Утварэнне і ўжыванне дзеепрыслоўяў
Дзеепрыслоўі незакончанага трывання абазначаюць звычайна дадатковае дзеянне, якое адбываецца ці адбывалася адначасова з асноўным дзеяннем. Утвараюцца ад асновы цяперашняга часу дзеясловаў І спражэння пры дапамозе суфіксаў- учы, - ючы; ад дзеясловаў ІІ спражэння – - ачы, - ячы: яны каж-уць – каж- учы; любу‑юц-ца – любу- ючы -ся; гавор-аць – гавор- ачы; нос-яць – нос‑ ячы. Выключэнне: баяцца – баючыся, крычаць – крычучы, дрыжаць – дрыжучы, спяць – сплючы і некаторыя інш. Дзеепрыслоўі закончанага трывання абазначаюць закончанае дадатковае дзеянне, якое адбылося раней за асноўнае. Утвараюцца ад асновы інфінітыва або прошлага часу з дапамогай суфіксаў ‑ ўшы, - шы: даказа-ць – даказа -ўшы, аднес-ці – аднес -шы. У сказе дзеепрыслоўе абазначае дадатковае дзеянне той самай асобы ці прадмета, што ўтвараюць дзеянне, выражанае дзеясловам-выказнікам, да якога дзеепрыслоўе адносіцца: Кудлатыя нізкія хмары бясконцаю кудзеляю рассцілаліся на небе, сеючы халодным дажджом і дробным градам. (Я. Колас). Парушэннем літаратурнай мовы з’яўляецца ўжыванне дзеепрыслоўя і дзеяслова-выказніка, якія абазначаюць дзеянні розных асоб або прадметаў. Няправільна: Чытаючы творы пра ваенныя падзеі, сапраўды сціскаецца сэрца і пад. Практыкаванне 82. · Прачытайце тэкст. · Назавіце асноўнае і дадатковае дзеянне ў сказах. · Выпішыце дзеепрыслоўі і дзеепрыметнікі, вызначце і параўнайце іх граматычныя катэгорыі. Адзначце суфіксы.
Спакваля, пазнаючы азы адолення вышыні, Аляксей асвоіў «нажніцы». Ад паветранага пераступання планкі перайшоў да «хвалі», затым – да «перакату». Сяргей Панасавіч не гнаў вынікі, даючы хлопцу адчуць смак вышыні, уменне ўзяць яе па-рознаму. І толькі тады, калі Аляксей даволі тонка авалодаў гэтымі трыма спосабамі скачка, трэнер даў магчымасць яму перайсці на «перакідны». Сантыметры пайшлі ўверх, уздымаючы планку ўсё вышай і вышай, нарэшце дабраліся да той рыскі, за якой, праз дзесяць сантыметраў уверх, чырванеў жаданы рубеж многіх – два метры. (А. Камароўскі.) · Раскажце, якія віды спорту аб’ядноўвае лёгкая атлетыка.
Сучасны глядач прывык «чытаць» выяву, зыходзячы з жэстаў, позіркаў персанажаў, іх мімікі. У іконе гэтага няма. Святыя на іконах звычайна стаяць нерухома, захоўваючы спакой, твары без мімікі. Постаці плоскасныя, абліччы адчужаныя. Незвычайныя ў іконе адлюстраванні архітэктуры і пейзажу. Каб зразумець мову іконы, трэба ўспомніць перш за ўсё народныя ўяўленні аб колеры, гармоніі, прыгадаць мову народных казак, прытчаў, прымавак, прыказак. Сонца і Белы Свет былі сімвалам хараства, шчасця, дабрабыту. Слова «святы» паходзіць ад слоў «святло», «светлы». І сваіх святых іканапісцы малявалі ў іконах у арэоле залатога ззяння або з залатым вянцом над галавой – німбам. Залатое святло ў іконе сімвалізуе Боскае святло. Залацісты колер ствараў адмысловае асяроддзе – не плоскасць, не прастору, а нешта зыбкае, неакрэсленае. Азораны трапяткім полымем свечкі альбо лампады, свяшчэнны воблік то выступаў з гэтага фону, то зноў аддаляўся ў глыбіню, нараджаючы адчуванне таямнічасці, незвычайнасці. Сімвалічны ў іконе быў і колер адзення святых. Чырвоны колер альбо вішнёвы – сімвал Бога, Боскага агню, пакутніцтва, крыві. Сіні колер – колер неба і чысціні, колер Боскага ззяння, зялёны – сімвал юнацтва і квецені. Самае галоўнае, што збліжае абраз з народным мастацтвам,– гэта чыстыя, радасныя фарбы, дзіўная гармонія, абвостранае пачуццё рытму, дасканала знойдзеныя прапорцыі. Колеравая палітра іконы, як і ў народным мастацтве, сціплая, але даведзеная да дасканаласці. (А. Таланцава.) · Раскажыце пра беларускі іканапіс.
Начытаўшыся пра загадкі старажытнага свету, Я. Тышкевіч вырашыў грунтоўна разабрацца ў тыпах помнікаў на нашай зямлі, высветліць, ці ёсць тут якая заканамернасць і сувязь з культурай плямёнаў, што жылі на тэрыторыі Беларусі, і пачаў, як і большасць археолагаў, з даследавання курганоў. Працуючы шмат са сваімі знаходкамі, археолаг упершыню зрабіў дэталёвае апісанне каменных прылад працы: сякер, молатаў, кліноў, даў іх характарыстыку. У дадатку да кнігі «Археалагічныя даследаванні» змешчаны малюнкі найкаштоўнейшых прадметаў, знойдзеных у асноўным пры раскопках, што стала вельмі важным аргументам у методыцы даследаванняў, якая ў той час толькі зараджалася. (Паводле Г. Каханоўскага, А. Каханоўскага.) · Раскажыце пра дзейнасць братоў Тышкевічаў. Практыкаванне 83. · Спішыце тэкст, ад дзеясловаў, што ў дужках, утварыце дзеепрыслоўі, абазначце іх суфіксы.
Але спачатку хлопчык стаў актыўна займацца фізічнымі практыкаваннямі, (умацаваць) сілу духа і мышцаў. Адначасова шмат чытаў аб гульнях, вывучаў архіўныя дакументы. (Скончыць) універсітэт, ён асабіста адправіўся на зямлю старажытнай Алімпіі. (Вярнуцца) дадому, з натхненнем пачаў расказваць сябрам аб убачаным і пачутым. Вясной 1893 года Кубертэн адправіўся ў Міністэрства асветы Францыі, каб даказаць, што адраджэнне гульняў падыме аўтарытэт Францыі, што гэта справа гонару кожнага француза і яго, міністра, асабіста. У рэшце рэшт міністр, (пагадзіцца) з довадамі П’ера, дазволіў правядзенне на тэрыторыі краіны Сусветнага кангрэса па адраджэнні Алімпійскіх гульняў, які адбыўся 16 чэрвеня 1894 года ў актавай зале Сарбоны. (Заслухаць) даклад Кубертэна і (азнаёміцца) з распрацаванымі ім арганізацыйнымі высновамі алімпійскага руху, кангрэс 23 чэрвеня 1894 года зацвердзіў Алімпійскую Хартыю. На кангрэсе было вырашана правесці першыя Алімпійскія гульні сучаснасці ў Грэцыі, дзе яны калісьці нарадзіліся. А (адзначыць) выключныя заслугі П’ера дэ Кубертэна, другія гульні арганізаваць у 1900 годзе ў Парыжы. (Паводле У. Ягорычава.) · Растлумачце правапіс вялікай літары.
Не (здолець) ўвасобіць ў рэальнае жыццё свае грамадскія інтарэсы і справы, звязаныя з нацыянальным вызваленнем Беларусі, Казімір Альхімовіч стараецца ўсё ж духоўна абудзіць яго, уздзейнічаць на патрыятычныя пачуцці, (адкрываць) у сваіх жывапісных палотнах старонкі слаўнага мінулага. Адзін з лепшых твораў – «Пахаванне Гедыміна». Напісаная ў 1883 годзе карціна мела еўрапейскую вядомасць, атрымала высокія ўзнагароды на выставах у Пецярбурзе, Парыжы, Варшаве. Увагу мастака прыцягнуў і трагічны лёс Кейстута. У творы «Адпачынак Кейстута» выхаплены з жыцця князя толькі адзін момант, кароткі сон у часе цяжкага ваеннага пахода. Працягам гэтай тэмы ўспрымаецца палатно «Вітаўт ля магілы Кейстута», дзе Вітаўт, (сысці) з каня, стаіць нерухома, паглыблены ў свае думкі перад курганам, (даць) клятву вернасці ці помсты. (Паказваць) гераічных асоб беларускай даўніны, аўтар паглыбляецца ў іх душэўны стан. Таму невыпадкова найчасцей выбірае ўласцівыя для рамантыкаў абвостраныя сітуацыі, у якіх больш поўна і натуральна выяўляюцца ўнутраныя рухі чалавека. (Паводле М. Пяткевіч-Загідулінай.) · Растлумачце правапіс вялікай літары.
Беларуская народная вышыўка, (дасягаць) за шматвяковы перыяд развіцця высокай ступені дэкаратыўнага майстэрства, тым не менш бытавала выключна ў форме хатніх заняткаў, якія задавальнялі патрэбы сям’і. І толькі калі-нікалі, (улічваць) здольнасці і спрытнасць майстрыхі, вышыўка рабілася па просьбе аднавяскоўцаў і ў такім выпадку ператваралася ў сродак дадатковага матэрыяльнага заработку. (Паводле В. Фадзеевай.) · Растлумачце падвойнае напісанне літар у выдзеленых словах. Практыкаванне 84. · Спішыце тэкст, расстаўляючы знакі прыпынку. · Знайдзіце словы спецыяльнай лексікі, вызначце спосаб іх утварэння.
Прызнаюся не без душэўнай трывогі я пайшоў у майстэрню да Азгура там павінна быць тое святое святых у якім выказваецца самы высокі дух чалавека. Ён перш пачаў сам мне паказваць і тлумачыць замыслы кампазіцыі але ўгледзеў што гэта мяне скоўвае не дае дамысліць і пашукаць рашэння самому. Ён скінуў пінжак сеў на табурэтку і пачаў як некалі варажыць над раскрытаю глінянаю фігураю сям-там падмазваючы сям-там раўняючы стэкаю то падымаючыся і адыходзячы то зноў прысаджваючыся на табурэтку. (Паводле Я. Скрыгана.)
Практыкаванне 85. · Перакладзіце тэкст на беларускую мову. · Параўнайце ўтварэнне дзеепрыслоўяў у рускай і беларускай мовах. · Назавіце сродкі сувязі сказаў у тэксце.
Слоўнік
Уже ранние его работы написаны уверенной кистью мастера. Среди них – первый из множества автопортретов. Мунк писал их потом ежегодно, словно следя за тем, как на него воздействует время. Менялся не только он сам – менялась его живопись. Автопортреты без утайки, как на исповеди, повествуют о его жизни, тревогах, поисках, находках, разочарованиях. Один из биографов, обращая внимание на сходство черт Мунка и Леонардо да Винчи, отмечал, что оба обладали огромной силой воли, оба, далеко опередив свое время, остались чужими среди современников. (А. Грачева.) Слоўнік
Слоўнік
Тэст «Дзеяслоў» 1. Адзначце дзеясловы незакончанага трывання: 1) адкрыць, 2) падтрымліваць, 3) рашыць, 4) выкладаць, 5) выкарыстаць. 2. Адзначце дзеясловы, якія ў форме трэцяй асобы множнага ліку будуць мець канчатак - аць, - яць: 1) спадзявацца, 2) задавольвацца, 3) дагаварыцца, 4) залежаць, 5) гаварыць. 3. Адзначце дзеясловы, якія ў форме трэцяй асобы множнага ліку будуць мець канчатак - уць, - юць: 1) знайсці, 2) падказаць, 3) маляваць, 4) стаяць, 5) цярпець. 4. Адзначце дзеясловы, якія ў форме другой асобы множнага ліку абвеснага ладу маюць канчатак - еце: 1) знайсці, 2) падрасці, 3) смяяцца 4) пражыць, 5) выкінуць. 5. Адзначце дзеясловы, якія ў форме другой асобы множнага ліку абвеснага ладу маюць канчатак - яце: 1) гуляць, 2) забіраць, 3) несці, 4) ісці, 5) зберагаць. 6. Адзначце дзеясловы, якія ў другой асобе множнага ліку загаднага ладу пішуцца з мяккім знакам: 1) стан_це, 2) агледз_це, 3) правер_це, 4) адрэж_це, 5) вызнач_це. 7. Адзначце дзеясловы, якія маюць суфікс - ва -: 1) згад_ць, 2) стрымл_ць, 3) падпіс_ць, 4) разыгр_ць, 5) абнадзей_ць. 8. Адзначце дзеясловы, якія маюць суфікс - ава -, - ява -: 1) рад_цца, 2) загад_ць, 3) замарудж_ць, 4) крытык_ць, 5) даслед_ваць. 9. Адзначце дзеясловы, ад якіх можна утварыць дзеепрыметнікі, ужывальныя ў беларускай мове: 1) дрыжаць, 2) узнагародзіць, 3) вырасціць, 4) запрасіць, 5) смяяцца. 10. Адзначце дзеясловы, ад якіх нельга ўтварыць дзеепрыметнікі, ужывальныя ў беларускай мове: 1) заходзіць, 2) напісаць, 3) вывучыць, 4) навучыцца, 5) навучыць.
|