Ступені параўнання якасных прыметнікаў
Заўвага. Зыходная форма прыметнікаў стылістычна нейтральная, а таму ўжываецца амаль ва ўсіх стылях. Простыя формы вышэйшай ступені параўнання з суфіксам - ейш -, - эйш -, - ш - амаль не ўласцівы для кніжных стыляў, а складаныя формы вызначаюцца кніжнасцю і ўжывальнасцю ў навуковых тэкстах. Практыкаванне 61. · Прачытайце тэкст. · Выпішыце прыметнікі з назоўнікамі, вызначце род, лік, склон прыметнікаў. · Назавіце прыметнікі, якія маюць формы ступеняў параўнання.
Калі Ігар выйшаў на лёд, дыктар аб’явіў вынік Томеца: 1 хвіліна 14,72 секунды. Вось гэта да! Ігар не паверыў сваім вушам. Амерыканец пабіў яго, Ігара, рэкорд чэмпіянатаў свету, які ён устанавіў толькі ўчора. Жалязоўскі выйшаў на запасную дарожку, адчуў знаёмы лёгкі азноб ва ўсім целе. Так з ім бывала заўсёды, калі наступалі апошнія, найпакутлівейшыя хвіліны чакання старту. Ён ведаў, што ў такія хвіліны перастаеш успрымаць наваколле – і каток, і трыбуны, і супернікі нібы раствараюцца ў туманнай імгле, становяцца нерэальнымі, неасязальнымі. Перад вачыма выразна паўстае толькі блакітнаватая дарожка, і ты быцам праектуеш на ёй кожны свой будучы крок, кожны ўдар канька па лёдзе. І гэтая карцінка, у якой змешана мінулае і будучае, рэальнасць і ўяўленне, зноўку і зноўку мільгае ў думках, хвалюе, узбуджае і без гэтага ўспалены мозг, і адзіная магчымасць пазбавіцца ад гэтага наслання – выйсці на лёд, кінуцца ў пагоню за часам. (В. Кумчы, А. Любімаў.)
І твар гэтага мужчыны быў жывейшы, чым у жывога, і такі дзіўны, жорсткі і змрочны, што можна было спалохацца. Цені ляглі ў вачаніцах, і здавалася, нават жылка калацілася на павеках. І ў ім было родавае падабенства з тварам гаспадыні, але ўсё тое, што было ў Яноўскай прыемна і міла, тут было агідна да нясцямы. (У. Караткевіч.)
Ну дзе ж там не пойдзе хто, калі так настойліва звіняць дзявочыя галасы, калі так моцна вабяць яны сваім глыбокім, як зорнае неба, лірызмам і свежасцю, калі абяцаюць яны, што сёння ў мяккім змроку начы, разбаўленым барвістым светам агнёў, адбудзецца вясёлае набажэнства, у якім малельным гімнам будуць дзявочыя свежыя песні, у якім замест пакутнае скрухі будзе радасць і смех, будзе шырокі размах маладосці. Купала – гэта ж такое любае бязбожнае свята, у ім так многа дзікай паэзіі, у ім з паганскай вольнасцю разгортваецца чалавечая істота, шукае волі і радасці, хоча зліцца з чароўным сонечным богам – Прыродай, бо гэты бог – сама воля і радасць. (М. Зарэцкі.) Практыкаванне 62. · Прачытайце тэкст. · Прасачыце, як звязаны сказы ў тэксце. Назавіце сродкі сувязі. Абгрунтуйце мэтазгоднасць падзелу тэксту на абзацы. · Выпішыце прыметнікі, ужытыя ў розных ступенях параўнання. Растлумачце, як яны ўтварыліся. · Размяркуйце ўсе прыметнікі на дзве групы: якія маюць ступень параўнання і якія не маюць ступеняў параўнання. Утварыце магчымыя ступені параўнання ад 2–3 прыметнікаў. · Выпішыце тэрміны-словазлучэнні.
Сёння ў сталіцы, паводле слоў дзяржаўнага трэнера па спартыўным рэзерве па г. Мінску Міністэрства спорту і турызму Юліі Крыжэвіч, 68 спартыўных школ, 48 з іх – спецыялізаваныя (спецыялізацыя прысвойваецца на 2 гады за пэўныя вынікі, паказаныя вучнямі на спаборніцтвах вышэйшага ўзроўню). З кастрычніка гэтага года ў Мінску нарэшце з’явілася школа вышэйшага спартыўнага майстэрства, дзе культывуюцца тыя віды спорту, у якіх нашы спартсмены здольныя дасягнуць, паводле прагнозаў, найвышэйшых вынікаў, у тым ліку і на міжнародных спаборніцтвах – лёгкая атлетыка, веславанне акадэмічнае, веславанне на байдарках і каноэ і сучаснае пяцібор’е. Тут будуць рыхтаваць спартсменаў для нацыянальных каманд. Са сталічных спартыўных школ ужо адабраны і залічаны ў ШВСМ 51 юны спартсмен. У наступным годзе, магчыма, з’явіцца і гарадское вучылішча алімпійскага рэзерву. Без названых навучальных устаноў вучэбна-трэніровачны працэс быў няпоўным – маладыя спартсмены, скончыўшы спартыўныя школы, вымушаны былі пераходзіць у абласное вучылішча алімпійскага рэзерву і выступаць за вобласць – сталіца ж, такім чынам, губляла спартсменаў. Дзеці, як высветлілася, займаюцца тым відам спорту, які падабаецца бацькам. З 48 відаў, якія прапануюць сталічныя школы, найменш зручнымі падаюцца бацькам некаторыя водныя (скачкі ў ваду, веславанне, парусны спорт), а таксама «цяжкія» – цяжкая і лёгкая атлетыка, канькі і лыжныя гонкі, фехтаванне і бокс. Такім чынам, гэтыя віды спорту, у прыватнасці, тая ж лёгкая атлетыка, якая лічыцца каралевай айчыннага спорту, губляюць рэзерв. Самымі папулярнымі відамі спорту ў дзяцей з’яўляюцца тэніс, хакей, футбол, баскетбол і валейбол, фігурнае катанне і плаванне, мастацкая і спартыўная гімнастыка, стральба і ўсходнія віды адзінаборстваў. Тут трэнерам не трэба шукаць вучняў у сярэдніх школах – ад жадаючых і так няма адбою. (Паводле А. Аўчыннікавай.) · Якім вобразным апісальным выразам аўтар называе лёгкую атлетыку? Паспрабуйце падабраць свае падобныя выразы да іншых відаў спорту.
Але дарма, што шыты арнамент дае больш магчымасцяў для пашырэння расліннага і заалагічнага сюжэта і ў ім гэтыя матывы часцей спалучаюцца, аднак і тут пераважаюць геаметрычныя формы арнаменту. І толькі ў контурах і лінейных вышыўках сустракаюцца моцна стылізаваныя раслінныя арнаменты. Гэта найчасцей вышыўка па графічным малюнку на палатне, асабліва на ручніках і ўпрыгожаных кажухах. Беларускі арнамент наогул пераважна геаметрычны, складзены з ромбаў, паводле народнай назвы, круга, і ягоных варыянтаў і частак. Ромб у арнаменце можа ўскладняцца ці змяняцца і тады рысунак атрымлівае адпаведную назву – круг просты, гладкі, развілісты, круг скрыначкай, ваконцам, макаўкай, каравайчыкам, а ягоныя часткі называюцца крыжыкамі, казламі, лучкамі, лапкамі, крывулькамі і пад. На белым фоне арнаментальны ўзор робіць яркае ўражанне, а мастацкая спрактыкаванасць і густ удалым вар’іраваннем гэтых формаў і ўмелым карыстаннем іх часткамі ды густоўна ўжыванымі колерамі нітак дасягае высокага артыстызму і мастацкай дасканаласці. (Паводле У. Глыбіннага.) · Складзіце слоўнікавы артыкул з загаловачным словам арнамент.
Па сваім паходжанні калыханкі належаць да найстаражытнейшых песенных жанраў, аб чым, да прыкладу, сведчыць старажытнаславянскі дзеяслоў «баяць» (гаварыць, казаць, шаптаць). Відавочна, што ад яго паходзяць уласцівыя калыханкам прыпевы «баю», «бай», «баюшкі» і міфічны Бай, што ходзіць «па сцяне ў чырвоным жупане». У калыханках часткова захаваліся рэшткі міфалагічных уяўленняў нашых продкаў: адухоўленыя вобразы Сну, Дрымоты. У некаторых калыханках існуюць элементы замоваў, пажаданні дзіцяці долі, здароўя, засцярога ад усялякіх бедаў. Дзіцячы фальклор развіваўся ў непасрэднай сувязі з гэтак званай народнай педагогікай, таму ў асобных калыханках элементы маралі, павучання. Праз учынкі, да прыкладу, непаслухмянага ката дзіцяці даецца ненавязлівае павучанне аб паводзінах. Праз матчыну калыханку дзіця, якое яшчэ не разумее ніводнага слоўца, далучаецца да гукаў роднае мовы, атрымлівае першыя ўяўленні аб навакольным свеце. Гэтыя акалічнасці абумовілі мастацкія асаблівасці калыханак. Усе яны маюць кароценькі тэкст, займальны змест, простую кампазіцыю, выразны рытм, які перадае пагойдванне калыскі, і даволі багатую рыфмоўку. Напеўнасць, пяшчотнасць калыханак дасягаюцца паўтарэннем слоў і гукаў, ужываннем дзіцячай лексікі і памяншальна-ласкальных слоў. Паўсядзённая патрэба ў калыханках прадвызначыла іх жыццёвасць на ўсе часы, спарадзіла даволі актыўную імправізацыю, якую кожнаму з нас даводзілася чуць у маленстве (або імправізаваць самім ля калысак малодшых брацікаў і сястрычак). Часцей за ўсё імправізацыя трымаецца ў рамках традыцыйных тэкстаў і мелодый. (Паводле Л. Камінскай.) · Складзіце слоўнікавы артыкул з загаловачным словам калыханка.
|