Кантрольныя дыктанты
1. Балючая роспач Васіля Васіль пайшоў дадому. Пайшоў невясёлы, але і не з такой балючай роспаччу, як мінулы раз: нібы прывыкаў ужо да бяды. Быццам адчуваў ужо, што страчанага, як ні кідайся, не вернеш: з воза ўпала – прапала, трэба прымяркоўвацца да новага стану. Можа ж і на той зямлі, калі папапяцца добра, дабіцца чаго-небудзь можна. Няхай не ўдосталь, але і з тою, перабіваючыся, пражыць неяк можна. А калі крута будзе, то і ў прыработкі якія-небудзь падацца… І зырчала зноў у клопатнай маркоце неспакойная і заваблівая памяць пра Ганну: зноў нібы звала Ганна яго ў недаступны свет. І зноў здавалася: вось-вось Васіль разарве ўсё, што аблытала яго – прападзі яно пропадам, – і пойдзе, вольны, шчаслівы… І не чуў ужо халоднага ветру, што пранізваў зрэбныя штаны, што шыўся пад світу. І вочы нават цешылі гэтыя першыя нясмелыя сняжынкі, што мітусліва прыхарошвалі зямлю блізка і ў далечы, у якой ён угадваў купы дрэваў ля Глінішч, ля таго сяла, дзе была Ганна. Калі ішоў полем паўз Глінішчы, выбраў з няроўнага рада стрэх і дахаў гонтавы верх школы, ледзь стрымаў сябе, каб не збочыць. Не ведаў, як пасля ўсяго сустрэне Ганна, чуючы вялікую вінаватасць перад ёю, толькі ўсхвалявана, растрывожана глядзеў зводдалек. Павольна, няцвёрда ішоў ад сяла, нялёгка адольваў непаслухмянае жаданне, што спыняла, цягнула назад. Ужо за грэбляй, каля Куранёў, апанавала іншае: проста не мог глядзець на цагельню, на сваю паласу, здзеклівую чарнату якой падбельваў снег. Нават стаў, доўга, пацямнелы, стаяў, не гледзячы туды і не маючы сілы скрануцца. Пайшоў тады, калі ззаду, з Алешнікаў, стаў пад’язджаць хтосьці…(Паводле І. Мележа).
|