Утварэнне дзеепрыметнікаў
Дзеепрыметнікі незалежнага стану прошлага часу ўтвараюцца ад асновы інфінітыванепераходных дзеясловаўзакончанага трывання з дапамогай суфікса - л -: абледзяне-ць – абледзянелая дарога, зарас-ці – зарослы сад (пашыраны ў мове); ад асновы інфінітыва пераходных і непераходных дзеясловаў закончанага трывання з дапамогай суфіксаў - ш -, - ўш -: пасвятле-ць – пасвятлеўшае неба, вырас-ці – вырасшая бяроза (такіх формаў, асабліва адзіночнага ліку мужчынскага роду, стараюцца пазбягаць, бо яны аманімічныя з дзеепрыслоўямі). Дзеепрыметнікі незалежнага стану цяперашняга часу ўтвараюцца ад асновы дзеясловаў цяперашняга часу незакончанага трывання + суфіксы - уч - (- юч -), - ач - (- яч -): хвалю-юць – хвалюючыя сустрэчы. Такія дзеепрыметнікі нехарактэрныя для беларускай мовы, яны сустракаюцца ва ўстойлівых тэрміналагічных спалучэннях, у пераважнай большасці яны страцілі дзеяслоўныя катэгорыі і перайшлі ў разрад прыметнікаў: неўміручы подзвіг, кіпучая кроў, гаручыя слёзы, гаючая крыніца, балючае пытанне, пякучы боль. Дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу ўтвараюцца ад асновыінфінітыва пераходных дзеясловаў закончанага трывання + суфікс - н - (ад дзеясловаў з асновай на - а, - я): напіса-ць – напісаны, засея-ць – засеяны; + суфіксы - ен -, - ан - (ад дзеясловаў з асновай на зычны і на галосны - і -, - ы -, - е -): прывез-ці – прывезены, падстрыгчы – падстрыжаны, напаі-ць – напоены, разгледзе-ць – разгледжаны; + суфікс - т -: вылі-ць – выліты, вышыць – вышыты. Такія дзеепрыметнікі шырока ўжываюцца ў мове, маюць кароткую форму. Дзеепрыметнікі залежнага стану цяперашняга часу ўтвараюцца ад асноў дзеясловаў цяперашняга часу, як правіла, пераходных дзеясловаў незакончанага трывання + суфіксы - ом - (- ем -), - ім - (‑ ым -). Гэтыя формы рэдкасныя ў беларускай мове, яны перайшлі ў разрад прыметнікаў: любімы твор. Зваротныя дзеепрыметнікі ў беларускай мове не ўжываюцца. Практыкаванне 77. · Прачытайце тэкст. Вызначце яго тэму, асноўную думку, тып маўлення. · Выпішыце дзеепрыметнікі, вызначце іх стан, час, род, лік, склон. · Абазначце, пры дапамозе якіх суфіксаў утварыліся дзеепрыметнікі. · Выпішыце дзеясловы, утварыце магчымыя формы дзеепрыметнікаў.
Худасочным, кволым хлопцам і дзяўчатам з тонкімі рукамі няма чаго тут рабіць. Праца з вяслом патрабуе вялікіх намаганняў, адно веславанне – гэта нагрузка ў 25 кілаграмаў. Часам да лодкі прывязваюць груз, цяжар на трэніроўках спрыяе таму, што пазбаўлены баласту спартсмен пасля развівае большую хуткасць. Трэнеры сцвярджаюць, што веславанне спрыяе ўсебаковаму фізічнаму развіццю чалавека. «Нашых спартсменаў, якія дасягнулі добрых вынікаў, прыемна і сфатаграфаваць – яны прыгожыя, гарманічна развітыя»,– хваляцца водныя настаўнікі. (А. Дзядзюля.) · Выпішыце тэрміны. Спартсмены якога віду спорту найчасцей іх ужываюць? Працягніце тэрміналагічны рад.
· Растлумачце значэнне выдзеленых слоў.
Каза была ў шэрым ваўчыным футры з вяхотным хвастом, у сушанай авечай масцы. Замест барады ў яе быў пук каласоў. Каза мэкала і спявала дураслівым голасам. Гэта была ўжо не забава, а важная справа, бо ад казы залежаў наступны ўраджай. Усім вядома, што душа нівы, каму пашанцавала яе ўбачыць, падобна на спрытную казу, якая бегае на задніх ножках. Такая ўжо істота. Спачатку ёй добра жыць, але потым жніцы жнуць жыта – і ўсё менш і менш застаецца месца, дзе магла б схавацца душа нівы. У адчаі яна хаваецца ў апошнюю жменю каласоў,– гэта і ёсць барада казла. Апошнюю жменю зразаюць асцярожна. Яна ляжыць пад абразамі і выходзіць з хаты толькі на каляды, прывязаная да галавы казла. Тут яна радуецца і вырашае зрабіць, каб людзям было добра. І людзі не кідаюць яе. Людзі трымаюць «душу» да вясны, вясной выносяць і асцярожна «адпускаюць», кладуць у высакаватыя зялёныя ўсходы. І зноў душа насяляе сваё царства, не даючы загінуць ніводнай расліне, а сама вольна ходзіць на задніх ножках па ўсіх абшарах прыдняпроўскіх ніў. (У. Караткевіч.) · Знайдзіце і запішыце як мага больш фразеалагізмаў са словам каза і вытворнымі ад яго. · Падрыхтуйце паведамленне «Вобраз казы ў вуснай народнай творчасці». Літаратура: Коваль У. У. Чым адгукнецца слова: фразеалогія ў павер’ях, абрадах і звычаях. Мн., 1994; Мокиенко В. М. В глубь поговорки. М., 1999. Практыкаванне 78. · Спішыце тэкст, утвараючы дзеепрыметнікі ад дзеясловаў у дужках. Абазначце суфіксы. · Падкрэсліце тэрміны–словазлучэнні. Растлумачце іх значэнне.
Варатар, распластаўшыся на зямлі, здаецца, усё яшчэ сіліўся (выцягнуць) рукой адбіць мяч. Хоць спінай адчувае, што мяч там, у варотах, ды і па выбуху стадыёна зразумеў, што на гэты раз не абярог, не засланіў сваю святыню... Не ўставаў і цэнтральны абаронца сапернікаў пасля адчайнага, але (запазніць) падкату ў штрафной. Доўгая брудная паласа пасля падзення на (разбіць) поле чарнела на рукаве яго белай футболкі. Чорны нумар на спіне, здавалася, наліўся нейкім цяжарам, і ці то ён, ці то скразны свіст ціснуў абаронцу к долу. Другі абаронца, закрыўшы рукамі вочы, стаяў як (укапаць). Суддзя бег да цэнтра поля, упэўнена паказваў на белы круг розыгрышу мяча. Арбітру спрабаваў нешта даказаць, забягаючы наперад, высокі (нападаць) гасцей. Але суддзя быў няўмольны. (А. Камароўскі.) · Напішыце невялікую замалёўку на тэму «Рэжысёры спартыўных спектакляў».
· Напішыце навуковае паведамленне на тэму «Барока ў беларускім мастацтве».
…Сакавік, прадвесне. Ажывае зямля пасля доўгага зімовага сну, вызваляючыся ад снегу, ад кайданоў холаду, прачынаюцца дрэвы, (сагрэць) веснавымі промнямі. Паглядзі ўважліва, як (напісаць) палатно. Яно быццам (саткаць) з асобных мазкоў, жывых, рухавых. Яны ўсе розныя – па велічыне, форме, па адценнях колеру, таўшчыні. Па-рознаму мастак піша мокры, цяжкі снег і зямлю, іначай (напісаць) неба і вада ў ручаіне. Кожны кавалачак ягонага «Сакавіка» (напоўніць) жыццём прыроды, яе дыханнем, яе вечнай зменлівасцю. Прырода знайшла ў асобе Бялыніцкага-Бірулі мастака, бясконца адданага ёй, цалкам (закахацца) у яе, удзячнага ёй, мастака, які здолеў у сваіх пейзажах перадаць самае патаемнае, што ёсць у прыродзе. (Паводле А. Таланцавай.) · Падрыхтуйце паведамленне на тэму «Вясна ў творах беларускіх мастакоў». Практыкаванне 79. · Прачытайце тэкст, растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку. · Раскажыце, у якіх выпадках адасабляюцца дзеепрыметнікі і дзеепрыметныя словазлучэнні. · Знайдзіце словы спецыяльнай лексікі, растлумачце іх значэнне.
У час кідкоў мяча галкіпер у зыходным становішчы выконвае адну з самых складаных функцый – вызначае магчымы напрамак палёту мяча, выбірае абарончае дзеянне і час яго пачатку для адбіцця кідка. Мяч, моцна пасланы ў адзін з верхніх вуглоў варот, адбіваюць хуткім вынасам рукі насустрач. Мячы, кінутыя бліжэй да варатара, можна парыраваць перадплеччам ці плячом. Усе кідкі, скіраваныя ў ніжнюю частку варот, галкіпер адбівае нагой, робячы кароткі ці доўгі выпад у бок мяча.
Паводле задумы аўтара мемарыяла скульптара Заіра Азгура на плошчы імя Якуба Коласа мелася быць прадаўгаватае, метраў на 45, азярцо, абрамленае дзікім каменнем. А ў цэнтры павінен узвышацца вялізны валун – глыба, на якой павіннна сядзець жывая, не меншая глыба – гэта сам Якуб Колас. У ансамбль павінны былі ўваходзіць і дзве дзвюхфігурныя групы – персанажы аповесці Я. Коласа «Дрыгва» і паэмы «Сымон-музыка». Задуманае мастаком было здзейснена. (Паводле А. Багданавай.)
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры збірае і паказвае рэчы, што расказваюць нашчадкам пра мінулае майстэрства і захапленні продкаў, іх уклад жыцця. На экспазіцыі, размешчанай у маляўнічым месцы, можна ўбачыць цэлыя этнаграфічныя комплексы, ансамбль з архітэктурных помнікаў канца ХVІІІ – пачатку ХХ ст., перавезеных з вёсак Цэнтральнай Беларусі, Паазер’я, Падняпроўя, Панямоння і іншых рэгіёнаў. Паказаныя на экспазіцыі матэрыялы – гэта не гістарычныя рэканструкцыі, не наглядныя дапаможнікі па этнаграфіі, а сапраўдныя творы мастацтва, у якіх раскрываюцца талент і працавітасць беларусаў, іх высокая культура побыту. (Паводле В. Малюшынай)
|