Асноўныя прынцыпы беларускай арфаграфіі
Практыкаванне 36. · Прачытайце тэкст. Складзіце яго план. Перакажыце тэкст паводле плана. · Выпішыце спачатку словы, правапіс якіх заснаваны на фанетычным прынцыпе, а затым – на марфалагічным. Вусна сфармулюйце правілы.
Знакаміты беларускі этнограф А. Багдановіч у працы «Педагагічныя погляды беларускага народа» так сфармуляваў галоўны прынцып сялянскай педагогікі: «Усе павінны працаваць – вось асноўнае палажэнне ў сялянскіх поглядах на працу». Менавіта таму фізічнае выхаванне дзяцей было цесна звязана з працоўным, але падпарадкоўвалася прынцыпу прыроднай мэтазгоднасці. «З пестуна нічога не будзе»,– так лічылі сяляне і пачыналі фізічнае выхаванне сваіх дзяцей ледзь не з першых дзён нараджэння. Яно было ўключана ў сістэму традыцыйных звычаяў і абрадаў. У межах тагачаснай светапогляднай сістэмы сялянства сваё месца ў выхаванні знаходзілі і элементы магіі: замовы, абярэгі, якія, на думку бацькоў, павінны былі аберагаць здароўе дзіцяці. Ужо з малых гадоў дзяцей прывучалі да лазні з пáрай і венікам, якая не толькі выконвала гігіенічную функцыю, але і была сродкам загартоўкі, масажу ды аздараўлення. Лазня як элемент фізічнай культуры добра ўсведамлялася беларускім сялянствам, што знайшло адлюстраванне ў народнай мудрасці: «У лазню хадзіць – здаровым быць». Дадатковым сродкам фізічнага выхавання былі гульні. Яны мелі месца на працягу ўсяго жыцця селяніна. Гульні станавіліся своеасаблівай школай, якая дапамагала авалодваць мараллю і нормамі паводзін, знаёміла з традыцыямі народа. Большасць гульняў праводзілася на свежым паветры, а летам – басанож, што з’яўлялася дадатковым фактарам загартоўвання. Метадамі выяўлення ўзроўню фізічнага развіцця вясковай моладзі былі выпрабаванні і спаборніцтвы, якія арганізоўваліся ў час масавых гулянняў і свят. Ацэнка фізічнага развіцця вынікала з грамадскай думкі, якая ўхваляла ці ганіла асобу. Пэўныя элементы фізічнай культуры ўтрымліваліся ў традыцыйных абрадах і святах беларусаў. Так, на купалле паўсюдна ладзіліся скачкі цераз вогнішча, якія ў многіх месцах чаргаваліся з гульнямі, танцамі. Шырокае распаўсюджанне на нашай зямлі атрымалі такія віды барацьбы, як «На крыжы» і «Да крыжа», у якіх выпрабоўвалі сябе не толькі маладыя, але і сталыя мужчыны. (Паводле А. Шамака.) · Выпішыце з тэксту прыказкі і прымаўкі. Карыстаючыся слоўнікам «Беларускія прыказкі, прымаўкі і фразеалагізмы» (складальнік Ф. М. Янкоўскі), запішыце яшчэ некалькі народных выслоўяў пра здароўе і сілу.
Каб саломка загаварыла мовай мастацкіх вобразаў, зайграла ўсімі адценнямі залацістага колеру, патрэбны доўгі працэс апрацоўкі. Яе жнуць сярпамі, каб не паламаць, сартуюць па таўшчыні, затым запарваюць, бо распараныя сцябліны вельмі падатлівыя пры згібанні, захоўваюць натуральную афарбоўку ад светлага да цёмна-залацістага колеру з бурштынавым пералівам. Усімі гэтымі прыёмамі ў дасканаласці валодае Людміла Уласенка, якая адкрывае ў саломе новыя пластычныя магчымасці і як эфектны дэкаратыўны матэрыял шырока выкарыстоўвае для стварэння разнастайных сувенірных вырабаў. (Паводле А. Лявонавай.) · Выпішыце словы спецыяльнай лексікі. Вызначце, прафесіяналізмы гэта ці тэрміны. Падрыхтуйце слоўнікавыя артыкулы для тэрміналагічнага слоўніка з гэтымі словамі.
Зварот да крыніц народнай песнятворчасці даў артыстам «Жывіцы» шчодры плён – удалося запісаць сотні раней невядомых песень і, што надзвычай важна, на ўласныя вушы яны змаглі пачуць, як спявае сваю песню народ, як іграюць вясковыя музы́кі. Адных раней невядомых полек назбіраўся цэлы цыкл, і кожная – твор высокай мастацкай пробы. Каштоўны набытак у ансамблі склалі «маршы-выхады», якіх нават не чулі вучоныя-фалькларысты. Адначасова са зборам песень і найгрышаў, разам з творчымі справамі шмат часу забірала праблема матэрыяльнай базы, прынамсі, укамплектаванне музычнай групы сапраўднымі народнымі інструментамі, вырабленымі рукамі народных майстроў. Па ўсіх кутках Беларусі пачалі пошукі. Трапляліся неспадзяваныя знаходкі – акарына, цытра, вясельны барабан, «бугай» ды інш. На хутары Сакоўшчына, што на Маладзечаншчыне, знайшлі старога музы́ку Максіма Пятровіча Такушэвіча, які добра іграў на гуслях і цымбалах і ўмеў іх адмыслова рабіць. Па просьбе артыстаў ён зрабіў некалькі выдатных інструментаў. Усевалад Жукоўскі з Мар’інай Горкі змайстраваў для «Жывіцы» спачатку ліру, а потым жалейку і басэтлю. Нарэшце, артысты музычнай групы, прыглядаючыся да работы майстроў-самародкаў, навучыліся самі рабіць неблагія дудачкі з саломы. (Паводле І. Цішчанкі.) · Выпішыце назвы народных музычных інструментаў. Складзіце тэрміналагічны слоўнік з гэтымі словамі.
|