Звяздар.
Мы не самі прыйшлі, мы казу прывялі. А ну, козанька, пакажы на што ты здольная. (На сярэдзіну сцэны выходзіць Павадыр з Казой. Гучыць песня “Го-го-го, каза”. Каза танцуе пад песню.) Го-го-го, каза, го-го-го, шэра, Дзе рожкі дзела, на соль праела. Лезь, каза, на печ, пакажы чапец. Лезь, каза, на кут, пакажы хамут. Дзе каза рогам, там жыта стогам. Дзе каза хвастом, там жыта кустом. Дзе каза нагой, там жыта капой. Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць! (Каза валіцца на подлогу i прыкідваецца мёртвай.) Хлопец. Устань, козанька, расхадзіся, нашай Гаспадынечцы нізка пакланіся. Да саменькіх ножак, хай дасць піражок! (Каза крыху прыпадымаецца i паглядае.) Дзяўчына. Гаспадыня ў рэшаце бліны нам валачэ. Ключыкамі звякае, каморачку адапрэ. (Гаспадыня частуе калядоўшчыкаў.) Механоша. А за гэты піражок — каб на другі год каласок, а з таго каласка поўна бочка жыта нарасла. (Каза падымаецца.) Павадыр. Пакланіся ўсім: i старым, i малым. Закладай свае poгi, падбірай свае ногі. З гэтай хаты выхадзі, бяду гора вынасі. Уцякаюць хутчэй з гаспадаравых вачэй! (Каза кланяецца.) Звяздар. Дай божа табе, Гаспадынечка, i ў каморы, i ў аборы. Хлопец. А на стайні — вараныя коні! Дзяўчына. Конікі касаты — цялушачкі рагаты! Механоша. Авечачкі лахматы, а свіначкі віхраты.
|