Лічэбнік
Лічэбнік – самастойная часціна мовы, якая абазначае адцягнены лік (тры, чатыры, пяць), колькасць аднародных прадметаў (тры кнігі, чатыры падручнікі, пяць дапаможнікаў), парадак іх пры лічэнні (першы клас, другая аўдыторыя), таму словы гэтай часціны мовы шырока выкарыстоўваюцца ў навуковых тэкстах. Паводле структуры лічэбнікі падзяляюцца на простыя (словы з адным каранем): адзін, адзінаццаць, сто; складаныя (маюць два карані і больш): семдзесят, шэсцьсот, пяцідзесяцімільённы; састаўныя (складаюцца з некалькіх асобных слоў): пяцьсот пяцьдзесят пяць, тысяча дзевяцьсот сорак пяты. Паводле значэння, граматычных уласцівасцей і характару ўжывання лічэбнікі падзяляюцца на колькасныя і парадкавыя. Колькасныя лічэбнікі абазначаюць абстрактны лік або пэўную колькасць прадметаў і адказваюць на пытанне колькі? У залежнасці ад значэння яны падзяляюцца на тры групы: а) лічэбнікі, якія абазначаюць цэлыя лікі: дзесяць, васемнаццаць дзён; б) дробавыя лічэбнікі, якія абазначаюць частку цэлага, цэлы лік і яго частку: тры цэлыя і чатыры пятыя, сорак восем сотых; в) зборныя лічэбнікі, якія абазначаюць колькасць прадметаў як адно цэлае: двое, трое, чацвёра, пяцёра, шасцёра, сямёра, васьмёра, дзевяцера, дзесяцера. Зборныя лічэбнікі ў беларускай мове спалучаюцца з назоўнікамі, якія маюць форму толькі множнага ліку: двое саней, чацвёра дзвярэй; з назвамі маладых істот: двое качанят, пяцёра цялят; з назвамі асоб мужчынскага полу: шасцёра байцоў, сямёра салдат. Пераважная большасць колькасных лічэбнікаў не мае катэгорыі ліку (за выключэннем адзін, тысяча, мільён, мільярд) і роду (акрамя адзін, два, абодва, паўтара). Парадкавыя лічэбнікі абазначаюць парадак прадметаў пры іх лічэнні. Ім уласцівы такія ж марфалагічныя прыметы, як і прыметнікам: яны дапасуюцца да назоўнікаў у формах роду, ліку і склону, у сказе выконваюць функцыю азначэння. Практыкаванне 68. · Прачытайце тэкст. · Вызначце сродкі сувязі сказаў у тэксце. · Выпішыце лічэбнікі і вызначце іх разрад. · Назавіце словы, утвораныя ад лічэбнікаў. Да якіх часцін мовы яны адносяцца?
На першым этапе розыгрышу каманды-фіналісткі разбіты жэрабем на чатыры папярэднія квартэты. Пасля правядзення турніраў у адзін круг каманды, якія занялі ў групах апошнія месцы, адправяцца па дамáх. Па тры лепшыя зборныя кожнага квартэта выходзяць у другі этап. На ім фарміруюцца дзве шасцёркі. У іх прадстаўнікі папярэдняй групы «А» аб’ядноўваюцца ў кампанію з выхадцамі з групы «В». Аналагічная перагрупоўка праводзіцца для каманд з чацвёрак «С» і «Д». Важна ўлічваць, што ў залік аднакругавых турніраў другога этапа ідуць вынікі «першаэтапных» сустрэч выхадцаў з адной групы. На завяршальнай стадыі чэмпіянату адбудуцца стыкавыя паядынкі за месцы з пятага па восьмае (паміж камандамі, якія зоймуць трэцяе-чацвёртае месцы ў групах другога этапа), гульні адной другой фінала (гуляюць уладальнікі першых і другіх месцаў у групах па схеме «крыж-накрыж»), матч за бронзу і фінал. (Паводле С. Новікава.)
Магчыма, што ў культуры беларусаў адлюстравалася найстаражытнейшая агульначалавечая з’ява – супрацьстаянне двойкі (пары) як першаасновы фізіялагічнага выжывання і працягу роду і тройкі, якая ўвасабляла сабой не толькі канкрэтную колькасць (тры чалавекі, тры капы сена, трыпольная сістэма агратэхнікі), а і любое мноства, якое перавышала пару. Дадзеная версія мае права на існаванне, таму што і на другім дзесятку злічэння менавіта гэтыя лікі (дзесяць плюс два – дванаццаць і дзесяць плюс тры – трынаццаць) вылучаюцца найбольшым напружаннем супрацьстаяння. Знаёмства са шматлікімі гісторыка-этнаграфічнымі крыніцамі, з міфалогіяй і вусна-паэтычнай спадчынай беларусаў сведчыць, што найчасцей у іх фігуруюць лікі адзін, два, тры, чатыры, шэсць, сем, дзевяць, дванаццаць, трынаццаць, трыццаць тры і сорак. Прычым даволі часта сустракаецца выразная заканамернасць: тыя ці іншыя лікі маюць сваю пару (напрыклад, тры і дзевяць, шэсць і дзевяць, дванаццаць і трынаццаць). А вось лікі сем і сорак захоўваюць пэўную самастойнасць, адзіноту, быццам за імі хаваюцца таямніцы найбольш сакральных ведаў, нейкія ключы да універсальнага кода светабудовы. (Паводле Я. Крука.) Практыкаванне 69. · Прачытайце тэкст. Вызначце яго асноўную думку. · Выпішыце колькасна-іменныя спалучэнні, лічбы замяніце словамі. · Ад колькасных лічэбнікаў утварыце парадкавыя. · На марфалагічным ці фанетычным прынцыпе заснаваны правапіс выдзеленых слоў?
У клубе Усевалада Баброва трэба быць на высокім 4 месцы, маючы на рахунку больш за 430 шайб. А яшчэ ў лядовых бітвах з лепшымі прафесіяналамі НХЛ трэба так бліснуць на фоне першых зорак савецкага і канадскага хакея, каб усе адзінадушна прызналі ў ліку з самы-самых – Траццяк, Харламаў, Якушаў. (Паводле У. Дварцова.) · Адназначным ці мнагазначным з’яўляецца слова шайба? З якім значэннем яно ўжыта ў тэксце? · Вызначце род назоўніка медаль.
Акрамя таго, у адпаведнасці з інвентаром Ружанскага палаца 1793 г., у 2 яго асобных пакоях змяшчалася збраёўня, якая налічвала звыш 150 адзінак зброі, вырабленай у розных еўрапейскіх краінах і на Усходзе. Значнай была нумізматычная калекцыя Сапегаў, якая налічвала 1125 адзінак. У выніку секвестрацыі мастацкіх і іншых збораў шляхты, якая мела дачыненне да паўстання 1831 г., «сапежанскі збор» быў адпраўлены ў Эрмітаж і Акадэмію мастацтваў у Пецярбургу, у тым ліку больш за 300 карцін, дзесяткі мармуровых статуй, некаторыя з якіх упрыгожваюць Летні сад, а таксама 48 мазаік. Калекцыя старажытнай зброі і даспехаў трапіла ў Маскву. (Паводле А. Гужалоўскага.) · Растлумачце значэнне слоў інвентар, секвестрацыя, калекцыя, нумізмат.
У сярэдзіне крыжа ў 5 квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі: кроплі крыві Ісуса Хрыста, кавалачак крыжа Гасподняга, драбок каменя ад дамавіны Багародзіцы. Бакі святыні былі абкладзеныя 20 срэбнымі з пазалотамі пласткамі, а брыжы пярэдняга боку абведзеныя шнурком перлаў. На пластках выбіты вялікі тэкст з цікавымі гістарычнымі звесткамі. Перакладзем гэты тэкст на беларускую мову: «У лета 6669 (паводле сучаснага летазлічэння, 1161 г.) кладзе Ефрасіння святы крыж у сваім манастыры, у царкве святога Спаса. Дрэва святое бясцэннае, акова ж яго золата і срэбра, і камяні, і перлы на 100 грыўняў, а да… (пропуск) 40 грыўняў. І хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, і не аддаюць…» 40 грыўняў – мабыць, плата, якую атрымаў Лазар Богша. Гэта былі вялікія на той час грошы: прыкладна столькі плацілі за машчэнне 8000 локцяў (4000 метраў) драўлянай мастоўкі або за 160 лісіных шкур. (Паводле У. Арлова.) · Растлумачце значэнне слоў евангеліст, рэліквія, грыўня, локаць. Практыкаванне 70. · З прапанаваных лічэбнікаў і назоўнікаў утварыце колькасна-іменныя спалучэнні, з трыма з іх складзіце сказы.
|