Студопедия — Афармленне беларускай савецкай дзяржаўнасці.
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Афармленне беларускай савецкай дзяржаўнасці.






Успомніце. 1. Якія пазіцыі па пытанні аб утварэнні беларускай дзяржаўнасці займалі беларускія нацыянальныя арганізацыі ў пачатку ХХ ст.? 2. Што такое Рэч Паспалітая? 3. Якія тэрыторыі яна ўключала? 4. Калі адбыліся падзелы Рэчы Паспалітай? 5. Якія дзяржавы ўдзельнічалі ў гэтых падзелах?

Вызваленне Беларусі ад германскай акупацыі. Пазіцыя бальшавікоў па “беларускім пытанні”. Паражэнне аўстра-германскага блоку ў Першай сусветнай вайне і Лістападаўская рэвалюцыя 1918 г. у Германіі дазволілі ўраду У. І. Леніна ануляваць 13 лістапада 1918 г. Брэсцкі дагавор. Пачалося вызваленне Беларусі ад нямецкай акупацыі. Дасярэдзіны лютага 1919 г. амаль уся яе тэрыторыя была вызвалена.

Рэальнае і дзейснае нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва ў Беларусі пачалося пасля вызвалення яе тэрыторыі ад нямецкіх акупантаў. Яно было звязана з утварэннем Беларускай ССР. Працэс нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва праходзіў у даволі складаных умовах. З аднаго боку, кіраўнікі Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкама) (утвораны ў студзені 1918 г. пры Народным камісарыяце РСФСР па справах нацыянальнасцей у Маскве) і Цэнтральнага бюро беларускіх секцый РКП(б) (арганізавана з бежанцаў-беларусаў у розных гарадах Расіі) А. Чарвякоў, З. Жылуновіч і іншыя лічылі неабходным стварэнне беларускай савецкай рэспублікі і ўстанаўленне яе цесных сувязей з РСФСР.

З іншага боку, кіраўнікі Заходняй вобласці выступалі супраць абвяшчэння Беларускай ССР. Закінутыя вайной на тэрыторыю Беларусі, небеларусы па нацыянальнасці А. Ф. Мяснікоў (Мяснікян), В. Г. Кнорын і іншыя няправільна разумелі сутнасць беларускага нацыянальнага пытання і праблемы развіцця сусветнай цывілізацыі. Яны не прызнавалі існавання самастойнай беларускай нацыі і беларускай нацыянальнай культуры, а беларусаў лічылі крыху сапсаванымі рускімі, якім патрэбна дапамагчы не ў стварэнні дзяржаўнасці, а ў «выпраўленні» іх мовы, пасля чаго беларусы сталі б сапраўднымі рускімі людзьмі. Рускі народ яны разглядалі як адзінства трох народнасцей: велікаросаў, маларосаў (украінцаў) і беларусаў. Так іх вучылі ў дарэвалюцыйнай школе, так выхоўвала іх рэвалюцыйнае асяроддзе і партыйная прапаганда.

А. Мяснікоў, В. Кнорын і іншыя кіраўнікі Заходняй вобласці разглядалі Савецкую Расію ў якасці пачатку і базы сусветнай пралетарскай рэвалюцыі. Яны лічылі неабходным пры любых абставінах абараніць і захаваць Савецкую Расію як адзіную і непадзельную дзяржаву. На іх думку, эпоха нацыянальных дзяржаў адышла ў мінулае, а абарона нацыянальнай дзяржаўнасці перашкаджае сусветнай рэвалюцыі. Такая памылковая пазіцыя мясцовых кіраўнікоў супадала з пазіцыяй вышэйшага савецкага кіраўніцтва.

Аднак, улічваючы імкненне беларускага народа да стварэння сваёй дзяржаўнасці, патрабаванні некаторых палітычных партый і арганізацый у вырашэнні беларускага пытання, наяўнасць самаабвешчанай БНР, а таксама ў мэтах умацавання і пашырэння заваёў сацыялістычнай рэвалюцыі ў сусветным маштабе 24 снежня 1918 г.ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні БССР.

Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Прыняцце канчатковага рашэння аб утварэнні Беларускай ССР, яе абвяшчэнне адбывалася ў Смаленску, які з’яўляўся тады адміністрацыйным цэнтрам Заходняй Камуны (былая Заходняя вобласць) РСФСР. У склад гэтай адміністрацыйнай адзінкі ў канцы 1918 г. уваходзіла тэрыторыя Беларусі і Смаленшчыны.

30 снежня 1918 г. у Смаленску адкрылася VІ Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б). Яна прыняла рэзалюцыю «Абвяшчэнне Заходняй Камуны Беларускай Савецкай Рэспублікай». Канферэнцыя абвясціла сябе І з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі (КП(б)Б) і выбрала кіруючы орган — Цэнтральнае бюро КП(б)Б. Старшынёй Прэзідыума ЦБ КП(б)Б стаў А. Мяснікоў. 31 снежня 1918 г. ЦБ КП(б)Б зацвердзіла склад Часовага рабоча-сялянскага Савецкага ўрада Беларусі на чале з З. Жылуновічам.

1 студзеня 1919 г. Часовы ўрад Беларусі апублікаваў Маніфест, які абвясціў стварэнне БССР у межах этнічнага пражывання беларусаў. Аблвыкамзах склаў свае паўнамоцтвы, Заходняя вобласць РСФСР (Заходняя Камуна) была скасавана. 5 студзеня 1919 г. урад БССР і ЦБ КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск, які з гэтага часу стаў сталіцай БССР.

Аб’яднанне Беларускай ССР і Літоўскай ССР і стварэнне Літоўска-Беларускай ССР. Пагроза інтэрвенцыі з боку Польшчы прымусіла савецкае кіраўніцтва аб’яднаць БССР з Літоўскай ССР. 16 студзеня 1919 г.ЦК РКП(б) прыняў рашэнне ўключыць Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні ў склад РСФСР, а на аснове Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губерняў абвясціць Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел). Меркавалася, што ўключаныя ў склад РСФСР Віцебская і Магілёўская губерні, калі іншыя тэрыторыі Беларусі будуць захоплены Польшчай, у будучым змогуць стаць асновай для аднаўлення беларускай дзяржаўнасці.

2—3 лютага 1919 г. адбыўся І Усебеларускі з’езд Саветаў. Ён прыняў Канстытуцыю БССР, згодна з якой вышэйшая ўлада ў рэспубліцы належала з’езду Саветаў. У перыяд паміж з’ездамі яе здзяйсняў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ЦВК). Першая Канстытуцыя БССР вызначыла асноўныя задачы дзяржавы, абвясціла дэмакратычныя правы і свабоды грамадзян, адмяніла прыватную ўласнасць на зямлю, абвясціла лясы, нетра і ваду дзяржаўным здабыткам. З’езд прыняў рашэнне аб аб’яднанні ў адну дзяржаву Беларускай ССР і Літоўскай ССР. Такое ж рашэнне прыняў і І з’езд Саветаў Літвы ў лютым 1919 г.

27 лютага 1919 г. былі створаны ЦВК і СНК Літбел. У склад гэтай дзяржавы ўвайшлі Мінская, Гродзенская, Віленская, Ковенская і частка Сувалкаўскай губерняў з больш як 4-мільённым насельніцтвам. Сталіцай Літоўска-Беларускай ССР стаў горад Вільня. Аднак ужо ў жніўні 1919 г. тэрыторыя аб’яднанай дзяржавы была захоплена Польшчай. Літоўска-Беларуская ССР перастала існаваць.

Польская інтэрвенцыя ў Беларусі ў 1918-1920 гг. У лістападзе 1918 г., у сувязі з паражэннем у Першай сусветнай вайне Германіі і Аўстра-Венгрыі, а таксама перамогай Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі і абвяшчэннем Савецкай уладай несапраўднымі ўсіх дагавораў царскага ўрада наконт лёсу трэціх краін, аднавілася Польская дзяржава. Пры дапамозе краін Антанты за кароткі тэрмін яна стварыла моцную армію. Польскае кіраўніцтва паставіла задачай адрадзіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г., уключыць у склад Польшчы Літву, значныя тэрыторыі Украіны і Беларусі.

У канцы лютага 1919 г.войскі Польшчы пачалі наступленне і занялі Гродзеншчыну, дзе знаходзілася Рада БНР. Яна зрабіла спробу арганізаваць супраціўленне палякам, стварыўшы для гэтага Савет Дзяржаўнай абароны на чале з В. Ластоўскім і генералам К. Кандратовічам. Але гэта акцыя поспеху не мела. Да сярэдзіны красавіка 1919 г. палякі захапілі Брэст, Пінск, Ваўкавыск, Слонім, Ліду, а 21 красавіка — Вільню. Асноўныя сілы Чырвонай Арміі ў гэты час былі заняты на Усходнім фронце.

22 красавіка 1919 г. кіраўнік Польшчы Ю. Пілсудскі ў сваім звароце «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага» абяцаў даць усім свабоду і роўныя магчымасці ў вырашэнні нацыянальных і рэлігійных спраў, а таксама забяспечыць федэратыўныя сувязі беларускай, украінскай і літоўскай свабодных дзяржаў пад патранажам Польшчы. Але гэта быў дыпламатычны ход.

8 жніўня 1919 г. польскія войскі захапілі Мінск. Фронт стабілізаваўся толькі ў канцы 1919 г. на лініі р. Бярэзіны. Пачаліся мірныя перагаворы.

На захопленай тэрыторыі быў устаноўлены жорсткі акупацыйны рэжым, адноўлена ўлада памешчыкаў і капіталістаў. Праводзіліся масавыя арышты праціўнікаў польскага рэжыму і дзеячаў беларускага нацыянальнага руху. Багацці Беларусі раскрадаліся і перапраўляліся ў Польшчу. Дзяржаўнай мовай была аб’яўлена польская. Зачыняліся беларускія школы і ўстановы культуры. З дзяржаўных устаноў звальняліся асобы беларускага паходжання і праваслаўнага веравызнання.

Некаторыя кіраўнікі беларускага нацыянальнага руху паверылі прапагандзе Ю. Пілсудскага. Рада БНР на чале з Я. Лёсікам звярнулася да Пілсудскага з лістом, у якім змяшчалася просьба аб перадачы ёй улады ў Беларусі. Старшыня ўрада БНР А. Луцкевіч пачаў перагаворы з прэм’ер-міністрам Польшчы аб прызнанні БНР. У верасні 1919 г. А. Луцкевіч у Варшаве пагадзіўся заключыць унію Беларусі і Польшчы пры ўмове прызнання польскім сеймам незалежнасці БНР. Але Ю. Пілсудскі не прыняў гэтай прапановы і загадаў інтэрніраваць (прымусова затрымаць) А. Луцкевіча.

Польскае кіраўніцтва лавіравала. Пілсудскі дазволіў правесці сесію Рады БНР, спадзеючыся, што яна прыме рашэнне аб уніі Польшчы і Беларусі без ніякіх умоў. Быў падпісаны дэкрэт аб стварэнні двух батальёнаў беларускага войска і арганізавана Беларуская вайсковая камісія. Але галоўнакамандуючым беларускага войска быў прызначаны польскі афіцэр.

Беларускі народ не скарыўся акупантам. Яго барацьбу ўзначалілі камуністы і эсэры. У канцы жніўня 1919 г. ЦК КП(б)ЛіБ утварыў спецыяльны палітычны орган — Бюро па нелегальнай рабоце, якое займалася фарміраваннем партызанскіх атрадаў. У кастрычніку 1919 г. ЦК БПСР заклікаў усе палітычныя партыі стварыць агульны фронт барацьбы за вызваленне Беларусі.

Антыбеларуская пазіцыя польскіх улад і размах антыпольскай барацьбы выклікалі раскол у кіраўніцтве БНР. На сесіі Рады БНР у снежні 1919 г. прыхільнікам польскай арыентацыі, старшыні Рады Я. Лёсіку і старшыні ўрада А. Луцкевічу, быў выказаны недавер. Утварыўся новы прэзідыум Рады і новы ўрад БНР. Прыхільнікі уніі з Польшчай склалі Найвышэйшую раду. У адказ польскія ўлады арыштавалі кіраўніцтва партыі беларускіх эсэраў, у тым ліку і новага кіраўніка ўрада В. Ластоўскага, а таксама афіцыйна заявілі, што не збіраюцца прызнаваць БНР.

На грунце барацьбы за вызваленне Беларусі ад польскіх акупантаў адбываўся працэс далейшага збліжэння камуністаў і беларускіх эсэраў. У снежні 1919 г. у Смаленску прайшла сумесная канферэнцыя прадстаўнікоў гэтых партый. Быў падпісаны дагавор, у якім камуністы і эсэры абавязваліся стварыць адзіны антыпольскі фронт барацьбы. Таксама быў распрацаваны план узброенага паўстання і створаны Беларускі паўстанцкі камітэт (БПК).

У пачатку 1920 г. камуністычная і эсэраўская плыні партызанскага руху аб’ядналіся. Вялікую ролю ў гэтым аб’яднанні адыграла Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА) на чале з У. Ігнатоўскім.

Беларускія партызаны разбуралі камунікацыі, узрывалі польскія вайсковыя эшалоны, праводзілі разведвальную работу ў тыле ворага. У студзені1920 г. у вёсцы Гатава каля Мінска адбыўся першы, а ў красавікуў вёсцы Міханавічы — другі з’езд партызанаў. На гэтых з’ездах была распрацавана тактыка барацьбы супраць польскіх акупантаў.

Вясной 1920 г., павялічыўшы сваю армію з дапамогай краін Антанты да 740 тыс. чалавек, Польшча зноў разгарнула наступленне і захапіла Мазыр, Калінкавічы і Рэчыцу. Чырвоная Армія атрымала папаўненне з Усходняга фронту, дзе скончылася вайна з Калчаком, і пачала контрнаступленне. Але яно было няўдалым. Чырвоная Армія адышла на зыходныя пазіцыі.

Новае наступленне салдат і афіцэраў Заходняга фронту пад камандаваннем М. Тухачэўскага пачалося 4 ліпеня 1920 г. 11 ліпеня быў вызвалены Мінск, 1 жніўня — Брэст. Чырвоная Армія рушыла на Варшаву.

Другое абвяшчэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 6 ліпеня 1920 г. ЦК КП(б) Літвы і Беларусі прызнаў неабходным аднавіць Беларускую ССР. Гэтае рашэнне падтрымаў ЦК РКП(б).

31 ліпеня 1920 г. у Мінску адбылося сумеснае пасяджэнне прадстаўнікоў партый і грамадскіх арганізацый, на якім была прынята «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь». Савецкая Беларусь аднаўлялася ў межах шасці паветаў Мінскай губерні (Мінскі, Барысаўскі, Бабруйскі, Ігуменскі, Слуцкі і Мазырскі) з насельніцтвам крыху больш за 1,5 млн чалавек.

У жніўні 1920 г. наступленне Чырвонай Арміі ў Польшчы было спынена. Спадзяванні на развіццё сусветнай рэвалюцыі не здзейсніліся. Магутны нацыянальна-патрыятычны ўздым польскага народа ў абарону сваёй радзімы не спраўдзіў разлікаў савецкага ўрада на падтрымку Чырвонай Арміі польскім пралетарыятам. Чырвоная Армія пацярпела паражэнне. Заходняя Беларусь была зноў акупіравана Польшчай. Знясіленая бесперапыннымі войнамі, Савецкая Расія 12 кастрычніка 1920 г. заключыла з Польшчай прэлімінарны (папярэдні) дагавор.

Рыжскі мірны дагавор. 18 сакавіка 1921 г. у Рызе быў падпісаны мірны дагавор паміж Савецкай Расіяй, Украінай і Польшчай. Прадстаўнікоў Рады БНР у Рыгу не дапусцілі, а Рэўкам БССР даручыў прадстаўляць інтарэсы Беларусі дэлегацыі РСФСР. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам да Польшчы адышла тэрыторыя Заходняй Беларусі (да Негарэлага, што ў 50 км на захад ад Мінска) з плошчай больш за 100 тыс. км2 і насельніцтвам больш як 4 млн чалавек.

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Назавіце гістарычныя падзеі, якія адбыліся 30—31 снежня 1918 г., 1 студзеня 1919 г., 5 студзеня 1919 г., 16 студзеня 1919 г., 2—3 лютага 1919 г., 27 лютага 1919 г., 31 ліпеня 1920 г., 18 сакавіка 1921 г.

2. Назавіце прычыны ўтварэння БССР.

3. Чым было абумоўлена ўключэнне Віцебскай і Магілёўскай губерняў у склад РСФСР?

4. Назавіце прычыны ўтварэння Літоўска-Беларускай ССР.

5. Якімі былі мэты польскага наступлення на тэрыторыю Беларусі ў канцы лютага 1919 г.? З дапамогай карты (с.) ахарактарызуйце яго вынікі.

6. Ахарактарызуйце польскі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі.

7. Назавіце партыі, арганізацыі, якія ўзначалілі барацьбу беларускага народа супраць польскіх інтэрвентаў. Прывядзіце прыклады антыпольскага змагання беларускіх партызанаў у 1919—1920 гг.

8. Калі была адноўлена незалежнасць Беларускай ССР і ў якіх межах? Чаму гэтую падзею ў літаратуры называюць другім абвяшчэннем БССР?

9. Ахарактарызуйце пазіцыю Рады БНР у адносінах да польскіх інтэрвентаў. Якімі былі вынікі яе дзейнасці?

10. Калі быў заключаны Рыжскі мірны дагавор? Якімі былі яго ўмовы для Беларусі?

Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку

1. Параўнайце пазіцыі розных палітычных дзеячаў па пытанні ўтварэння беларускай дзяржавы. Якая з пазіцый, на ваш погляд, правільная? Сваю думку абгрунтуйце.

2. Ахарактарызуйце змены тэрыторыі Беларускай ССР у 1919 г. Вызначце гістарычныя ўмовы гэтых зменаў. Пачніце запаўненне табліцы.

Тэрытарыяльныя змены БССР у першай палове ХХ ст.

Перыяд Тэрыторыя БССР
1919 – 1921 гг.  

3. Устанавіце прычыны:

а)няўдалай спробы Рады БНР арганізаваць супраціўленне польскай акупацыі;

б)паражэння Чырвонай Арміі ў Варшаўскай ваеннай аперацыі 1920 г.

4. З дапамогай дадатковай літаратуры падрыхтуйце паведамленне «Слуцкае паўстанне 1920 г.: розныя пункты гледжання».

5. Прадоўжыце запаўненне табліцы.

Беларускі нацыянальны рух у 1914—1939 гг.

Перыяды Гістарычныя ўмовы Дзеячы Мэты Сродкі дасягнення Вынікі
Студзень — снежань 1919 г.          






Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 1784. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Обзор компонентов Multisim Компоненты – это основа любой схемы, это все элементы, из которых она состоит. Multisim оперирует с двумя категориями...

Композиция из абстрактных геометрических фигур Данная композиция состоит из линий, штриховки, абстрактных геометрических форм...

Важнейшие способы обработки и анализа рядов динамики Не во всех случаях эмпирические данные рядов динамики позволяют определить тенденцию изменения явления во времени...

ТЕОРЕТИЧЕСКАЯ МЕХАНИКА Статика является частью теоретической механики, изучающей условия, при ко­торых тело находится под действием заданной системы сил...

Тема: Составление цепи питания Цель: расширить знания о биотических факторах среды. Оборудование:гербарные растения...

В эволюции растений и животных. Цель: выявить ароморфозы и идиоадаптации у растений Цель: выявить ароморфозы и идиоадаптации у растений. Оборудование: гербарные растения, чучела хордовых (рыб, земноводных, птиц, пресмыкающихся, млекопитающих), коллекции насекомых, влажные препараты паразитических червей, мох, хвощ, папоротник...

Типовые примеры и методы их решения. Пример 2.5.1. На вклад начисляются сложные проценты: а) ежегодно; б) ежеквартально; в) ежемесячно Пример 2.5.1. На вклад начисляются сложные проценты: а) ежегодно; б) ежеквартально; в) ежемесячно. Какова должна быть годовая номинальная процентная ставка...

Разработка товарной и ценовой стратегии фирмы на российском рынке хлебопродуктов В начале 1994 г. английская фирма МОНО совместно с бельгийской ПЮРАТОС приняла решение о начале совместного проекта на российском рынке. Эти фирмы ведут деятельность в сопредельных сферах производства хлебопродуктов. МОНО – крупнейший в Великобритании...

ОПРЕДЕЛЕНИЕ ЦЕНТРА ТЯЖЕСТИ ПЛОСКОЙ ФИГУРЫ Сила, с которой тело притягивается к Земле, называется силой тяжести...

СПИД: морально-этические проблемы Среди тысяч заболеваний совершенно особое, даже исключительное, место занимает ВИЧ-инфекция...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.012 сек.) русская версия | украинская версия