Скланенне назоўнікаў
Склонавыя канчаткі назоўніка залежаць ад асновы слова і націску; у некаторых выпадках – ад лексічнага значэння слова. Назоўнікі 1 скланення ў давальным і месным склонах маюць аднолькавыя канчаткі:
Канчаткі назоўнікаў 2 скланення ў родным склоне залежаць ад лексічнага значэння слова:
Канчаткі назоўнікаў 2 скланення ў месным склоне залежаць ад асновы і лексічнага значэння:
Назоўнікі 3 скланення ў родным, давальным і месным склонах маюць аднолькавыя канчаткі – - ы (- і). У творным склоне апошні зычны асновы ў становішчы паміж двух галосных падаўжаецца: повяззю, паралеллю, гладдзю, моладдзю, педаллю. Але: узнёсласцю, паваротлівасцю, добразычлівасцю. Не падаўжаюцца губныя зычныя (б, п, ф, м, в, ў) і р: глыб’ю, Сібір’ю, верф’ю. Практыкаванне 55. · Прачытайце тэкст. · Знайдзіце назоўнікі, вызначце іх скланенне, запішыце ў табліцу, паставіўшы ў адпаведную склонавую форму.
Дзіця ад дзён нараджэння пачынаюць фізічна выхоўваць: даглядаюць, сочаць за чысцінёй ягонага цела, праз адпаведныя прамежкі часу кормяць, загартоўваюць. Раней існавалі адпаведныя звычаі і абрады, замовы, скіраваныя на тое, каб дзіця расло здаровае. Так, напрыклад, кума павінна была разам з навародкам сесці на тачыльны камень – каб дзіця было моцнае ды здаровае. Е. Р. Раманаў пісаў: «Каб дзіцяня ніхто не сурочыў, трэба над калыскаю павесіць воўчы зуб. Таксама трэба ўсяляк засцерагаць ад ветру, каб не падзьмуў на дзіця ў калысцы». У гэтым – сапраўдны клопат пра фізічнае здароўе дзіцяці, засцярога ад прастуды перапляталася ў свядомасці народа са старажытным містычным павер’ем. (Г. Арлова.) · Якія з назоўнікаў вы не ўключылі ў табліцу? Растлумачце чаму. · Працягніце разважанне: «Галоўныя медыкаменты – гэта чыстае паветра, халодная вада, піла і сякера». (В. Д. Паленаў.)
А потым неяк раптоўна цікавасць да забытага мастацтва стварэння папяровых карункаў пачала расці. Адраджаць даводзіцца амаль з нуля. Непасрэдна з гэтым звязана адна відавочная акалічнасць: прыкметная змена характару сучаснай выцінанкі. Мала змяніліся хіба што традыцыйныя фіранкі ды просценькія круглыя сурвэткі, выразаныя на конкурсе майстрыхамі пераважна старэйшага пакалення. У цэлым жа сучасная выцінанка – ярка выяўленая мастацкая творчасць пераважна станкавага характару. Аформленыя пад шкло, у далікатныя рамачкі, такія творы глядзяцца на дзіва сучасна і могуць аздобіць самы шыкоўны інтэр’ер. Ювелірна распрацаваныя, нярэдка досыць складаныя кампазіцыі ўражваюць глыбінёю зместу, яснасцю мастацкай мовы, яркай дэкаратыўнасцю пры фактычнай манахромнасці малюнка. (Паводле Я. Сахуты.) · Падрыхтуйце вучэбны тэкст пра выцінанку.
Творчасць Герасімава нагадвае працу музыканта-дырыжора. Розніца ў тым, што ў Віталя замест дырыжорскай палачкі – пэндзаль, а замест гукаў – фарбы. Палітра яго – своеасаблівая эолава арфа: як тая рэагуе на любы подых ветрыка, так і мастак успрымае самыя тонкія адценні прыгожага. Па творах Віталя бачна, што ён уважліва прыслухоўваецца да гэтага хаосу гукаў, уражанняў і пачуццяў, каб знайсці больш яскравыя выяўленні сваіх вобразаў і эмоцый. (В. Дударэнка.) · Як вы лічыце, чаму аўтар параўноўвае мастака з дырыжорам? · Карыстаючыся «Мифологическим словарем», растлумачце значэнне выразу эолава арфа. Практыкаванне 56. · Прачытайце тэкст. · Падбярыце загаловак. · Спішыце, раскрываючы дужкі, пастаўце назоўнікі ў форму адпаведнага склону. · Высветліце значэнне выдзеленага слова.
Стадыён затаіўся, быццам дыханнем баяўся здзьмухнуць гэтую лёгкую, кідкую ад першага (дотык), планку. Аляксей зняў трыко, акуратна паклаў яго на лаўку, лёгка далонямі масажнуў бёдры...Заплюшчыў вочы, да (дробязі) пракручваючы ў думках усе фазы (разбег) і (скачок): пружыністая ступня, тры апошнія нарастаючыя крокі, штуршок з махам (бядро), пераход не ўсляпую, а відушча, і – паспець выкінуць ногі ўверх! Трыбун як не было. Чорная злітая маса (стадыён) замерла. Высвечаны сектар для скачкоў, як у (фокус), звёў да сябе ўсё электрычнае святло. Нават судзейскія столікі, здаецца, адступілі ў паўпрыцемак, затоена глядзелі зводдаль. Усё чакала гэтага (скачок): трыбуны і суддзі, каментатары і эфір...Чакала гарысполавае пакрыццё (сектар) – наструненага, упэўненага (разбег) красовак, магутнага (штуршок) левай нагі... Чакала планка. (А. Камароўскі.)
Да нашых дзён дайшла дзівосная традыцыя пячэння вясельнага свяшчэннага хлеба – (каравай). Найбольш распаўсюджанай формай каравая была круглая. Вельмі часта верхняя частка каравая аздаблялася абмалёўкай сонца, месяца, зорак, якія ў старадаўнасці служылі сімваламі (сям’я). Але магчыма і іншае тлумачэнне ўпрыгожванняў падобнага (род). У больш далёкія часы круглы, гэта значыць у форме сонца, каравай з такімі аздабленнямі з’яўляўся сімвалам абагатвораных (свяцілы). На гэта ж паказваюць такія моманты вясельнага каравайнага (рытуал), як рух з караваем па гадзіннікавай (стрэлка), вымешванне цеста ў тым жа (напрамак) – «за сонцам». (Паводле Л. П. Касцюкавец.) · Запішыце прыказкі і прымаўкі са словам хлеб. Літаратура: І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч. Слоўнік беларускіх прыказак. Мн., 2002. А. Аксамітаў. Прыказкі і прымаўкі. Мн., 2000. · Раскажыце пра вядомыя вам абрады, звязаныя з хлебам. Практыкаванне 57. · Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. · Знайдзіце назоўнікі, ужытыя ў множным ліку. Выпішыце словазлучэнні з імі, вызначце склон, растлумачце правапіс канчаткаў назоўнікаў. Адзначце варыянтныя канчаткі.
Паскарэнне вывядзення большасці хімічных рэчываў з таксічнымі ўласцівасцямі (радыянукліды, свінец, бензол, ртуць, мыш’як, пестыцыды і інш.) можа быць забяспечана павышэннем функцыянальнай актыўнасці сістэм, адказных за іх вывядзенне. Да ліку такіх сістэм адносяцца сардэчна-сасудзістая, мочавыдзяляльная, дыхальная і страўнікавая. Для павышэння іх функцыянальнай актыўнасці назначаюцца практыкаванні для мышцаў ніжніх канечнасцяў, дыяфрагмы, плечавога пояса, спіны, брушнога прэса, тазавага дна, дыхальныя практыкаванні. Комплексы гэтых практыкаванняў павінны спалучацца і чаргавацца з практыкаваннямі на павышэнне агульнага і эмацыйнага тонусу. Павышэнню агульнага тонусу садзейнічаюць практыкаванні ў расслабленні, на фарміраванне правільнай асанкі (перад люстэркам, ля сценкі), для мышц шыі, у раўнавазе, на каардынацыю, для трэніроўкі вестыбулярнага апарата (змяненне стану цела па адносінах да цэнтра цяжару, змяненне хуткасці прамалінейнага руху, раптоўныя астаноўкі, «змяшчэнне галавы», павароты). (Т. М. Шастакова, Т. Ю. Логвіна.) · Выпішыце анатамічныя тэрміны. Прапануйце свае практыкаванні для трэніроўкі розных груп мышц.
У партрэце мастак дае характарыстыку чалавеку, імкнецца раскрыць асаблівасці характару, што склаўся пад уплывам пэўных інтарэсаў, памкненняў, абставінаў жыцця, намагаецца пранікнуць ва ўнутраны свет асобы, перадаць яе псіхічны стан, пачуцці і перажыванні. Аб’ектам мастака тут з’яўляецца менавіта асоба чалавека ў яе існых рысах і адносінах да навакольнага свету – людзей, прыроды, грамадства. Гэта зямная асоба ў зямным свеце. У партрэце адлюстроўваецца і характар самога мастака, ягонае стаўленне да гэтага чалавека – заўсёды глыбока індывідуальнае і суб’ектыўнае. Аднаго і таго ж чалавека розныя мастакі бачаць па-рознаму – па-рознаму і адлюстроўваюць. Іншая справа – ікона: яна выяўляе не душу, а духоўную сутнасць, свядома адыходзіць ад зямных дэталяў, страсцей, хваляванняў. Паводле вучэння Царквы, чалавек складацца з цела, душы і духу. Дух – гэта Божы пачатак у чалавеку, які менавіта толькі чалавек атрымаў падчас тварэння і які надаў чалавеку вобраз Божы. Вось гэтую духоўную, надчасовую сутнасць чалавека і адлюстроўвае абраз праз выявы святых. У іх – прадстаянне чалавека перад Богам, Ягонай веліччу, малітва і ўдзячнасць. Сапраўдны абраз – гэта малітва, прамоўленая ў лініях і колерах, бо «дыханне душы ёсць малітва», яна – аснова несмяротнасці ў адзінстве з Богам. Ікона, паводле царкоўнага разумення,– гэта багаслоўе у фарбах, акно ў іншы свет, праз які ідзе да чалавека Божая ласка, дабраславенне, міласць як адказ на шчырую веру чалавека, на яго малітву, пакорлівасць і пакаянне. Яна і навучэнне ў Законе Божым для непісьменных. Абраз дапамагае верніку засяродзіцца, атрымаць мірнасць, супакой. (Паводле В. Дышыневіч.) · Раскажыце, чым адрозніваюцца ікона і партрэт.
У першабытным сінкрэтычным мастацтве, да якога адносіцца фальклор і якое фармавалася ва ўлонні міфалогіі, зліты вынікі пазнавальнай, стваральнай, вартасна-арыентацыйнай і камунікатыўнай галін дзейнасці, адным словам, у непарыўным адзінстве тут выступаюць працоўная і пазнавальная дзейнасць, выхаванне, гульня, ацэнка, рытуал. Як адзначаў акадэмік Ю. В. Брамлей, «...на працягу шмалікіх тысячагоддзяў існавання першабытнаабшчыннага ладу ў этнасаў-плямёнаў склалася нямала спецыфічных рысаў духоўнай культуры, якія адрознівалі іх нават ад найбліжэйшых суседзяў. Такога роду спецыфіка, у прыватнасці, вельмі прыкметна выяўляецца ў рэлігійных вераваннях. І гэта адносіцца да самых розных іх відаў і формаў праяўлення, у тым ліку да адпаведных рэлігійных уяўленняў і рэлігійных паводзінаў». Асаблівае значэнне на ранніх этапах развіцця грамадства мелі міфы. Задавальняючы патрэбу першабытных людзей у цэласным малюнку свету, міфы ў працэсе сацыялізацыі фармавалі іх светаразуменне. І хоць міфалагічная свядомасць не заўсёды адэкватна адлюстроўвала рэчаіснасць, у тым ліку і гістарычнае мінулае, міф успрымаўся людзьмі як бясспрэчная праўда. Немалую ролю ў фальклорным працэсе адыгрывалі таксама агульнаплемянныя звычаі і абрады. Усё гэта з’яўлялася глебай і матэрыялам для фальклору ў шырокім значэнні слова. (Л. Салавей.) · Як вы разумеце значэнне выразу глеба і матэрыял для фальклору? Практыкаванне 58. · Спішыце тэкст, раскрываючы дужкі. · Вызначце склон уласных назоўнікаў, абгрунтуйце правапіс іх канчаткаў. · Падкрэсліце тэрміны, растлумачце іх значэнне, вызначце спосаб іх утварэння.
У сезоне 1979 года «Дынама» з беларускай сталіцы паўстала не толькі ў новым абліччы, але і са сваімі канцэпцыямі, стратэгіяй, тактыкай і дзеяннямі на полі наогул. Каманда папоўнілася (Віктар Янушкевіч, Юрый Трухан) у абароне, (Валерый Мельнікаў, Сяргей Гоцманаў, Ігар Гурыновіч) у сярэдняй лініі і нападзенні. А калі ў тым жа 1979-м каманду ўзначаліў Эдуард Малафееў, станаўленне і рост калектыву пайшлі літаральна на вачах. У тым ліку і яго, аднаго з лідэраў «Дынама», (Аляксандр Пракапенка) – паўабаронцы паводле амплуа, душы і завадатара – паводле прыроднага таленту. Кожны з 41 мяча, забітага (А. Пракапенка) у вышэйшай лізе савецкага футбола,– нібы ўзор для падручнікаў па самым любімым ў свеце відзе спорту. Гол жа, забіты (Аляксандр) на мінскім стадыёне «Дынама» ў вельмі важным і адказным матчы з кіеўскімі аднаклубнікамі (пяткай, стоячы спінай да варот саперніка),– суперузор. Той гол і сёння сніцца аматарам...(Паводле А. Мяснікова.)
Мастацтву вучыўся ў Кіеўскай малявальнай школе (Мікалай Мурашка) – колішняга аднакашніка (Ілья Рэпін) па Акадэміі мастацтваў. Потым – у Маскоўскай вучэльні жывапісу, скульптуры і дойлідства – у (Мікалай Неўраў, Сяргей Каровін, Іларыён Пранішнікаў, Васіль Паленаў). Сёння ў розных музеях каля тысячы твораў (В. Бялыніцкі-Біруля). У адным толькі Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі – каля чатырохсот. Гэта майстар пейзажнага жывапісу. Нездарма (В. Бялыніцкі-Біруля) называюць беларускім (Левітан). Ён стварыў цудоўныя пейзажы «Зялёны май», «Беларусь. Пачатак лета», «Зноў расквітнела вясна», «Ранняя вясна», «Блакітная капліца», «Зімовы сон». (Паводле У. Бойкі.) · Растлумачце правапіс вялікай літары.
Сярод прыхільнікаў міфалагічнай школы ў Расіі можна назваць (А. М. Афанасьеў, Ф. І. Буслаеў, А. Ф. Мілер, А. А. Патабня) і інш. На Беларусі была пануючым кірункам першай паловы і ў 60–70-я г. ХІХ ст. З пазіцый міфалагічнай школы напісаны этнаграфічныя працы (П. М. Шпілеўскі, А. Кіркор). На аснове прынцыпаў міфалагічнай школы (П. М. Шэйн) была складзена «Праграма для збірання помнікаў народнай творчасці». (Паводле М. Ф. Піліпенкі.) · Растлумачце правапіс канчаткаў назоўнікаў роднага склону. Практыкаванне 59. · Прачытайце тэкст. · Вызначце стыль. · Выпішыце назоўнікі – словы спецыяльнай лексікі. Вызначце спосаб іх утварэння.
· Утварыце ад слова спорт як мага больш слоў, карыстаючыся рознымі спосабамі словаўтварэння. Складзіце з імі тэкст. Паспрабуйце ўжываць самастойныя словы толькі на літару с.
· Утварыце ад слова мастак як мага больш слоў, карыстаючыся рознымі спосабамі словаўтварэння. Складзіце з імі тэкст. Паспрабуйце ўжываць самастойныя словы толькі на літару м. · Тэст «Назоўнік» 1. Адзначце назоўнікі жаночага роду: 1) назіральнасць, 2) маўленне, 3) слова, 4) здольнасць, 5) развага. 2. Адзначце назоўнікі мужчынскага роду: 1) фламінга, 2) Палерма, 3) журы, 4) БелСЭ, 5) рэферы. 3. Адзначце назоўнікі, якія маюць формы толькі адзіночнага ці толькі множнага ліку: 1) выхаванасць, 2) лекцыі, 3) геніяльнасць, 4) адносіны, 5) веды. 4. Адзначце назоўнікі, якія ў форме давальнага склону адзіночнага ліку будуць мець канчатак - і: 1) адаптацыя; 2) гульня, 3) алімпіяда, 4) гіпотэза, 5) хлусня. 5. Адзначце назоўнікі, якія ў форме меснага склону адзіночнага ліку будуць мець канчатак - ы: 1) ацэнка, 2) лекцыя, 3) аспірантура, 4) эстэтыка, 5) воля. 6. Адзначце назоўнікі, у аснове якіх у форме давальнага і меснага склону адзіночнага ліку адбываецца чаргаванне гукаў: 1) гутарка, 2) школа, 3) увага, 4) характарыстыка, 5) псіхіка. 7. Адзначце назоўнікі, якія ў форме роднага склону адзіночнага ліку будуць мець канчатак - у (- ю): 1) прафесар, 2) навык, 3) слоўнік, 4) інтарэс, 5) фестываль. 8. Адзначце назоўнікі, якія ў форме роднага склону адзіночнага ліку будуць мець канчатак – а (-я): 1) уяўленне, 2) універсітэт, 3) сінтэз, 4) вобраз, 5) рэферат. 9. Адзначце назоўнікі, якія ў форме меснага склону адзіночнага ліку будуць мець канчатак – е: 1) выхаванец, 2) спаборніцтва, 3) прагматызм, 4) вучань, 5) школьнік. 10. Адзначце назоўнікі, якія ў форме меснага склону адзіночнага ліку будуць мець канчатак - у (– ю): 1) геній, 2) інтэлект, 3) факультэт, 4) настаўнік, 5) дырэктар. 11. Адзначце назоўнікі, у аснове якіх у форме творнага склону адзіночнага ліку адбываецца падаўжэнне гукаў: 1) пісьменнасць, 2) роля, 3) памяць, 4) дзейнасць, 5) Беларусь. 12. Адзначце назоўнікі, якія ў форме роднага склону множнага ліку маюць нулявы канчатак: 1) каледж, 2) дыскусія, 3) алімпіяда, 4) методыка, 5) залік. 13. Адзначце прозвішчы, якія не скланяюцца: 1) Тарас Шаўчэнка, 2) Ніна Мацяш, 3) Сымон Баранавых, 4) Антаніна Хатэнка, 5) Павел Місько. 14. Адзначце назоўнікі, якія пішуцца разам: 1) (культ)паход, 2) (света)погляд, 3) (віцэ)прэзідэнт, 4) (яслі)сад, 5) (края)знаўства. 15. Адзначце назоўнікі, якія пішуцца праз злучок: 1) (друга)годнік, 2) (экс)чэмпіён, 3) (сама)свядомасць, 4) (Санкт)Пецярбург, 5) Дунін(Марцінкевіч).
|