Утварэнне прыналежных прыметнікаў
Прыналежныя прыметнікі, якія паказваюць на агульную, родавую прыналежнасць, утвараюцца з дапамогай суфіксаў – ач- (-яч-), - эч -: дзіцячы смех, старэчы ўздых, а таксама з дапамогай нулявога суфікса (з чаргаваннем дз: дж, к: ч у аснове): мядзведзь – мядзведжы, чалавек – чалавечы, воўк – воўчы. Практыкаванне 63. · Спішыце тэкст, раскрываючы дужкі. · Знайдзіце адушаўлёныя назоўнікі, утварыце ад іх прыналежныя прыметнікі. Да прыметнікаў падбярыце назоўнікі. · Знайдзіце ў тэксце тэрміны, высветліце іх значэнне. Тэкст № 1. Слава пазнаў Клару па чырвонай (шапачка) і чырвоным (світар). Лёгка і прыгожа ішла яна па бегавой (дарожка), заклаўшы рукі за спіну. І ён, які катаўся на агульным (пятачок), пазайздросціў яе (бег). Нічога не скажаш, цудоўна. Ды і не дзіва – першаразрадніца, чэмпіёнка (горад) сярод школьнікаў па (канькі). Яе кожны дзень трэніруе майстар (спорт). З месяц назад і Слава хацеў запісацца да гэтага (трэнер). Той вывеў Славу на ледзяную (дарожка) і скамандаваў: «Давай!» Слава рвануў колькі меў сілы, замахаў рукамі. Праехаў круг, спыніўся, азірнуўся, задаволены сваім бегам. Але трэнера на месцы не было. Сустрэла яго адна Клара. «Каб бегаць на каньках, трэба, дарагі таварыш, мець талент»,– перадала яна трэнераў прысуд. І, як здалося Славу, была нават рада, што ў яго няма гэтага (талент). Клара ішла пяты круг усё той жа размашыстай лёгкай (хада). Так ёй загадаў трэнер. Яе чырвоны світар пры набліжэнні да Славы нібы разгараўся ўсё ярчэй і ярчэй. Вось яна ўжо недалёка. Слава, які стаяў ля каната, сарваў з галавы шапку, памахаў ёй. Але Клара мільганула жар-птушкай, і невядома, убачыла яго ці не. (В. Хомчанка.) Тэкст №2. Для мяне Вольга Дзёмкіна – жанчына Легенды. Упэўнена, што праз колькі (час) паданнем зробіцца гісторыя Кахання яе (бацькі). Пасляблакадны Ленінград. Воін-вызваліцель і ледзьве жывая, у чым душа толькі трымаецца, дзяўчына. Ён пайшоў ваяваць далей, а яе, ужо жонку, адправіў да сябе на (бацькаўшчына), на Лепельшчыну, каб хоць трохі ачуняла. І яна ўвайшла ў ягоную сям’ю родным чалавекам. І аднаго за адным нарадзіла каханаму чалавеку чацвёра дзяцей. Тры дачкі і сына. Калі чакала апошнюю, Вольгу, траціла зрок – чорны знак блакады. А можа, гэта да самае глыбіні, да (боль) рабілася відушчаю душа яе дачкі? Чалавек, народжаны па вялікім каханні, мне здаецца, прыходзіць на (зямля), каб усімі сваімі ўчынкамі, (творчасць), самім сваім існаваннем нагадваць пра чутны толькі яму свет гармоніі, свет найвышэйшых (пачуцці)… Згадваю лірычныя, узнёслыя, летуценныя яе батыкі і габелены пачатку творчага (шлях). Лілеі, мякка акрэсленыя, вадою амытыя жаночыя постаці. Ластаўкі ляцяць вітаць сонца… Ляцелі, ляцелі і … апалілі крылы… Сёння ў творах Вольгі – адкрыты боль і роспач. Чорна-чырвоныя кветкі жалобы аплятаюць ногі. Не ластаўкі, крумкачы множацца ў небе… «Чорная быліна аб ненароджаных дзецях Палесся»… «Палыновая зорка»… «Узнясенне. 1930–1937». Душы-зоркі сплываюць у нябыт…(Паводле Г. Багданавай.) Тэкст № 3. У 1921 годзе ў Вільні, на (база) прыватнай калек-цыі беларускага (этнограф) і (археолаг) Івана Луцкевіча і іншых (матэрыялы) быў заснаваны Беларускі музей. Ён размяшчаўся ў (будынак) былога базыльянскага (кляштар). Зберагаліся багатыя калекцыі, у тым ліку: археалагічная з раскопак на Беларусі Яўстаха Тышкевіча, Луцкевіча і інш., сфрагістычная, нумізматычная; калекцыя (медалі, крыжы); зборы слуцкіх (паясы, дываны) Нясвіжскай і Гродзенскай (мануфактуры), беларускіх народных інструментаў, твораў народных (разьбяры), карціны мастакоў XVI–XVIII (стагоддзе), творы Язэпа Драздовіча. У калекцыі (рукапісы) захоўваліся ілюстраванае Жухавіцкае евангелле XIV cт., трэбнік Жыровіцкай царквы 1545 г., кітаб XVI ст., старажытныя беларускія граматы, статут брацтва ў Дзісне XVII ст., беларускія пераклады помнікаў сусветнай літаратуры. Зберагаліся кнігі XV–XVIII стагоддзяў з (друкарні) Вільні, Гродна, Еўя, Заблудава, Куцейны, Магілёва, Нясвіжа, Полацка, Слуцка, Кракава, сярод іх Трыёдзь каляровая 1491 г. Швайнпольта Фіёля, Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. братоў Мамонічаў. Сярод экспанатаў былі пячаткі полацкіх (князі) Усяслава і Барыса, галаснікі Каложскай царквы ў Гродне, сцяг паўстанцаў Лідскага павета 1863 г. Захоўваліся рукапісы пісьменнікаў XIX ст., твораў Цёткі, Янкі Купалы, М. Багдановіча. У (бібліятэка) музея былі зборы Луцкевіча і частка бібліятэкі Еўдакіма Раманава (больш за 14 тысяч тамоў). Пасля Вялікай Айчыннай вайны экспанаты перададзены ў музеі і бібліятэкі Вільнюса і Мінска. (Беларускі каляндар 1991 год.) · Растлумачце значэнне выдзеленых слоў. · Падрыхтуйце паведамленні пра І. Луцкевіча, Е. Раманава, Я. Драздовіча, Ш. Фіёля, братоў Мамонічаў. Практыкаванне 64. · Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. · Выпішыце прыметнікі, утвораныя пры дапамозе суфікса - ск -, растлумачце іх правапіс. · Ад выдзеленых назоўнікаў утварыце прыметнікі пры дапамозе суфікса - ск -. Звярніце ўвагу на правільнае вымаўленне гэтых прыметнікаў. Тэкст № 1. Наведаўшы пасля доўгага перапынку лядовы каток Палаца спорту, які з’яўляецца прытулкам беларускіх кёрлераў, адзначыў прыемную дэталь: на лёдзе запускалі камяні і актыўна працавалі шчоткамі не толькі дарослыя, але і моладзь, што яшчэ год назад выглядала б непраўдападобна. Так склалася, што ў нас кёрлінгам займаюцца больш ці менш забяспечаныя людзі, што негатыўна адбіваецца на агульным развіцці гэтага віду спорту. Бо чалавек, які ўжо нечага дасягнуў у жыцці, як правіла, перарос юнацкі ўзрост, значыць на яго плечы, акрамя спорту, ускладаецца шмат іншых праблем: асноўная праца, утрыманне сям’і і г. д. Тым больш праз некалькі год наступіць такі перыяд, які спартсмены называюць «крытычным узростам». Тады футбалісты вешаюць буцы на цвік, тэнісісты зачахляюць ракеткі, а кёрлеры вымушаны «хаваць камяні». Канечне, у тых жа Швецыі, Фінляндыі, Канадзе людзі гуляюць і да шасцідзесяці, але яны на пенсіі могуць сабе гэта дазволіць. Мы ж пакуль знаходзімся ў ар’ергардзе. Калі працягваць размову пра нашых геаграфічных суседзяў, то іх адносінам да кёрлінга можна толькі пазайздросціць. У Маскве кёрлерам выдзелілі асобную арэну, дзе ні хакеісты, ні канькабежцы не будуць «псаваць» лёд, у пецярбургскім інстытуце фізкультуры стварылі асобную кафедру «майстроў камянёў». Да таго ж у Расіі дакладна прагледжваецца так званая ўзроставая іерархія: ёсць юнацкія каманды, маладзёжныя, дарослыя. Ды і ў жаночага кёрлінга вельмі вялікі патэнцыял. У кёрлінгу няма нацыянальных зборных, і таму кожную краіну на чэмпіянатах свету і Еўропы прадстаўляюць пераможцы нацыянальных першынстваў. Так што наш чэмпіён прыме ўдзел у чэмпіянаце Еўропы ў групе «В», які стартуе 6 снежня ў Швейцарыі. На гэты турнір мы ўскладаем вялікія спадзяванні. Канечне, пра перамогу размова не ідзе, але з вялікай доляй упэўненасці можна казаць пра першы выйгрыш каманды Беларусі на першынстве кантынента. Бо на гэтым чэмпіянаце дэбютуюць такія краіны, як Латвія, Іспанія і Андора, чый вялікі шлях у кёрлінг толькі пачынаецца, і мы можам разлічваць на перамогі ў гульнях з гэтымі супернікамі. Хаця гэта будзе няпроста, бо мы някепска знаёмыя з нашымі латвійскімі калегамі і ведаем, што яны за апошні час прыбавілі ў майстэрстве. Што да іспанцаў і андорцаў, то, калі гэтыя калектывы правялі плённую падрыхтоўку ў французскіх клубах, яны папсуюць нямала нерваў не толькі нам, але і астатнім супернікам. (Спорт-кур’ер.) Тэкст № 2. Спалучэнне архітэктурных формаў італьянскага і нідэрландскага рэнесансу з мясцовымі будаўнічымі прыёмамі абумовіла самабытны характар беларускага дойлідства ў другой палове ХVІ – пачатку ХVІІІ стст. Да нашага часу ацалела адзіная рэнесансная ратуша ў Нясвіжы (1596). Яна мае прадольна-восевую структуру, якая складаецца з кампактнага прамавугольнага асноўнага аб’ёму і магутнай чацверыкавай вежы на галоўным тарцовым фасадзе. Яшчэ больш складаны працэс адбываўся ў культавым дойлідстве Беларусі, што было абумоўлена асаблівасцямі сацыяльна-рэлігійнага жыцця Вялікага княства Літоўскага. Распаўсюджанне каталіцызму прывяло да пашырэння ў сярэдзіне ХVІ ст. аднавежавага аднанефавага тыпу касцёла, які ўвабраў у сябе рысы готыкі і рэнесансу. Падобную готыка-рэнесансную структуру атрымалі шматлікія пратэстанцкія храмы другой паловы ХVІ ст. у Новым Свержані і Дзераўной, Заслаўі, Асташыне, Койданаве, будаўніцтва якіх было звязана з развіццём у Вялікім княстве рэфармацыйнага руху. Замест гатычных нярвюрных скляпенняў у іх з’яўляецца цыліндрычнае скляпенне з распалубкамі, стральчатыя абрысы праёмаў замяняюцца на паўцыркульныя, знікаюць контрфорсы, фасады атынкоўваюцца і атрымліваюць стрыманы ордэрны дэкор (прафіляваныя карнізы, ліштвы і парталы, рытмічна размешчаныя лапаткі або пілястры), што сведчыць аб пашырэнні ў мясцовым дойлідстве архітэктуры рэнесансу. Будынкі рэфармацкіх збораў вызначаюцца спецыфічнай кампактнасцю мас і стрыманасцю дэкору, што адлюстроўвае імкненне пратэстантаў да больш таннай і аскетычнай царквы. Гэтыя храмы яшчэ захоўвалі абарончыя функцыі і нярэдка дапаўняліся сістэмай умацаванняў. У Троіцкім касцёле ў Чарнаўчыцах рэнесансны фасад і ляпны лінеарны дэкор скляпенняў спалучаюцца з абарончай вежай каля алтарнай апсіды. Найбольш характэрным архітэктурным элементам мясцовага рэнесансу стаў дэкаратыўна-абарончы атык, які шырока выкарыстоўваўся як у палацавым, так і культавым будаўніцтве. (Т. Габрусь.) · Растлумачце правапіс складаных прыметнікаў. · Вызначце адрозненні ў значэнні слоў рэфармацыйны – рэфармацкі. Практыкаванне 65. · Пры дапамозе суфіксаў утварыце ад прапанаваных назоўнікаў прыметнікі. · Падбярыце да іх назоўнікі, словазлучэнні запішыце, растлумачце правапіс прыметнікаў. Чэх, Ірландыя, альпініст, дыван, веласіпед, глыбіня, гігант, юнак, радасць, індус. Француз, Галандыя, карціна, Парыж, габелен, мадэль, дойлід, класік, беларус, шкло. Магнат, Палессе, грамада, Добруш, асветнік, пасад, скляпенне, салон, гліна, ткач.
|