Папараць-кветка
· Прачытайце наступны тэкст. Падрыхтуйце паведамленне па тэме «Вобраз папараць-кветкі ў творах беларускага мастацтва». Своеасаблівае купальскае павер’е. Яно адлюстравала веру старажытнага чалавека ў шчасце, яго законнае імкненне спазнаць навакольны свет, таямніцы жыцця, зямлі. Павер’е, як правіла, існуе ў форме легенды. Паводле яе, раз у год, на Купалле, апоўначы ў лясным гушчары мігатлівым агеньчыкам зацвітае кветка папараці. Хто сарве яе – абавязкова стане празарліўцам: будзе разумець добра гаворку дрэў, звяроў, птушак, шэпат траў. Таму шчасліўцу адкрыюцца скарбы зямлі. Лічылася, што папараць-кветку заўсёды акружаюць, ахоўваюць розныя пачвары, страшыдлы – увасабленне шматлікіх змрочных сіл. Аднак падсцерагчы і сарваць яе можа толькі смелы і адважны, а галоўнае – сумленны чалавек. Легенда пра папараць-кветку атрымала шырокае пераасэнсаванне ў літаратуры, мастацтве, музыцы. Да яе звярталіся М. Гогаль, Ю. Крашэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, сацыяльную інтэрпрэтацыю павер’ю даваў Я. Купала. У сучаснай беларускай літаратуры гэту легенду выкарысталі У. Караткевіч (п’еса «Калыска чатырох чараўніц»), І. Козел (п’еса «Папараць-кветка») ды інш., у музыцы – кампазітар А. Туранкоў (опера «Кветка шчасця» паводле музычнай драмы М. Чарота «На Купалле»). Практыкаване 13. · З дапамогай «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» размяжуйце амонімы і мнагазначныя словы. · Складзіце 2-3 сказы, каб словы былі ўжытыя ў тэрміналагічным значэнні. Байка Кандрата Крапівы – коўдра з байкі, галасы выбаршчыкоў – у акардэоне сапсаваліся галасы, сярэдневяковая легенда – легенда да карты, шатландская валынка – доўгая валынка, драўляная дудка – дудка чароту, восеньскія дзяды – калючыя дзяды, гучаць ліры – атрымаць ліры, святая тройца – неразлучная тройца, іграць на арфе – веяць зерне на арфе, багатая фантазія – фантазія на тэмы беларускіх песень. Практыкаванне 14. · Прачытайце беларускія загадкі. Вызначце, які від пераносу пакладзены ў іх аснову? 1) Баба-Яга, віламі нага, увесь свет корміць, а сама галодная. 2) Чорны конь у агонь лезе. 3) Без голасу, а вые, без рук, а абрусы сцеле. 4) Бегла ліска каля лесу блізка: ні сцежкі, ні дарожкі, толькі залатыя ножкі. 5) На хадулях дзве махалкі, над махалкамі зявалка, над зявалкай два калодзежы, над калодзежамі дзве міргалкі, над міргалкамі гай, над гаем чыстае поле, над полем лес. 6) Верабей вала трымае. 7) З высокай дарогі глядзіць бычок крутарогі. 8) Глінскі біўся з Бульбінскім, а без Саламона і суду няма. 9) Залез баран у быковую скуру. 10) Стаяць рогі ля дарогі, прыйшоў поп – пугай сцёб, пайшлі рогі далей. Для даведак: месяц; саха; бульба варыцца ў гліняным гаршку без солі; качарга; панчоха ў боце; завіруха; чалавек; чалавек і вол; маланка; замок. Практыкаванне 15. · Спішыце тэкст, раскрываючы дужкі. · Падбярыце сінонімы да выдзеленых слоў. · Знайдзіце амонім у тэксце, высветліце яго від. У кола ўвайшоў басаногі, з голай грудзінай і ў доўгім (кажух) бог (холад) Зюзя. Ільняныя вусы закінуты за плечы, ільняная грыва валасоў падае аж ніжэй лапатак. Зюзя пагрозна рыкаў, сварыўся на людзей пальцам, пляваў на агонь, босымі нагамі ўзвейваў у паветры снег, нібы хацеў зрабіць завіруху … За ім валасатая варта несла саламянае чучала Каляды. Каляда павярнулася (спіна) да бадняка, глядзела ў змрок плоскімі намаляванымі (вочы). Хлопцы і дзеўкі кідаліся на варту, каб павярнуць Каляду тварам да (агонь), і ляцелі ў снег, адкінутыя ёю. Хлопцы панеслі Каляду ў хату, схаваць, каб потым, на масленіцу, калі зіма не толькі павернецца да сонца, але і адступіць, спаліць яе на тым самым (месца). (У. Караткевіч.) Практыкаванне 16. · Прачытайце тэкст. · Запішыце сінанімічныя рады, падкрэсліце дамінанту. Дапоўніце іх сваімі прыкладамі. · Знайдзіце ў тэксце вобразныя сродкі (метафары, эпітэты, параўнанні). Растлумачце іх стылістычную ролю. Дзяўчаты пачалі збірацца на варажбу – са стуса хваталі адна перад адною яшчэ цёплыя пухкія аладкі. У хаце падняўся смех і крык. На захадзе залатою дужкаю пярсцёнка выясніўся малады месяц. Недзе туды, на гэты пярсцёнак месяца, тоўстым асіплым ад вострага марозу голасам брахаў чужы сабака. Дзяўчаты, задыхнуўшыся ад рогату, паслухалі гэты брэх і, апярэджваючы адна адну, завярнулі на вуліцу. Пад нагамі гарачымі вуглямі зарыпеў намерзлы шорсткі снег. Расцягнуўшыся шнурком на сцежцы, што пятлёю абвівала чужыя гумны, дзяўчаты скіравалі да Сцяпана Чабоцькі. Прыпыніліся перад збітаю з калкоў брамкаю – каля буды круціўся, задыхаючыся ад злосці, чорны і вялікі, як звер, Сцяпанаў сабака, ірваў прыбіты да вугла кароткі ланцуг. Хрысця першаю ўскочыла ў прычыненыя веснікі, заторыўшы праход, за ёю ўціснуліся ўсе дзяўчаты. – Куды гэта вас прэ, чаго гэта? – Хрысцю апярэдзіў мужчынскі голас. Дзяўчаты, што было моцы, пусціліся бегчы назад, некаторая паслізнулася на калдобістай і высокай, як грэбля, сцежцы, кулямі на яе пасыпаліся астатнія, завішчалі на ўвесь голас. Не паспеўшы нават ускочыць у веснікі, першаю цяпер ад Сцяпанавае хаты ўцякала кароткая тоўстая Ганначка... Яе скоранька дагналі і зноў пачалі выпярэджваць дзяўчаты. Шморгаючы рукавамі пахучага, ад свежых аўчын, дубленага кажушка, першаю зноў ляцела Хрысця – з‑пад яе чаравікаў пырскаў хрумсткі снег. Нарабіўшы лопату, як спуджаныя курапаткі, дзяўчаты пырхнулі на другі бок вуліцы, за Корсакава гумно. (Паводле В. Адамчыка.) · Пра якую варажбу ідзе размова ў тэксце? · Раскажыце, як яшчэ варажылі на Каляды. Практыкаванне 17. · Прачытайце тэкст. · Знайдзіце кантэкстуальныя сінонімы, высветліце, якую ролю яны адыгрываюць у тэксце. · Да якіх слоў вы можаце падабраць антонімы? · Вызначце лексічнае значэнне слова трасянка. · Ці можна ў апошнім радку тэксту ўжыць слова гліністы?
Практыкаванне 18. · Запішыце тэкст, выбіраючы са слоў у дужках патрэбнае. Абгрунтуйце свой выбар. · Вызначце стыль тэксту. У (язычніцкай, язычнай) рэлігіі (верхнім, вярхоўным) Богам лічыўся Сварог – Бог неба, а яго дзеці, што былі стаўленікамі паміж людзьмі і Богам-бацькам, называліся сварожычы. Перыяду (зімняга, зімнага, зімовага) сонцастаяння надавалася значэнне часу, калі пачынаў адраджацца на новы віток жыцця Бог-Сонца. У гонар гэтага ў народзе праводзіліся шматлікія ўрачыстасці і святкаванні, якія ў славян замацаваліся пад (агульнай, абагуленай) назвай – Каляды. Дарэчы, на Беларусі па (афіцыяльным, афіцыёзным, афіцыйным) календары ў залежнасці ад веравызнання Каляды святкуюцца ў (розныя, разнастайныя) даты: у католікаў з 24 снежня па 6 студзеня і ў праваслаўных вернікаў з 6 па 21 студзеня. Але ж (язычніцкія, язычныя) Каляды не мелі дачынення ні да католікаў, ні да праваслаўных. Падобнае разыходжанне ў датах (святкаванняў, свят) звязана з гісторыяй рэлігіі ў нашым краі. Хрысціянства на працягу апошняга тысячагоддзя, вельмі актыўна выцясняючы (язычныя, язычніцкія) традыцыі са свядомасці беларусаў, дабілася забароны іх на дзяржаўным узроўні. У такім (выпаду, выпадку) Каляды як (свята, святкаванне) прадаўжалі функцыянаваць у простанародным асяродку, і паступова, з узмацненнем пазіцый хрысціянства, дата іх святкавання прымяркоўвалася народам да календароў гэтых хрысціянскіх канфесій, у якіх на дні (зімняга, зімнага, зімовага) сонцастаяння прыпадае нараджэнне Ісуса Хрыста. (Паводле У. Сысова.) · Пазнаёмцеся з артыкуламі Э. Зайкоўскага «Багі старажытнай Беларусі» ў часопісе «Роднае слова» № 8, 11, 12 за 1996 г. і № 3, 6 за 1997 г. Раскажыце, якім яшчэ багам пакланяліся беларусы. Практыкаванне 19. · Прачытайце прыказкі. Раскажыце, у якой сітуацыя яны ўжываюцца. Вызначце ролю антонімаў. Корань навукі горкі, ды плады яго салодкія. Няма ліха без дабра і дабра без ліха. Назад азірайся, але наперад падавайся. Ранняя пташка крылкі цярэбіць, а позняя вочкі працірае. Ніхто не бача, як сірата плача, а кожны бача, як сірата скача. Чым ноч цямней, тым ясней зоры. Лепей жартаваць, чымся гараваць. Малады сілу паказвае, а стары спосабу шукае. Багатаму шкода карабля, а беднаму – кашаля. Назад кінь, наперадзе знойдзеш. Практыкаванне 20. · З кнігі У. Сысова «З крыніц спрадвечных» (Мн., 1997) выпішыце прыказкі і прымаўкі пра каляндарныя святы. Практыкаванне 21 · Прачытайце тэксты, вызначце іх стыль. Абгрунтуйце свае меркаванні. · Выпішыце дыялектныя назвы і падбярыце да іх адпаведныя літаратурныя. · Знайдзіце словы, ужытыя ў пераносным значэнні. Вызначце іх ролю ў тэкстах. Тэкст № 1. Пры вывучэнні традыцыйнай культуры народа мы асаблівую ўвагу звяртаем на народнае жыллё. Менавіта яно данесла да нас праз вякі і эпохі каштоўнейшую інфармацыю аб тым, як жыў чалавек, чым жыў, як арганізоўваў свой паўсядзённы быт, якімі прыладамі і рэчамі карыстаўся, што дазваляе прасачыць вытокі і эвалюцыю яго самабытнай культуры. У шырокім сэнсе жыллё – гэта не толькі жылыя памяшканні, але і ўся сядзібная забудова, што складаецца з цэлага комплексу жылых, падсобных, гаспадарчых і прамысловых пабудоў, кожная з якіх выконвала свае, уласцівыя ёй функцыі і разам з тым цесна дапасавалася адна да адной, утвараючы гарманічнае цэлае – адзіны жыллёва-будаўнічы комплекс. Сядзібны комплекс складаўся з жылля (хата), клеці, свірна, варыўні (стопка), склепа (пограб), павеці, адрыны для сена, абарога, гумна, сушні, лазні, хлявоў, студні, вяндлярні, рамеснай майстэрні ды інш. Большасць з гэтых пабудоў вядома паўсюдна ў Беларусі, некаторыя былі распаўсюджаны ў асобных рэгіёнах, пры гэтым істотныя карэктывы ў іх геаграфію ўносілі тып паселішча і сацыяльны склад жыхароў. Кожная са згаданых сядзібных пабудоў адрознівалася сваімі функцыямі, памерамі, планіроўкай, канструкцыйнымі асаблівасцямі, займаючы пэўнае месца ў сістэме ўсёй забудовы. (Паводле В. Цітова.) Тэкст № 2. Сам двор парос травою, пахучымі дробнымі рамонкамі, вясною – залатымі манетамі дзьмухаўцоў. Менавіта на чыстым двары пераважна размяшчаецца «склеп», або (на поўдні) «лёх». (Другі склеп, у якім частка запасаў заўсёды пад рукой, каб не бегаць кожны раз на двор, – у самой хаце ці ў сенцах, пад падлогай). У склепе бульба, гародніна, бочкі з капустай, гуркамі, мочанымі яблыкамі, дзежачка з грыбамі і тоўчанай ягадай, а калі гаспадар рыбак, то, можа, і з салёнай рыбай. Далей ідзе двор задні, для жывёлы. Яго абкружаюць хлявы, у якіх стаіць жывёла. Тут жа павець, або дрывотня, – крытае памяшканне, з трох бакоў запушчанае сценкамі. Тут складзены дровы, раней стаялі вазы, санкі, плугі... Замыкаецца двор вялікаю клуняю (свірнам). У стараннага чалавека ёсць яшчэ і капцільня. Раней пры кожнай хаце на задворках было гумно, а то і два з «еўняю» (сушыльняй) – земляным, гладка ўбітым токам. Адсюль вымалачаны хлеб ішоў у засекі клуні. Гумно было нібы сімвалам гадавой працы селяніна. (У. Караткевіч.) Тэкст № 3
· Абапіраючыся на прыведзеныя тэксты, раскажыце пра забудову беларускай сядзібы. Практыкаванне 22. · Прачытайце тэксты. · Знайдзіце словы абмежаванага ўжытку, растлумачце іх значэнне. Вызначце, у якой прафесійнай сферы яны выкарыстоўваюцца. Тэкст № 1. У будаўнічай лексіцы нямала назваў жыллёвых і грамадскіх пабудоў. Многія назвы гэтых аб’ектаў маюць агульны корань – буд-. Па сваёй прыродзе марфема буд - з’яўляецца дзеяслоўнай і ў беларускай мове характарызуецца даволі высокай дэрывацыйнай прадуктыўнасцю. У працэсе словаўтваральнай эвалюцыі яна «абрасла» суфіксальнымі і прэфіксальнымі афіксамі, якія надаюць ёй рознае скіраванне дзеяння ці працэсу. У выніку сфармавалася цэлае марфолага-словаўтваральнае гняздо з назоўнікаў і дзеясловаў, якое мае тры ступені дэрывацыі. Зыходнае слова – дзеяслоў будаваць у яго асноўным значэнні ‘ставіць, мураваць, рубіць дом; узводзіць будынак, збудаванне’. Разгледзім першую ступень дэрывацыі, што мае два словаўтваральныя рады – дзеяслоўны і назоўнікавы. Дзеясловы ўтвараюцца пры дапамозе прэфіксаў, якія далучаюцца да зыходнага слова будаваць: адбудаваць, выбудаваць, дабудаваць, забудаваць, збудаваць, надбудаваць, пабудаваць ды інш. Назоўнікі, якія ўваходзяць ў словаўтваральны рад, утвораны пры дапамозе разнастайных суфіксаў: будова, будоўля, будынак, будыніна, будаванне, будаўніцтва. Суфіксы надаюць словам розныя значэнні. (Паводле Т. Берднік.) · Вызначце адрозненні, якія надаюць прыстаўкі і суфіксы вытворным словам. Тэкст № 2. Канструкцыя клеці вызначалася дакладнасцю падгонкі элементаў, надзейнасцю і трываласцю. Для іх выбіралі лес лепшай якасці. Ніжні вянок падымалі над зямлёй і ставілі на камяні ці на ўкапаныя ў зямлю слупы дзеля сухасці памяшкання і лепшага праветрывання. На Палессі, каб засцерагчыся ад павадак, падлогу клеці падымалі больш чым на метр, перад уваходам клаліся пляскатыя камяні ці адзін-два тоўстыя абрубкі, якія выконвалі ролю прыступак. Клеці сялянскіх сядзібаў на Беларусі былі, як правіла, аднакамерныя, квадратныя ці прастакутныя ў плане. Страху ў асноўным рабілі закотам, што разам з надзейнымі запорамі дапамагала пазбягаць крадзяжоў. У планіровачным вырашэнні было мноства варыяцыяў. Уваходныя дзверы размяшчалі з прадольнага ці з папярэчнага боку, у шмат якіх выпадках рабілі праклетнік за кошт выпускаў тарцовых сценаў ці 2-3 ніжніх і верхніх вянкоў, на якія абапіраўся навет страхі. Часта, акрамя таго, пад страху падводзілі апорныя стойкі, якія ўтваралі галерэю, што абараняла працоўную пляцоўку ад ападкаў і сонечных промняў. Безумоўна, такім чынам лепш абараняліся і самі ўваходныя дзверы. Розным было канструкцыйнае і аб’ёмнае вырашэнне стрэхаў. Акрамя закота, выкарыстоўваліся і кроквы, і дзядкі, і іншыя варыянты апоры каркаса. Самі стрэхі былі двух- чатырохсхільнымі са шматлікімі варыяцыямі. Сустракаліся і двух’ярусныя клеці. Другі паверх павялічваў карысны аб’ём загрузкі ўсяго памяшкання. Яго часта рабілі з гаўбцом над галоўным уваходам і таксама невялічкімі дзвярамі. Акрамя ўнутранай лесвіцы, на другі ярус у такім выпадку да гаўбца прыстаўлялі звонку драбіны для больш лёгкай загрузкі другога паверха. Часта замест гаўбца для павелічэння аб’ёму верхняга паверха на пярэдні план высоўвалі франтон, які падтрымліваўся стойкамі галерэі, што ў такім выпадку рабілася перад уваходам. Асноўнае абсталяванне клеці – засекі, куды ссыпалі збожжа, ашосткі, паліцы ўздоўж сценаў, плеценыя і бандарныя ёмістасці рознага прызначэння і куфры. (А. Астаповіч.) · Знайдзіце ў тэксце сінонімы, вызначце іх тып. · Ад назоўнікаў варыянт і варыяцыя ўтварыце прыметнікі, падбярыце да іх назоўнікі. Растлумачце розніцу ў значэнні прыметнікаў. Практыкаванне 23. · Спішыце тэкст, устаўляючы прапушчаныя літары. · Падкрэсліце стылістычна афарбаваныя словы. Да якога стылю яны адносяцца? З якой мэтай ужывае іх аўтар? · Назавіце словы іншамоўнага паходжання. · Карыстаючыся «Слоўнікам іншамоўных слоў» А. М. Булыкі, растлумачце іх значэнне і ўжыванне. Пас...род брукаванага рынку ў гэтым п...цьдзесятвулічным заштатным гара...ку стаяў змрочны будынак – два паверхі і вежа. Першы паверх быў схаваны за паўкругам дробных крам, з якіх гандляры, небаракі, прыкаваныя да рысы аседласці, напрамілуй бог заклікалі да сябе людзей. Гармідар у свята ці ў кірмашны дзень быў страшэн...ы. Над ж...лезным крамным дахам узвышаўся верх будынка і вежа, не лішне высокая, але гэткая, якая яна і павінна быць паводле таго, на што яе каліс...ці будавалі: малюсен...кія акенцы, як у астрозе, адно над адным, з якіх і страляць льга і наглядаць, ці далёка ад горада стаў варожы аблог, і верх – готыка. З сярэдн...ве...а захавалася за гэтай будынінай назва – ратуша. Аблупл...ная змураваная цэгла прастаяць можа яшчэ не мала часу. (Кузьма Чорны.) Практыкаванне 24. · Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. · Раскрыйце значэнне запазычаных слоў, калі гэта магчыма, шляхам падбору беларускіх адпаведнікаў. · Выпішыце тэрміны, вызначце, як яны ўтварыліся. Нашы продкі жылі ў коле часу, інакш кажучы, ён быў у іх не лінейны, а цыклічны, прычым асноўнай адзінкай ліку з’яўляўся, безумоўна, год. Новы год – канец аднаго этапа ў жыцці прыроды і чалавека і пачатак другога, які тым не менш у значнай ступені паўтарае папярэдні. Такі колазварот даваў упэўненасць у трываласці існавання, у бесперапыннасці жыцця. Год – базавая мадэль для пабудовы ўсёй храналагічнай канструкцыі ў вельмі далёкіх нашых продкаў. Вучоныя знаходзяць яшчэ палеалітычныя календары на касцях мамантаў. У дадзеным выпадку сама прырода (рух Зямлі вакол Сонца) абумовіла дамінантную сутнасць года. Па аналогіі з асноўнымі з’явамі года будаваліся іншыя ярусы эпох, бо кожная падзея ў свеце абавязкова паўтараецца ў перыядах. Нават увесь Космас праходзіць праз такія перыяды – зоны. Год разбіваўся на 12 месяцаў, значыць, па аналогіі і наступны, большы, чым год, перыяд павінен складацца з 12 частак – гадоў, адпаведных месяцам. Пошук аналогій – асноўная асаблівасць першабытнага мыслення, тая яго рыса, якая абумовіла развіццё практычна ўсіх культурных працэсаў. Існуе іншае – касмічнае – тлумачэнне 12-гадовага цыкла ўсходняга календара. Яно заснавана на суадноснасці руху Сонца і Юпітэра, самай вялікай планеты сонечнай сістэмы. (Т. Кудрашова.) Практыкаванне 25. · Прачытайце тэкст. · Знайдзіце запазычаныя словы, назавіце прыметы запазычанасці. З дапамогай «Слоўніка іншамоўных слоў» А. М. Булыкі вызначце іх паходжанне. · Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў тэксце. Пытаннямі старажытнага календара, мерамі лічэння часу язычнікамі на тэрыторыі Беларусі дастаткова і наогул спецыяльна не займаліся ні гісторыкі і археолагі, ні астраномы і астрафізікі, ні этнографы і фалькларысты. Маюцца толькі некаторыя эпізадычныя і спадарожныя даследаванні, прысвечаныя іншым праблемам, якія часткова закранаюць узнятую тэматыку. Гісторыю беларускага календара можна разглядаць з глыбокай старажытнасці. Некаторыя археалагічныя знаходкі на этнічных беларускіх землях сведчаць аб наяўнасці ва ўсходніх славян своеасаблівых календароў, адлюстраваных на розных бытавых прадметах: гліняных гаршках, аздобленых рагах, бранзалетах з біўня маманта, спецыяльных драўляных брусках з нарэзамі ды інш. Палеалітычная знаходка на стаянцы Мезін, што на рацэ Дзясна, каля Чарнігава, уяўляе месячны каляндар у выглядзе ўзораў на бранзалеце з прамых рысак на пяці пласцінках з біўня маманта. Другі чарнігаўскі каляндар Х ст. змешчаны на акоўцы турынага рога. У ім гадавы цыкл прадстаўлены васьмю месяцамі. Існуе нямала іншых знаходак, пачынаючы з другога стагоддзя, у якіх вучоныя бачаць старажытныя календары, па якіх нашы далёкія продкі «чтааху» (лічылі) і «гатааху» (варажылі) пра дабрабыт і лёс чалавека. (Паводле А. Лозкі.) Практыкаванне 26. · Перакладзіце тэкст на беларускую мову. · Падкрэсліце словы, агульныя для рускай і беларускай моў. · Складзіце руска-беларускі слоўнік па тэме «Каляндар». Слово «календарь» восходит к латинскому «calendae» (первый день месяца), а оно, в свою очередь,– к глаголу «Calare», что означает «выкликать»: в Древнем Риме обязанностью главного жреца было громкое провозглашение первого дня нового месяца. Вообще же календари создавались независимо от Древнего Рима, задолго до и после него в разных уголках Земли, ибо потребность измерять время возникла у всех народов, как только осознавалась периодичность явлений природы (смена дня и ночи, времени года). Нет нужды доказывать, что упорядоченный счет времени, с одной стороны,– итог длительного развития человеческой мысли, наблюдений и опыта, с другой – необходимое условие дальнейшего развития цивилизации. Славяне не были исключением. Им тоже пришлось осваивать способы времяисчисления, вырабатывать свой календарь с очень крупными и достаточно мелкими единицами – от понятий «век», «эпоха» до обозначения частей суток (день, ночь, сумерки и пр.). Исстари основным занятием восточных славян было земледелие, поэтому культура в целом и основная масса праздников, обрядов носила земледельческий характер. Календарь крестьянина представлял собой сложное явление, включающее в себя знание природы, осмысление закономерностей человеческой жизни, сельскохозяйственный опыт, обряды, произведения устного народного творчества, установившиеся веками нормы общественной жизни и многое другое. Это своеобразный дневник и энциклопедия крестьянского быта с его праздниками и буднями (А. Ф. Некрылова.) Тэст «Лексіка» 1. Адзначце словы, ужытыя ў прамым значэнні: 1) чорная фарба, 2) чорная зайздрасць, 3) чорны хлеб, 4) чорныя справы, 5) чорная лесвіца. 2. Адзначце словы, ужытыя ў пераносным значэнні: 1) цвёрды намер, 2) цвёрдыя веды, 3) цвёрды камень, 4) цвёрды грунт, 5) цвёрды крок. 3. Адзначце словы, якія маюць метафарычнае значэнне: 1) вясёлы аўтобус, 2) серп месяца, 3) срэбра расы, 4) ведае ўвесь дом, 5) вузкі кругагляд. 4. Адзначце словы, якія маюць метанімічнае значэнне: 1) жалезная воля, 2) пасевы зарунелі, 3) разведка вярнулася, 4) выстаўка акварэлей, 5) багаж ведаў. 5. Адзначце словы, якія ўваходзяць ў сінанімічны рад са словам добры: 1) каштоўны, 2) станоўчы, 3) ідэйны, 4) бездакорны, 5) лю́дскі. 6. Адзначце словы, якія не з’яўляюцца антонімамі: 1) блізка – далёкі, 2) малады – юны, 3) смяяцца – плакаць, 4) жанчына – мужчына, 5) учарашні – сённяшні. 7. Адзначце словы, з якімі можа спалучацца прыметнік духоўны: 1) пакой, 2) пах, 3) улада, 4) інтарэсы, 5) інструменты. 8. Адзначце запазычаныя словы: 1) прымаўка, 2) батлейка, 3) ручнік, 4) графіка, 5) тэатр. 9. Падбярыце да запазычаных слоў беларускія адпаведнікі:
10. Адзначце словы абмежаванага ўжывання: 1) спяваць, 2) галень, 3) шалабоніць, 4) вяселле, 5) батман.
|