам развіцця навукі і шырокай асветы народных мас.

Пад уплывам асветніцкіх ідэй адукацыя паступова пазбаўлялася царкоўнага ўплыву, пераходзіла ў падпарадкаванне да дзяржавы і набывала свецкі характар. У 1802 г.было ўтворана Міністэрства народнай асветы. Еўрапейская частка Расіі дзялілася на 6 навучальных акруг, кожную з іх узначальваў прызначаны царом папячыцель (апякун). Віцебская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская губерні ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі, якую ўзначаліў магнат Адам Чартарыйскі. Навуковым і адміністрацыйным цэнтрам акругі быў Віленскі універсітэт. Яму падпарадкоўваліся прыходскія вучылішчы (пачатковыя школы), павятовыя вучылішчы і гімназіі.

Важную ролю ў сістэме школьнай адукацыі працягвалі адыгрываць каталіцкія навучальныя ўстановы, якія належалі розным каталіцкім ордэнам. Значная частка гэтых навучальных устаноў падпарадкоўвалася ордэну езуітаў. У 1818—1820 гг. дзейнічала Полацкая езуіцкая акадэмія, што мела правы вышэйшай навучальнай установы і была цэнтрам асобай езуіцкай навучальнай акругі. Каталіцкія навучальныя ўстановы імкнуліся выхаваць у навучэнцаў прапольскія настроі; мовай навучання была польская. Прапольскай арыентацыі прытрымлівалася і кіраўніцтва Віленскага універсітэта. Усё гэта вяло да паланізацыі пераважнай часткі адукаванага насельніцтва Беларусі.

Пасля паўстання 1830—1831 гг. расійскія ўлады, каб пашырыць рускі ўплыў у краі, закрылі ў 1832 г. Віленскі універсітэт і часова ліквідавалі Віленскую навучальную акругу (да 1850 г.). У школах у абавязковым парадку ўводзілася навучанне на рускай мове. Далучэнне уніяцкай царквы да праваслаўнай паскорыла закрыццё каталіцкіх манастыроў і іх навучальных устаноў.

Сярэдняя адукацыя заставалася прывілеем пануючых класаў. Навучанне ў сярэдніх навучальных установах з’яўлялася платным. Класічныя мужчынскія гімназіі давалі грунтоўную гуманітарную падрыхтоўку, асаблівая ўвага надавалася выкладанню так званых класічных моў — грэчаскай і лацінскай. Толькі выпускнікі гімназій мелі выключнае права паступлення ва універсітэты. У рэальных вучылішчах галоўнае месца адводзілася дысцыплінам прыродазнаўча-матэматычнага цыклу. Выпускнікі рэальных вучылішчаў маглі паступаць у тэхнічныя, гандлёвыя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Выхаванкі жаночых гімназій атрымлівалі атэстат на званне настаўніцы пачатковай школы. Выпускніцам восьмага педагагічнага класа жаночых гімназій давалася права працаваць у якасці хатніх настаўніц.

З гэтым перыядам звязана ўзнікненне прафесіянальнай адукацыі ў Беларусі. У 1840 г. пачала дзейнічаць Горы-Горацкая земляробчая школа. У 1848 г. на яе базе адкрыўся Горы-Горацкі земляробчы інстытут — першая ў Расіі і адна з першых у Еўропе вышэйшых сельскагаспадарчых навучальных устаноў.

У канцы XIX – пачатку ХХ ст. у Расійскай імперыі ў цэлым, а таксама і на тэрыторыі Беларусі адбываўся імклівы рост колькасці пачатковых (народных вучылішчаў і царкоўна-прыходскіх школ) і сярэдніх (гімназій і рэальных вучылішчаў) агульнаадукацыйных школ. Пры гэтым разам з дзяржаўнымі навучальнымі ўстановамі адкрываліся прыватныя школы і вучылішчы.

Колькасны рост агульнаадукацыйных школ вылучаў на першы план праблему падрыхтоўкі настаўнікаў. Калі да 1900 г. на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі 4 настаўніцкія семінарыі, то ў 1916 г. — ужо 12. Для падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў былі адкрыты тры настаўніцкія інстытуты — у Віцебску, Мінску, Магілёве. Акрамя таго, падрыхтоўка спецыялістаў у галіне народнай гаспадаркі і культуры ажыццяўлялася ў рамесных, сельскагаспадарчых, камерцыйных, медыцынскіх, музычных і мастацкіх навучальных установах. Вышэйшых навучальных устаноў у Беларусі не было. Расійскія ўлады неаднаразова адхілялі хадайніцтвы грамадскасці Беларусі аб адкрыцці універсітэта ці політэхнічнага інстытута.

Пачатак ХХ ст. звязаны з пашырэннем грамадска-педагагічнага руху за стварэнне беларускай нацыянальнай школы. Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі засноўвалі тайныя школы, дзе навучанне вялося на беларускай мове. Там выкарыстоўваліся падручнікі Каруся Каганца «Першая навука чытання», Цёткі «Першае чытанне для дзяцей беларусаў», Якуба Коласа «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў».

Развіццё навуковых ведаў аб Беларусі і беларускім народзе. З другой паловы XIX ст. пачалося свядомае вывучэнне Беларусі. Расійскі ўрад пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гг. ахвяраваў значныя сродкі для дасягнення гэтай мэты, каб не дапусціць у далейшым праяў польскага руху на Беларусі і абгрунтаваць непарыўную гістарычную сувязь дадзенай тэрыторыі з Расіяй.

Плённа працаваў на ніве збірання і публікацыі фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў Павел Васілевіч Шэйн (1826—1900). Вынікі сваёй працы даследчык апублікаваў у трохтомніку «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю», дзе змешчаны каштоўныя звесткі па духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў другой паловы XIX ст.

«Слоўнік беларускай мовы» стаў асноўнай працай Івана Іванавіча Насовіча (1788—1877). Былы настаўнік змясціў у гэтым выданні больш за 30 тыс. слоў з грунтоўнымі тлумачэннямі.

Значнай постаццю сярод этнографаў быў Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі (1845—1910). Ім былі створаны працы, выдадзеныя пераважна ў 1890-я гг.: «Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку», «Нарысы Віцебскай Беларусі» і інш.

У пачатку ХХ ст. узрасла актыўнасць навукоўцаў у вывучэнні гісторыі, этна-графіі і культуры Беларусі. У галіне этнаграфіі плённа працавалі Еўдакім Раманаў, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Адам Багдановіч, Аляксандр Сержпутоўскі і іншыя даследчыкі. Навуковы аналіз назапашаных этнаграфічнай навукай матэрыялаў даў магчымасць стварэння грунтоўных абагульняючых прац, сярод якіх вылучалася праца Яўхіма Карскага «Беларусы». У ёй пераканаўча даказана, што беларусы з’яўляюцца асобным этнасам са сваёй мовай і культурай.

Былі створаны і грунтоўныя даследаванні, прысвечаныя беларускай гісторыі. Навуковыя працы М. Доўнар-Запольскага ўнеслі вялікі ўклад у вывучэнне гістарычнага мінулага Беларусі. Дзеяч беларускага нацыянальнага руху В. Ластоўскі ў 1910 г. выдаў на беларускай мове «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі», дзе імкнуўся паказаць адметнасць гістарычнага лёсу беларускага народа.

Усё больш шырокія колы інтэлігенцыі сталі захапляцца краязнаўствам. Дзякуючы грамадскай актыўнасці быў утвораны шэраг музеяў і культурна-асветных устаноў.

Станаўленне і развіццё беларускай літаратурнай мовы і літаратуры. У выніку паланізатарскай палітыкі, якую праводзілі на беларускіх землях правячыя колы Рэчы Паспалітай, старабеларуская мова ў XVIII ст. фактычна стала мёртвай. У XIX ст. працягваўся працэс фарміравання новай беларускай літаратурнай мовы. Асновай яе фарміравання з’явілася гутарковая народная мова. Важнай крыніцай развіцця беларускай літаратурнай мовы з’яўлялася вусная народная творчасць. Беларускія пісьменнікі і паэты ў сваіх літаратурных творах шырока выкарыстоўвалі народныя песні, казкі, прымаўкі, загадкі.

Беларуская літаратурная мова развівалася галоўным чынам як мова мастацкай літаратуры і часткова публіцыстыкі. У ёй пераважала бытавая лексіка, слаба была прадстаўлена вытворчая, юрыдычная, адміністрацыйна-канцылярская тэрміналогія. Істотнай перашкодай развіццю беларускай пісьмовай мовы з’яўлялася адсутнасць яе нарматыўнай граматыкі.

Фарміраванне беларускай літаратурнай мовы працягвалася і ў пачатку XX ст. Гэты працэс завяршыўся толькі ў 1930-я гг., калі была распрацавана і зацверджана сучасная беларуская літаратурная мова.

У літаратуры Беларусі першай паловы ХІХ ст. назіраецца перапляценне ідэй Асветніцтва і рамантызму. Прадстаўніком рамантызму ў польскай літаратуры з’яўляўся ўраджэнец Беларусі Адам Міцкевіч, які пісаў свае творы на польскай мове, але выкарыстоўваў сюжэты беларускай гісторыі і фальклору.

З эстэтыкай рамантызму звязаны прыход у беларускую літаратуру новага героя – селяніна. У першай палове ХІХ ст. з асяроддзя апалячанай беларускай шляхты выйшлі паэты і празаікі, якія стваралі беларускамоўныя творы. Так, паэт і фалькларыст Ян Чачот выдаў 6 фальклорных зборнікаў, дзе змясціў беларускія песні ў польскім перакладзе і арыгінале. На іх узор ён і сам пісаў вершы на беларускай мове, у якіх заклікаў гуманна ставіцца да прыгонных сялян. Ян Баршчэўскі стварыў некалькі вершаў на беларускай мове, паэму «Рабункі мужыкоў». У сваім галоўным творы «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», напісаным на польскай мове, аўтар літаратурна перапрацаваў фальклорны матэрыял. Сюжэты і вобразы беларускага фальклору шырока выкарыстоўваў Уладзіслаў Сыракомля. Большасць яго твораў напісана на польскай мове, аднак захаваліся і некаторыя беларускамоўныя вершы паэта. Паэт і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч ажыццявіў пераход ад польскай літаратурнай традыцыі да ўласна беларускай. Ён стварыў шэраг беларускамоўных твораў.

У другой палове ХІХ ст. пачаўся новы этап у развіцці беларускай літаратуры. Пісьменнікі паступова пераадольвалі вузкае фальклорнае апісальніцтва, уласцівае іх папярэднікам. У гэты час закладваліся асновы сучаснай беларускай літаратуры.

Асноўным жанрам творчасці Янкі Лучыны (І. Неслухоўскага) (1851—1897) стаў лірычны верш. Аўтар пісаў на беларускай мове. Вершы паэта былі сабраны ў зборніку «Вязанка», выдадзеным пасля яго смерці ў 1903 г.

Літаратурных твораў Адама Гурыновіча (1869—1894) захавалася вельмі мала. У сваіх вершах асноўную ўвагу ён надаваў паказу жыцця беларускага сялянства. Творы А. Гурыновіча ўбачылі свет толькі пасмяротна.

Вяршыняй развіцця беларускай літаратуры другой паловы ХІХ ст. стала творчасць Францішка Багушэвіча (1840—1900). Да сваіх зборнікаў «Дудка беларуская», «Смык беларускі» Багушэвіч складаў прадмовы, праз якія імкнуўся абудзіць нацыянальную свядомасць беларускага народа.

На лепшых дасягненнях літаратуры другой паловы ХІХ ст. угрунтоўвалася беларуская літаратура пачатку ХХ ст. Новыя тэмы, матывы і вобразы прынесла ў беларускую літаратуру Цётка (А. Пашкевіч). Яе кнігі «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» сталі першымі арыгінальнымі зборнікамі беларускай паэзіі ХХ ст. Як таленавіты паэт-наватар, адзін з пачынальнікаў беларускай драматургіі і заснавальнікаў нацыянальнай школы перакладу ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры Янка Купала (І. Луцэвіч). Ён узняў беларускую літаратуру на якасна новы ўзровень, садзейнічаў фарміраванню і развіццю беларускай літаратурнай мовы. Разам з Янкам Купалам заснавальнікам новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы стаў Якуб Колас (К. Міцкевіч). Адзіны паэтычны зборнік «Вянок» стварыў Максім Багдановіч, але ён дазволіў паэту заняць пачэснае месца сярод класікаў беларускай літаратуры. У пачатку ХХ ст. раскрыліся творчыя здольнасці Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Каруся Каганца і інш.

З пачатку ХХ ст. больш шырока друкаваліся беларускамоўныя творы. Некалькі асобных выданняў вытрымала паэма «Тарас на Парнасе». У Пецярбургу было створана і першае легальнае беларускае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца»,якое выдала зборнікі вершаў «Дудка беларуская», «Смык беларускі» Ф. Багушэвіча і «Жалейка» Я. Купалы.

Выяўленчае мастацтва, тэатр і музыка. У выяўленчым мастацтве Беларусі канца ХVІІІ — першай паловы ХІХ ст. назіралася ўзаемадзеянне дзвюх плыняў — класіцызму і рамантызму. Класіцызм быў афіцыйным стылем, якога прытрымлівалася Пецярбургская акадэмія мастацтваў. Аднак у выяўленчае мастацтва пранікалі і элементы рамантызму.

Перапляценне рысаў класіцызму і рамантызму бачна ў творчасці беларускага мастака Іосіфа Аляшкевіча. У гісторыю беларускага жывапісу Валенцій Ваньковіч увайшоў як прадстаўнік рамантызму. Палатно В. Ваньковіча «Міцкевіч на скале Аюдаг» — тыповы прыклад рамантычнага партрэта. Мастак Ян Дамель пакінуў значны след амаль ва ўсіх жанрах выяўленчага мастацтва, асабліва гістарычнага. Мастак стварыў карціны «Смерць князя Панятоўскага», «Смерць Глінскага ў няволі», «Вызваленне Т. Касцюшкі з цямніцы», «Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 г.» і інш. Акрамя гістарычных палотнаў Я. Дамель напісаў шэраг партрэтаў і пейзажаў. Вікенцій Дмахоўскі вядомы як стваральнік рамантычных пейзажаў. Мастак у асноўным маляваў месцы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю А. Міцкевіча, сябрам якога ён быў (карціны «Возера Свіцязь», «Дом Міцкевіча ў Навагрудку», «Заход сонца» і інш.). Іван Хруцкі ўвайшоў у гісторыю мастацтва як заснавальнік рэалістычнага нацюрморта. У 1839 г. за нацюрморт «Кветкі і садавіна» ён атрымаў званне акадэміка Пецярбургскай акадэміі мастацтваў.

У выяўленчым мастацтве з другой паловы ХІХ ст. паступова ўсталёўваўся рэалізм. Гэты стыль змяніў класіцызм з яго біблейскай і міфалагічнай тэматыкай.

Вядомай постаццю ў беларускім пейзажным жывапісе з’явілася фігура Апалінара Гараўскага (1833—1900). Некаторыя работы беларускага мастака зараз знаходзяцца сярод экспанатаў Траццякоўскай галерэі ў Маскве. Майстрам бытавога жывапісу быў Нікадзім Сілівановіч (1834—1919). За мазаічнае пано «Тайная вячэра» Н. Сілівановічу прысвоілі ганаровае званне акадэміка. Адным з вядомых прадстаўнікоў гістарычнага жанру ў беларускім жывапісе другой паловы ХІХ ст. быў Казімір Альхімовіч (1840—1916). Сусветную вядомасць набыла яго карціна «Пахаванне Гедыміна».

У канцы ХІХ ст. у выяўленчым мастацтве Беларусі з’явіліся новыя творы. Вельмі заўважна быў прадстаўлены пейзажны жывапіс. У творчасці таленавітага беларускага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі развіваліся традыцыі рускага лірычнага пейзажу. Краявіды беларускай прыроды натхнялі ўраджэнца Ашмянскага павета Фердынанда Рушчыца. У яго лепшых творах «Зямля», «Стары млын», «Эмігранты» спалучаліся пейзажны і побытавы жанры. У працах Сяргея Жукоўскага пейзажны жывапіс цесна звязаны з інтэр’ерам і нацюрмортам. Партрэтны і побытавы жанры былі прадстаўлены ў творчасці Юдаля Пэна (1854—1937). Яго палотны «Аўтапартрэт у саламяным капелюшы», «Гадзіншчык», «Стары кравец» выкананы ў рэалістычнай манеры і адлюстроўваюць яўрэйскі побыт і традыцыі. Самым вядомым вучнем Пэна стаў Марк Шагал (1887—1985). Вялікае месца ў творчасці Шагала займаў родны Віцебск з яго яўрэйскім местачковым побытам, які мастак выяўляў у сімвалічна-містычным духу. Тэмы і матывы беларускай гісторыі адлюстроўваў таленавіты мастак Язэп Драздовіч. Ён стварыў серыю графічных твораў і скульптурных партрэтаў дзеячаў гісторыі Беларусі.

У фарміраванні беларускага прафесійнага нацыянальнага тэатра вялікую ролю адыграла тэатральная культура рускага, украінскага і польскага народаў. У беларускіх гарадах дзейнічалі мясцовыя рускія драматычныя трупы, арганізоўваліся шматлікія музычна-драматычныя гурткі і так званыя беларускія вечарынкі. Там звычайна выступалі хары, чыталіся беларускія літаратурныя творы, ставіліся п’есы.

На традыцыях беларускіх вечарынак у 1907 г. узнікла Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага — сапраўдны тэатр прафесійнага тыпу. Энтузіязм І. Буйніцкага, удалы падбор акцёраў і рэпертуару склалі трывалы падмурак поспеху гэтага калектыву. Аднак у 1913 г. тэатр спыніў сваё існаванне.

Пераемнікам трупы І. Буйніцкага ў працэсе фарміравання нацыянальнага тэатра стала Першае беларускае таварыства драмы і камедыі, якое ўзнікла ў Мінску пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Арганізаваў таварыства вядомы беларускі акцёр і рэжысёр Фларыян Ждановіч. Нягледзячы на цяжкасці, калектыў ужо ў першыя тыдні свайго існавання ажыццявіў гастрольную паездку па Беларусі.

Даволі разнастайным і багатым было музычнае жыццё. З вялікім поспехам гастралявалі рускія і ўкраінскія музычна-драматычныя і харавыя калектывы. Выступленні хору У. Тэраўскага садзейнічалі папулярызацыі беларускіх народных песень. Патрэба ў нацыянальнай музычнай літаратуры часткова была задаволена выданнем «Беларускіх песень з нотамі» Антона Грыневіча, «Беларускага песенніка з нотамі для народных і школьных хораў» Людаміра Рагоўскага, публікацыяй апрацоўкі беларускіх песень для фартэпіяна Мікалая Чуркіна.

Архітэктура. З эпохай Асветніцтва звязана ўсталяванне стылю класіцызму ў архітэктуры. Яскравае адлюстраванне класіцызм знайшоў у палацава-сядзібнай архітэктуры. Дыяпазон палацава-сядзібнага будаўніцтва быў вельмі шырокі — ад невялікіх сядзібаў дробнай шляхты да манументальных пабудоў буйных магнатаў. Сярод выдатных помнікаў беларускага класіцызму вылучаліся Гомельскі, Жыліцкі (Кіраўскі раён), Сноўскі (Нясвіжскі раён) палацы. Пры гэтых збудаваннях звычайна ствараліся паркі ў стылі рамантызму, аздобленыя штучнымі гротамі, каскадамі, руінамі. Найбольш значная з культавых пабудоў эпохі класіцызму ў Беларусі — Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі.

Класіцызм панаваў у архітэктуры Беларусі да сярэдзіны ХІХ ст. Альтэрнатывай класіцызму выступаў рамантызм, які праявіўся пераважна ў пейзажна-паркавым мастацтве.

З сярэдзіны ХІХ ст. узмацніўся працэс паступовага заняпаду класічнай архітэктуры. Адбывалася стылёвая пераарыентацыя дойлідства Беларусі. Класіцызм змяніла эклектыка (змяшэнне стыляў),якая атрымала яшчэ адну назву — архітэктура гістарызму. Яна вызначалася выкарыстаннем формаў розных стыляў (готыкі, барока, ракако, класіцызму, раманскага і інш.).

Пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гг. пашырыўся рэтраспектыўна-рускі стыль у праваслаўным культавым дойлідстве. Рускія архітэктары распрацавалі тыпавыя варыянты праваслаўных цэркваў, скапіраваныя з візантыйскіх храмаў і рускіх бажніц ХІV і ХVІІ стст., каб паказаць пераемнасць рускага дойлідства ад візантыйскай архітэктуры. Ініцыятарам будаўніцтва падобных храмаў быў граф Мураўёў, таму ў народзе яны набылі назву «мураўёвак». Цэрквы, пабудаваныя ў рэтраспектыўна-рускім стылі, і цяпер можна сустрэць у многіх гарадах і мястэчках Беларусі.

У другой палове ХІХ ст. развіваліся таксама рэтраспектыўна-гатычны стыль, неакласіцызм, неабарока, неарэнесанс і іншыя кірункі разнастайнай архітэктуры эклектыкі.

У пачатку XX ст. у архітэктуры Беларусі працягваў існаваць стыль, вядомы як гістарызм. У каталіцкай культавай архітэктуры назіраўся росквіт неагатычнага стылю.

У архітэктуры Беларусі склаўся неараманскі стыль. Найбольш вядомы помнік, які спалучае матывы раманскай і гатычнай архітэктуры, — Чырвоны касцёл у Мінску (касцёл Сымона і Алены).

Побач з архітэктурай гістарызму з канца ХІХ ст. адбывалася станаўленне новага стылю — мадэрну. Для помнікаў мадэрну характэрны пераплеценыя лініі, асіметрычныя кампазіцыі, багаты ляпны дэкор. Мадэрн прынёс новыя тыпы пабудоў (чыгуначныя вакзалы, масты, прамысловыя збудаванні), новыя будаўнічыя матэрыялы і канструкцыі (цэмент, металічная арматура, фабрычная дахоўка). У стылі мадэрн у Беларусі ўзводзіліся вакзалы, банкі, навучальныя ўстановы, даходныя дамы, сядзібы, некаторыя культавыя пабудовы. Прыкладамі архітэктуры мадэрну з’явіліся гасцініца «Еўропа» ў Мінску, будынак Лужаснянскага сельскагаспадарчага вучылішча і інш. Мадэрн праіснаваў на тэрыторыі Беларусі да Першай сусветнай вайны.

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Якія тыпы навучальных устаноў дзейнічалі ў Беларусі ў XIX – пачатку ХХ ст.?

2. Чым тлумачыцца тагачасная ўвага расійскага ўрада да навуковых даследаванняў беларускай гісторыі, этнаграфіі, фальклору?

3. Назавіце прозвішчы беларускіх навукоўцаў XIX – пачатку ХХ ст. і іх асноўныя навуковыя даследаванні.

4. Назавіце беларускіх пісьменнікаў ХІХ ст. – пачатку ХХ ст. і асноўныя тэмы іх творчасці.

5. Якія жанры развіваліся ў выяўленчым мастацтве Беларусі ў ХІХ – пачатку ХХ ст.? Назавіце вядомых беларускіх мастакоў гэтага перыяду і іх творы.

6. Назавіце дасягненні ў развіцці беларускага тэатра і музычнага мастацтва ў XIX – пачатку ХХ ст.

7. Якія стылі існавалі ў архітэктуры Беларусі ў XIX – пачатку ХХ ст.? Прывядзіце прыклады помнікаў, створаных у гэтых стылях.

Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку

1. Дайце ацэнку сістэме адукацыі, якая існавала на тэрыторыі Беларусі ў XIX – пачатку ХХ ст. Вызначце яе станоўчыя і адмоўныя рысы. Аформіце адказ у выглядзе табліцы.

Сістэма адукацыі ў беларускіх губернях у XIX – пачатку ХХ ст.

Станоўчыя рысы Адмоўныя рысы
   

Зрабіце вывад.

2. Пабудуйце структурную схему «Сістэма адукацыі ў Беларусі ў другой палове ХІХ ст.».

3. Прааналізуйце даныя, прыведзеныя ў дыяграме (с.). Якія змены адбыліся ў сістэме адукацыі Беларусі ў ХІХ — пачатку ХХ ст.? Чым яны былі абумоўлены?

4. Чым, на ваш погляд, была выклікана актывізацыя навуковых даследаванняў у галіне этнаграфіі, гісторыі, краязнаўства Беларусі ў пачатку ХХ ст.?

5. Параўнайце партрэт А. Чартарыйскага, выкананы І. Аляшкевічам, і карціну “Міцкевіч на скале Аюдаг” В. Ваньковіча. Чым адрозніваюцца класічны і рамантычны партрэты?

6. Вылучыце тыповыя прыёмы архітэктуры класіцызму, выкарыстаныя пры пабудове Петрапаўлаўскага сабора ў Гомелі.

7. Падрыхтуйце паведамленні пра вядомых дзеячаў культуры Беларусі XIX – пачатку ХХ ст.

8. Складзіце тэзісны план “Дасягненні беларускай культуры ў XIX – пачатку ХХ ст.”

9. Які ўплыў аказвала беларуская культура ХІХ – пачатку ХХ ст. на фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў? Сваю думку абгрунтуйце.

Ілюстрацыі.

1. Віленскі універсітэт, с. 50

2. Горы-Горацкі земляробчы інстытут, с. 51

3. Міцкевіч на скале Аюдаг. Мастак В. Ваньковіч, с. 53

4. Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, с. 54

5. Слоўнік беларускай мовы І.І. Насовіча, с. 102

6. М.Я. Нікіфароўскі, с. 102

7. М.В. Доўнар-Запольскі, с. 103

8. Нясвіжская настаўніцкая семінарыя, с. 103

9. Лужаснянскае сельскагаспадарчае вучылішча, с. 132

10. Я. Карскі, с. 133

11. Трупа І. Буйніцкага, с. 135

12. Мемарыяльная капліца ў в. Лясная, с. 137







Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 1428. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Кардиналистский и ординалистский подходы Кардиналистский (количественный подход) к анализу полезности основан на представлении о возможности измерения различных благ в условных единицах полезности...

Обзор компонентов Multisim Компоненты – это основа любой схемы, это все элементы, из которых она состоит. Multisim оперирует с двумя категориями...

Композиция из абстрактных геометрических фигур Данная композиция состоит из линий, штриховки, абстрактных геометрических форм...

Важнейшие способы обработки и анализа рядов динамики Не во всех случаях эмпирические данные рядов динамики позволяют определить тенденцию изменения явления во времени...

Репродуктивное здоровье, как составляющая часть здоровья человека и общества   Репродуктивное здоровье – это состояние полного физического, умственного и социального благополучия при отсутствии заболеваний репродуктивной системы на всех этапах жизни человека...

Случайной величины Плотностью распределения вероятностей непрерывной случайной величины Х называют функцию f(x) – первую производную от функции распределения F(x): Понятие плотность распределения вероятностей случайной величины Х для дискретной величины неприменима...

Схема рефлекторной дуги условного слюноотделительного рефлекса При неоднократном сочетании действия предупреждающего сигнала и безусловного пищевого раздражителя формируются...

Шрифт зодчего Шрифт зодчего состоит из прописных (заглавных), строчных букв и цифр...

Краткая психологическая характеристика возрастных периодов.Первый критический период развития ребенка — период новорожденности Психоаналитики говорят, что это первая травма, которую переживает ребенок, и она настолько сильна, что вся последую­щая жизнь проходит под знаком этой травмы...

РЕВМАТИЧЕСКИЕ БОЛЕЗНИ Ревматические болезни(или диффузные болезни соединительно ткани(ДБСТ))— это группа заболеваний, характеризующихся первичным системным поражением соединительной ткани в связи с нарушением иммунного гомеостаза...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.011 сек.) русская версия | украинская версия