МАТЧЫНА СЭРЦА
А я вам скажу, жаначкi, што наша, матчына, сэрца не кожны чалавек разгадаць можа. Пакуль цягнiк дойдзе да мае станцыi, дык i я раскажу вам без жаднае прыкрасы адну быль. Можа, з вас хто i ведае Антося i Пятра Цiмошкавых з нашага калгаса “Прамень”? Антось дырэктарам прамкамбiната працуе ў раёне, а меншы, Пятро, — iнструктарам. Родная мацi гэтых двух братоў жыве ў нашай вёсцы. Кабецiна яна ўжо старэнькая i сама ў калгасе працаваць не можа. Параскай зваць. Увесну суседзi ёй агародзiк пасадзяць, а ўвосень школьнiкi памогуць выкапаць гароднiну ды ў хату знесцi. Перабiваецца бабуля з хлеба на квас. Пры людзях, самi ведаеце, жывы чалавек нiколi не прападзе. Улетку, у цяпло, старэнькай нiшто яшчэ жывецца, а зiмой бяда з дрывамi, дый годзе. Лес ад нашага калгаса дужа далёка, а паблiзу толькi маладзенькi альхоўнiк ды лазняк. Такiм палiвам зiмою хату не вельмi нагрэеш, калi i прынясеш якую вязачку. I невядома, жаначкi, як бы яно было далей, калi б не прыехаў да нас з Мiнска карэспандэнт. Аднаго разу ён трапiў да Параскi. Пасядзеў, пагутарыў з ёю, усё да макулiнкi пра сыноў распытаў, а пасля i кажа:”Падайце, бабуля, на такiх дзетак у суд, напомнiце пра iхнiя абавязкi перад сваёй маткай”. Параска замахала рукамi, што яна i непiсьменная, i плацiць няма чым за той суд, i гады ўжо не тыя, каб у раён хадзiць па такiх справах. А карэспандэнт быў чулы i дзелавы, вiдаць. Я, кажа, без грошай зраблю: i напiшу, i cуддзi перадам. I з дазволу бабулi напiсаў. Мiнула некалькi дзён, прымчаўся на машыне ў вёску старэйшы сын. Злосны такi. — Што вы, кажа, — мама, нарабiлi? Так зняславiць… Людзям на вочы сорамна паказацца. — А мне, — кажа Параска, — не сорамна хадзiць да суседзяў прасiць бярэмца якое дроў? Тут нiбы хто жарам сыпануў на Антося. — Як прасiць? Старшыня калгаса павiнен клапацiцца пра такiх адзiнокiх, як вы. Чаго ён тут глядзiць? А дапамогу, пра якую напiсана ў заяве, няхай ваш любiмы Петручок дае. Яму, як меншаму, хата застанецца. Каму спадчына, таму i даглядаць бацькоў. Сеў i паехаў. А неўзабаве завiтаў у наш “Прамень” cуддзя з засядацелямi. Не захацеў старую бабулю выклiкаць у раён, сам прыехаў. Параска з сынамi на пярэдняй лаўцы селi. Прачытаў той суддзя заяву, ды кажа да Петруся i Антося: — Можа, каторы па добрасцi, без суда, возьме мацi ў сваю сям’ю? Усё ж такi гадавала яна вас. Пераглянулiся браты, бабуля таксама то на аднаго, то на другога паглядзела. I маўчаць усе трое. Нарэшце суддзя парушыў цiшыню: “Антось Цiмошак, вы, — кажа, — старэйшы, вам першае слова”. Устаў той Антось, прыгладжаны, з гальштукам, i, не падымаючы вачэй, адказаў: “Я не магу ўзяць мацеры ў сям’ю: жонка мая сварлiвая”. Тады cуддзя да меншага: “А вы, Пётр Цiмошак, што скажаце?” “Я з ахвотаю, — усхапiўся той, — але ў мяне кватэра цесная: два пакоi, а нас трое без мацеры”, — i хуценька сеў на лаўку. “Выходзiць, матуля, што сыны выракаюцца вас. Калi так, прыйдзецца судзiць iх па закону”. Як тоькi пачула гэта Параска… Людцы мае, каб вы бачылi, што сталася з жанчынай! Як усхопiцца, як заломiць рукi ды бягом да cцэны, да тых суддзяў. “А божухна, сыночкаў маiх судзiць. Ды маё ж, матчына, сэрца не вытрывае гэтага… Нiчога мне ад iх не трэба, няхай жывуць здаровыя. Дзеткi мае любыя, прасiцеся, каб не судзiлi вас. А з мяне хопiць i тае радасцi, што ўбачыла за тры гады абодвух разам”. Тут старэйшы сын узяў матку за руку i кажа: “Паедзем да мяне, мама, — а да брата павярнуўся i кулаком пагразiў: —Забудзь цяпер пра матку. Каб твае нагi на маiм двары не было”. Тады малодшы сын схапiў мацi за другую руку i, ледзь не плачучы, пачаў прасiць: “Мама, паедзем са мною. Кавалак хлеба i куток знойдзецца i ў нас”. “Не руш! — крыкнуў Антось. — Дзе дагэтуль быў?” А Пятро яму: “Там, дзе i ты. З цябе, старэйшага, прыклад браў”. Браты спрачаюцца, а матчыных рук са сваiх не выпускаюць. Параска сiлiцца вырваць свае рукi, ды не можа. У зале зашумелi, загаманiлi. Мiкалай Крук, наш калгаснiк, усхапiўся, разняў братоў i памог бабульцы сесцi на лаўку. “Дык з каторым, бабуля, пойдзеш? З малодшым цi са старэйшым?” Параска ласкава паглядзела на сыноў i пацiху адказала: Пайду ў сваю хату век дажываць. Сэрца не дазваляе нi аднаго крыўдзiць. А яны няхай са мною кавалкам хлеба падзеляцца, як дзялiлася я з iмi, ды часцей наведваюць мацi”. I суддзя ўважыў Парасчыну просьбу… Паводле А. Пальчэўскага
|