Прыслоўе
Прыслоўе – самастойная часціна мовы, якая абазначае прымету дзеяння ці стану, прымету якасці або прадмета: бегчы хутка, маляваць вельмі прыгожа, дом насупраць. Галоўная прымета прыслоўяў – іх нязменнасць: яны не скланяюцца і не спрагаюцца, не маюць канчаткаў, не ўтвараюць форм роду і ліку. Практыкаванне 86. · Прачытайце тэкст. · Знайдзіце прыслоўі. Вызначце, для чаго яны ўжываюцца ў тэксце. · Раскажыце, як яны ўтварыліся. · Дзе магчыма, падбярыце да прыслоўяў антонімы. Тэкст № 1. Палёт заўсёды прывабліваў чалавека. Спрадвеку, магчыма, самыя першыя людзі марылі лятаць, як птушкі. Падалі з царкоўных званіц, высокіх дрэў, гор. Адны разбіваліся, а тыя, хто цудам заставаўся жывы, траплялі пад суд: іх выганялі з гарадоў, а то і каралі смерцю. Я пра ўсё гэта міжволі думаў, назіраючы фінальныя спаборніцтвы зімовай Алімпіяды ў амерыканскім Солт-Лэйк-Сіці. Амаль дзве гадзіны нават на паўхвіліны не мог адвесці вачэй ад фрыстайлістаў. Прычына банальная. Сярод 12 лепшых спартсменаў, што трапілі ў фінал, трое былі беларусы. Дзмітрый Рак дамогся такога поспеху, дзякуючы найперш волі, жаданню і… натхненню. Ніколі раней ён не выступаў з такім імпэтам, ніколі не набіраў такіх высокіх балаў. Спадзявацца на выхад у фінал Дзмітрыя Дашчынскага было яшчэ менш шанцаў, чым на яго цёзку Дзмітрыя Рака. Дашчынскі – вопытны майстар. Але бяда ў тым, што ён за два тыдні да адказных спаборніцтваў зламаў ключыцу, не трэніраваўся. Пра Аляксея Грышына (ён стаў улюбёнцам гледачоў) гаварылі як пра фаварыта, як мінімум прэтэндэнта на медаль. У фінал ён выйшаў без асаблівых праблем, больш таго, абышоў свайго галоўнага канкурэнта Эрыка Бергуста. І вось фінал. Шалёны разгон, высокі скачок, перавароты ў паветры, тры з паловай секунды вольнага палёту. І ўсё трэба выканаць дакладна, без памылак, асабліва прызямленне. У фінале спартсмены скачуць па два разы. Ужо пасля першай спробы было зразумела, што нашы Дзімы – Рак і Дашчынскі – практычна на медалі разлічваць не могуць. Перадапошнім скакаў Аляксей Грышын. Атрымалася няблага, але не вельмі бліскуча. Ён апынуўся толькі на трэцім месцы. А яшчэ не выступаў яго асноўны канкурэнт. Павінна было здарыцца нешта экстраардынарнае, каб Грышын «зачапіўся» за бронзу. І, мусіць, лёс быў на баку Аляксея. Падчас прызямлення віцэ-чэмпіён Нагана Эрык Бергуст упаў. Канечне, шкада амерыканскага спартсмена, але як прыемна, што наш лятаючы лыжнік ўсё-такі атрымаў алімпійскі медаль і яго сябры па камандзе паказалі неблагі вынік. (Паводле В. Жывіцы.) · Чым абумоўлена ўжыванне некалькіх найменняў для абазначэння аднаго і таго ж чалавека – спартсмена Аляксея Грышына? Тэкст № 2. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі выстаўлена карціна Фердынанда Рушчыца «Ля касцёла». На карціне адлюстраваны касцёл у Вішневе, што непадалёк ад Багданава. Гэты будынак захапіў мастака сваёй самабытнай архітэктурай, даўнім аздабленнем і тым, што цудоўна захаваўся. Невыпадкова на працягу некалькіх гадоў касцёл быў сюжэтам многіх яго жывапісных і графічных прац. Кампазіцыі твора вертыкальная і сіметрычная. Гэта падкрэслена скіраванымі ўгару сілуэтамі дрэваў і пабудовай палатна на супастаўленні трох тонавых плямаў: дзвюх цёмных – узнесены да неба касцёл і прыкасцельная гаспадарчая пабудова – і аднаго светлага – сінь неба з велізарнымі кучавымі воблакамі. Пляма воблакаў нібы свеціцца знутры. Важную ролю ў стварэнні эмацыйнага настрою карціны адыгрывае жывапісная фактура палатна: мазкі, іх шчыльнасць, накірунак і велічыня. Шырокія, пастозныя, яны літаральна «лепяць» плоскаці і аб’ёмы. Фердынанад Рушчыц цудоўна перадаў прыроду ва ўсім яе багацці і дынамізме, такой, якой яна паўстае перад намі ў рэальнасці. Музыка, якую жывапісец чуў у сабе, выразна адчуваецца ў творы. Яе мастак перадаў і гледачу праз тонкае лірычнае гучанне нацыянальных беларускіх напеваў – трэба толькі ўмець пачуць. І, вядома, тут яскрава выяўляецца разуменне прыгожага, што спасцігаецца ў вялікім і малым, што знаходзіцца ў блізкім і простым. (Паводле Ю. Мішаковай.) · Прачытайце тэкст Г. Багданавай. Параўнайце апісанне карціны Ф. Рушчыца ў абодвух тэкстах. Імя Фердынанда Рушчыца – жывапісца, графіка, тэатральнага дэкаратара і педагога – выдатна вядомае не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Літве. Яго творы зберагаюцца ў лепшых калекцыях свету. Але ж мы стаім перад адною з лепшых яго карцін. І дзякуючы ёй прагнем спазнаць, якою ж была яна, апошняя вясна ХІХ стагоддзя? Давайце адарвёмся ад будзённасці і зробім крок за прастору палатна. Ну вось. Нарэшце. Мы ўжо там. Ля драўлянага вясковага касцёла... Каб наблізіцца да сэнсу твора, варта найперш зразумець яго кампазіцыю. Званіца і касцёл у Багданаве, мяркуючы па назве («Ля касцёла»), павінны былі зрабіцца сэнсавым цэнтрам палатна. Але што мы бачым у Ф. Рушчыца? Манументальныя, паводле мастакоўскага ўспрымання, збудаванні толькі акаймоўваюць, з двух бакоў замыкаюць прастору, скіроўваюць позірк гледача не на сам касцёл, а ўглыбіню – на далягляд і ўверх да неба. Касцёл і званіца – не хавальнікі, а толькі сведкі адкрыцця сутнасці. Узмацняе эфект фігура селяніна, які сядзіць на невялікім пагорку (самы першы план) спінаю да гледача. Ён бачыць тое ж, што і кожны, хто набліжаецца да карціны. Але зноў жа не займае цэнтр кампазіцыі. Чалавек быццам пасунуўся, каб не замінаць і нам углядацца, суперажываць з усімі людзьмі і Прыродай. Менавіта яна, наша прамаці і ўладарніца, абуджаная веснавымі промнямі, робіцца ў творы галоўнай дзейнай асобай. Не ўкленчыўшы, як тыя, хто сабраўся ля касцёла, на роўных размаўляе з ёю чалавек. Толькі нізкі пункт погляду ўсё ж падкрэслівае яе веліч і ўсемагутнасць. Валадарыць над усім неба. Да яго скіраваныя ўсе вертыкалі. Неба не спякотнае, не сухое, аблокі, што, быццам нагадваючы пра бег часу, імкліва сплываюць з ветрам, набрынялі вільгаццю, якую так чакае зямля. Тыя, хто павернуты да касцёла, бачаць толькі адбітак неба ў зашклёным рамбічным акенцы над уваходам. І толькі селянін, што сядзіць да нас спінаю, успрымае яго ва ўсёй велічы. Такім чынам, аб’ектам пакланення робіцца сама Прырода. Гэта вельмі натуральны для народнага светаўспрымання погляд на жыццё. На сярэднім плане, як і на заднім, выразна акрэсленыя гарызанталі. Месца канкрэтызаванае не толькі дакладнымі помнікамі дойлідства, але і самой мякка выгнутай лініяй далягляду. Міншчына, і ў прыватнасці Валожыншчына, якраз і вылучаецца сярод іншых рэгіёнаў Беларусі мяккім, натуральным перацяканнем пагоркаў, узлескаў. Асноўная лінія тут не роўная, як на Брэсцкім Палессі, а плаўная, хвалістая. Ф. Рушчыц вельмі любіў, добра ведаў свой бацькоўскі край. І ці не адсюль адвольнае валоданне самымі разнастайнымі ракурсамі (з лініі далягладу, ніжэй лініі далягляду, з вышыні птушынага палёту і г. д.), што вылучае яго сярод сучаснікаў... (Паводле Г. Багданавай.) Тэкст № 3. Слова кампазіцыя паходзіць ад лацінскага compositio, што значыць сачыненне, складанне, размяшчэнне. Разнастайныя кампазіцыйныя заканамернасці, такія, як сіметрыя або асіметрыя, цэласнасць, раўнавага, рытм і інш., мы пастаянна назіраем у прыродзе. Кампазіцыя ёсць ва ўсіх творах мастацтва – у дойлідстве, музыцы, літаратуры, кінафільмах. Кампазіцыя ў карціне – свайго роду канструкцыя, дзе выяўленчыя элементы аб’яднаныя ў адзінае гарманічнае цэлае. Яе характар заўсёды залежыць ад задумы мастака. Існуюць розныя яе тыпы, напрыклад, партрэтная, аднафігурная, шматфігурная і інш. Рухі, жэсты, размяшчэнне герояў на палатне абумоўлены сэнсам твора. Варта ўгледзецца ў карціну, удумацца ў яе, і тады становіцца зразумела, што ўсе элементы твора звязаны паміж сабой прадметнымі сувязямі, адзінствам сэнсу. У кампазіцыі карціны існуе пэўная іерархія элементаў. Так, асноўным элементам з’яўляецца сюжэтна-кампазіцыйны цэнтр. Менавіта ён выяўляе галоўны змест сюжэта. Слова «цэнтр» не азначае, што ён размяшчаецца непасрэдна ў геаметрычным цэнтры выяўленчай паверхні. Ён можа займаць і ўсё поле палатна, а можа знаходзіцца недзе збоку, унізе або наверсе...Важна, што ў ім засяроджаны асноўны сэнс сюжэта. Вылучэнне галоўнай часткі выявы мастак праводзіць пры дапамозе спецыфічных сродкаў – гэта можа быць, напрыклад, дынамічная група фігур, асноўная дзея, найбольш актыўны колеравы элемент і г. д. Глядач павінен шукаць у сюжэтна-кампазіцыйным цэнтры так званы сэнсавы вузел, дзе завязваецца сюжэт. Акрамя галоўных, існуюць і другарадныя элементы. Але яны таксама неабходныя для разумення сюжэта. Нярэдка яны дапаўняюць успрыманне асноўнай выявы пры дапамозе розных атрыбутаў, ствараюць пэўнае асяроддзе, агульную атмасферу. Такім чынам арганізуецца кантэкст, неабходны для разумення агульнай ідэі. (Паводле А. Атраховіч.) · Прачытайце папярэдні тэкст Г. Багданавай. Як аналізуе кампазіцыю твора аўтар?
|