Практыкаванні для замацавання лекцыйнага матэрыялу
Практыкаванне 1. · Прачытайце тэксты, вызначце іх стыль, абгрунтуйце свой выбар (назавіце сферу выкарыстання, мэты зносін, стылявыя рысы, моўныя сродкі). · Як змест і задачы выказвання ўплываюць на выбар стылю? Тэкст № 1. 22–23 верасня – дні асенняга раўнадзенства. У народным календары ім папярэднічае свята Багач, а ў хрысціянскім – Другая Прачыстая, або Дзень нараджэння Багародзіцы. Як адно, так і другое свята адзначаецца 14 (21) верасня. На жаль, у этнаграфічнай літаратуры звесткі пра гэта свята амаль што адсутнічаюць. Больш-менш поўнае і адзінае апісанне Багача зрабіў беларускі гісторык і этнограф мінулага стагоддзя Адам Багдановіч на падставе назіранняў у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. Па звестках А. К. Сержпутоўскага, такое свята шырока было вядома і на Палессі, дзе яно называецца Багатнікам. Багачоўскае свята адзначалі і жыхары Віленскай губерні, да якога, як адзначае мясцовы свяшчэннік І. А. Берман, выпякалі з новага ўраджаю вялікі каравай. (У. Сысоў.) Тэкст № 2. Багатнік вялікае свято. Усе яго святкуюць, бо чаму не святкаваць, калі, дзякуваць Богу, к таму часу на полі ўжэ ўсе паробяць, а дома дзело мажэ абаждаць; у кожнага е свежы хлеб, е якое-небудзь курча ці ягня. Е такія, што навараць піва або якое саладухі, е лішняя павасьмінка збожжа, каб купіць гарэлкі,– можна святкаваць, бо усяго е багацько. Моо затым і гэстае свято завуць Багатнікам, што к гэтаму часу ў кожнаго ўсяго багато. (А. Сержпутоўскі.) Тэкст № 3. Прыходзіў Багатнік. Вакол нясло восенню. У полі аставалася пакуль адна бульба. І тую пачалі капаць. Засеяная чуць не цалкам азіміна прарастала чырвоненькімі храсцікамі, гатуючы зялёную рунь. Там, дзе нядаўна жаўцела ярына ды жыта, слалася гала* пожні, утаптанай гавядаю. Многія палоскі былі пазяблены, каб зямля паспела лепей перапрэць. З лясоў, пахмурнеўшых, а дзе пераадзетых у жоўта-чырванаватую вопратку, прыляталі кучы шпакоў, апускаліся на свежую раллю і клапатліва бегалі па разорках. Неба ўжо засаб колькі дзён было ўслана гнедымі кіселістымі хмарамі, з якіх несціхана сачыўся драбнюткі дожджык. (Цішка Гартны.) *Гала – голае месца, чыстая прастора. Тэкст № 4. БАГАЧ, 1) Багатнік, багатуха – старадаўняе земляробчае свята, што спраўлялі пасля заканчэння жніва. З пашырэннем хрысціянства Багач быў прымеркаваны да свята нараджэння божай маці (8 верасня с. ст.), якая лічылася заступніцай ураджаю. Быў важным момантам у народным земляробчым календары: у гэты час заканчвалі ворыва зябліва і пачыналі сяўбу азімых – «Прыйшоў багач – кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку». Свята мела абшчынны характар і бытавала ў беларускай вёсцы да канца ХІХ ст. (пераважна на Гродзеншчыне і Паўночным Палессі). 2) Сімвал свята Багач – сявенька з жытам ці пшаніцай і ўстаўленай васковай свечкай (жыта вымалочвалі з першага зажыначнага снапа і зносілі па жменьцы з кожнага двара). З Багачом абходзілі ўсе двары ў вёсцы, а на заканчэнне зганялі на выгане статак і абносілі вакол яго Багач. Пасля свята яго ставілі ў хаце пэўнага гаспадара і пакідалі да наступнага жніва (за гэта ён частаваў удзельнікаў урачыстага абходу). Паводле народных павер’яў, Багач павінен быў забяспечыць дому багацце і шчасце. (Л. Мінько, М. Піліпенка.) Практыкаванне 2. · Падрыхтуйце дыялог на тэму «Беларускія народныя святы» ў размоўна-бытавым і размоўна-афіцыйным падстылях. · Адзначце агульныя прыкметы і адметнасці падстыляў размоўнага стылю. Практыкаванне 3. · Перакладзіце тэкст на беларускую мову. · Вызначце стыль тэксту. · Назавіце словы і моўныя прыёмы, характэрныя гэтаму стылю. В жизни земледельца Богач самое счастливое время – время сравнительного довольства, когда и у бедняка есть хлеб на столе, а у богатых, «как князья скирды широко сидят, подняв головы». Отсюда понятно, почему народ называет «богачем» праздник, совпадающий со временем окончательной уборки хлеба и хозяйственного обилия. Но есть факты, заставляющие думать, что «богач» – одно из земледельческих божеств дохристианского периода, одно из видоизменений несторовского Даждь бога солнца, бога изобилия, богатства, на что указывает и самое имя его. Главную роль в обряде этого празднества играет «богач» или «богатце». Это «лубка» ржи со вставленной в нее восковой свечой. «Богач» стоит в течение целого года в доме очередного хозяина, в почетном углу, под иконами. В этот день свеча зажигается. Не есть ли это соединение зернового хлеба, символа благосостояния, со свечою, символом светоносного начала, не есть ли это прообразом Даждьбога, источника света и вместе с тем покровителя земледелия, следовательно, бога обилия и благосостояния? (А. Богданович.)
|